На аэраэкспрэсе з Мінска ў аэрапорт можна будзе дабрацца за 30-35 хвілін, праект папярэдне ацэньваецца ў $150 млн, паведаміў міністр транспарту і камунікацый Беларусі Аляксей Аўраменка ў Савеце Рэспублікі, перадае БЕЛТА [1].
"Што датычыцца будаўніцтва чыгункі ў Нацыянальны аэрапорт Мінск, то мы прыступілі да падрыхтоўкі тэхніка-эканамічнага абгрунтавання праекта. Мяркуецца, што электрычка звяжа чыгуначны вакзал сталіцы з Нацыянальным аэрапортам Мінск. Плануецца, што аэраэкспрс будзе ў дарозе да аэрапорта 30-35 хвілін", - распавёў Аляксей Аўраменка.
Па словах міністра, папярэдне аб'ём інвестыцый у праект можа скласці каля $150 млн. "Больш дакладная лічба будзе ў сакавіку 2020 года пасля падрыхтоўкі тэхніка-эканамічнага абгрунтавання праекта", - дадаў ён.
Сёння прэм'ер-міністр Беларусі Сяргей Румас на сустрэчы з першым віцэ-прэзідэнтам Еўрапейскага банка рэканструкцыі і развіцця Юргенам Рыгтэрынкам прапанаваў ЕБРР удзел у праекце. Раней аналагічную прапанову ўрад зрабіў Сусветнаму банку.
Аляксей Аўраменка удакладніў, што адпрацоўваецца магчымасць удзелу ў праекце розных банкаў. Які з банкаў у выніку дапаможа звязаць сталіцу і аэрапорт, будзе залежаць ад умоў, на якіх яны будуць гатовыя супрацоўнічаць. З кожным банкам будзе абмяркоўвацца і доля праекта, якую яны гатовыя былі б прафінансаваць.
Спасылкі
[1] http://belta.by
[2] https://zviazda.by/be/tags/nacyyanalny-aeraport-minsk
[3] https://zviazda.by/be/tags/chygunka
[4] https://zviazda.by/be/tags/alyaksey-auramenka