Раней у Брэсце праходзіў навагодні баль толькі падчас студзеньскіх музычных вечароў. І танцавалі калядным вечарам людзі, блізкія да мастацтва па роду дзейнасці. Зараз пакладзены пачатак новай традыцыі, калі на баль запрашаюцца прадстаўнікі таленавітай моладзі рэгіёна. Найлепшыя навучэнцы і студэнты з многіх устаноў вобласці, якія вызначыліся поспехамі ў вучобе, творчасці, спорце, прыбылі ў харэаграфічную школу мастацтваў імя Пагодзіна.
З прывітальным словам да прысутных звярнуўся намеснік старшыні Брэсцкага аблвыканкама Генадзь БАРЫСЮК. Вечар пачаўся з урачыстага шэсця-паланэза. Потым пары закружыліся ў вальсе, які змянілі полька, французская кадрыля і іншыя танцы. Маладыя людзі рыхтаваліся да гэтага вечара, займаліся з харэографам, таму ў танцах сябе паказалі найлепшым чынам.
Цікава, што баль праходзіў у гістарычным будынку, які перажыў рэстаўрацыю. А памяшканне, у якім танцавалі пары ХХІ стагоддзя, так і называлася раней — бальная зала. Яе цудоўная акустыка зрабіла выступленне струннага квартэта выкладчыкаў Брэсцкага музычнага каледжа імя Р. Шырмы, асабліва яркім і запамінальным.
Святлана ЯСКЕВІЧ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/svyatlana-yaskevich
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/tags/bal
[4] https://zviazda.by/be/tags/brest
[5] https://zviazda.by/be/tags/novy-god