Чаму мы так захапляемся ўсходнімі календарамі, казкамі, чароўнымі персанажамі? Можа, мы проста не ведаем пра сваіх?! Між тым, народная фантазія насяліла Беларусь рознымі цуда-героямі. Адны і тыя ж вобразы могуць паўтарацца і ў замовах, і ў песнях, і ў казках. Адзінае, не хапае сюжэтаў пра нашых міфічных персанажаў, дык чаму б сучасным пісьменнікам не прыдумаць іх?
Уявіце вясковы двор, дзе ў кожнай пабудове сваё чароўнае насельніцтва: лазнік, пуннік, хлеўнік, гуменнік, еўнік. А колькі розных дробных нячысцікаў збіраецца нарабіць чалавеку шкоды — злыдні, шэшкі, стрыгі, лядашцікі, хохлікі ды іншыя. Каб усе гэтыя нячысцікі не палезлі ў хату, патрэбны быў хатнік, прычым нашыя продкі лічылі, што ў яго ёсць жонка і дзеці. І калі ў хаце стаяў грукат, казалі, што гэта вяселле дамавікоў. У доме спрабавалі гаспадарыць і малыя свавольныя кікімары, — яны хацелі капіраваць паводзіны гаспадынь, хапаліся за пакінутыя тканіну ці пражу, толькі нічога ў іх не атрымлівалася. Гаспадыні толькі наракалі на такіх памочніц.
Сваё насельніцтва было ў лясах, рэках, балотах. Некаторых нячысцікаў, нашы далёкія продкі прыдумалі, відаць, для таго, каб засцерагчы дзяцей ад небяспекі. Малым нельга было далёка адыходзіць ад дому, каб не патрапіць да хапуна ці таго ж балотніка. Наогул, усё лагічна — калі чалавек не рабіў дрэнных учынкаў, не шкодзіў людзям і прыродзе, не лез куды не трэба, нячысцікі яго не чапалі, а добрыя духі, наадварот, імкнуліся яшчэ і неяк дапамагчы.
Былі ў нас свае «кентаўры» — вазіла (яго ўяўлялі ў чалавечым абліччы і вопратцы, але з конскімі вушамі ды капытамі) і кумяльган (меў чалавечае цела, пакрытае поўсцю, конскую галаву). Першы даглядаў коней, падмешваў ім у корм карысныя зёлкі, каб жывёлы станавіліся дужэйшымі, другі ж, наадварот, шкодзіў, падсоўваў атрутныя расліны.
Беларускія русалкі не сядзяць выключна ў вадзе, а бегаюць па палях, лясах, гушкаюцца на арэлях, качаюцца ў жыце.
Нашы ваўкалакі не тэрарызуюць вёскі. Імі «станавіліся» чараўнікі, самагубцы, нябожчыкі, праз магілу якіх пераскочыла кошка, альбо людзі, якія, паміраючы, пра што-небудзь шкадавалі, альбо аб якіх хтосьці моцна плача і ўвесь час узгадвае. Часта ваўкалак працягвае ранейшыя справы, якімі займаўся, калі быў звычайным чалавекам. Так, сквапны гаспадар пералічвае грошы схаванага скарбу, нябожчык-мужык ходзіць да сваёй жонкі... Ваўкалакам можна было стаць па сваёй волі — перакінуцца праз уторкнутыя ў зямлю вастрыём уверх нажы. Калі ж нехта тыя нажы знясе — адваротнае чараўніцтва немагчыма. Злы чараўнік мог ператварыць у ваўкалакаў удзельнікаў цэлага вяселля.
Наогул, на Беларусі, паводле казак, чалавек мог ператварыцца не толькі ў ваўка, але і ў птушку, паўзуна, лісу, мядзведзя, тхара.
Цмокі (змеі) нашым продкам маглі сустракацца розныя — ці велізарных памераў, але надта лянівыя, ці працавітыя шаўцы ды краўцы, што жылі ў камянях і нават рабілі людзям рэчы. Часам цмокі ператвараліся ў прыгожых хлопцаў і лёталі да дзяўчат, альбо станавіліся вясёлкамі, што смокчуць ваду з ракі і перакідваюць яе на неба.
Не абышліся беларусы і без уласных асілкаў. Вялізныя дзецюкі, калі жылі на розных берагах ракі, як мячом, перакідваліся даўжэзнымі камянямі (сякерамі, жорнамі). У казках кінутая асілкам у неба булава гудзе так, быццам гром грыміць.
Ды і пра звяроў беларусы ўмелі складаць байкі. Напрыклад, мядзведзь раней быў чалавекам. Маўляў, нейкі дурань хацеў напужаць Бога, апрануў кажух поўсцю наверх, а пасля быў пакараны за няўдалы жарт. Па іншай версіі, чараўнік пакараў гультая, які краў мёд ад чужых пчол. Раней верылі, што мядзведзь дужэй за чорта, і калі якая хата зачаравана ці яе гаспадароў чакае няшчасце — мядзведзь можа дапамагчы. Калі пройдзе праз вёску, забярэ з сабой усе беды-няшчасці. Каб жа сам мядзведзь не нарабіў гаспадарцы шкоды, у некаторых вёсках яго задобрывалі, ладзілі свята Камаедзіцы.
Шанавалі раней і вужа. Той быццам заткнуў дзірку ў каўчэгу Ноя, якую прагрызла мыш. А часам яго лічылі за хатніка — і нават трымалі ў хаце пад печчу і ставілі яму малако. Удзячнае стварэнне ахоўвала дом ад грызуноў. А з'яўленне ў доме мышэй у вялікай колькасці лічылася дрэннай прыкметай.
Хоць было і такое ўяўленне, што ў выглядзе мышэй ноччу прыходзяць душы памерлых — даядаць пакінутыя на стале кавалкі хлеба. А яшчэ верылі, што мышы прыносяць дзеткам зубкі. Таксама дзе-нідзе думалі, што палявыя мышы ахоўваюць зерне, і на полі ім пакідалі апошнія каласы.
Але як вярнуць тыя міфы? Найперш чытайце дзеткам беларускія казкі. Напрыклад, у адной карова выступае апякункай дзяўчыны-сіраціны, у другой вы сустрэнецеся з казой-манюкай. А памятаеце, як вожык спаборнічаў у забегу з зайцам? У народных уяўленнях гэты звярок надзяляўся мудрасцю і кемлівасцю, мог разбіраца ў чароўных зёлках. А яшчэ калючы можа адганяць нячыстую сілу.
Шмат казак пра зайцаў, дзе абыгралі і яго доўгія вушы, і палахлівасць, і хуткасць. А раней у вёсках маглі расказваць і пра тое, чаму ў зайца маленькае сэрца: Бог ляпіў звярку доўгія вушы, а на астатняе матэрыялу не хапіла, нават прыйшлося кавалачак хваста адарваць, каб з яго выляпіць сэрца.
Паводле прыкметы, сустрэча з зайцам, калі чалавек толькі выправіўся ў дарогу, не нясе нічога добрага — лепш вярнуцца дахаты. Затое чалавеку пашанцуе, калі ён сустрэне ваўка. Шэры, паводле падання, быў створаны чортам з гліны. Сваё «дзецішча» чорт спрабаваў нацкаваць на Бога, ды толькі не ўдалося яго ажывіць. Тады сам Бог ажывіў ваўка і загадаў, каб той укусіў чорта.
Жывёлы былі задзейнічаны ў абрадах. (На Каляды хадзілі з казой, мядзведзем, буслом.)
Выявы звяроў знаходзяць у старажытных пахаваннях, з іх костак рабілі абярэгі і ўпрыгожанні, на ручніках — вобразы галубоў і пеўняў. А каго ўносяць у новы дом? Ката і пеўніка! Народная духоўная культура беларусаў вельмі багатая, даследчыкі занатавалі шмат песень, замоў, прыказак, прымавак, павер'яў, загадак. Трэба толькі навучыцца карыстацца (а можа, ганарыцца) гэтым.
Алена ДЗЯДЗЮЛЯ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/alena-dzyadzyulya
[2] https://zviazda.by/be/kaleydaskop
[3] https://zviazda.by/be/tags/ushodniya-kalendary
[4] https://zviazda.by/be/tags/charaunictva
[5] https://zviazda.by/be/tags/kazki