Зберагальнікам ідэі дзяржаўнай незалежнасці на працягу ўсёй сваёй 90-гадовай гісторыі застаецца часопіс “Беларусь. Belarus”, які працуе ў творчым і вытворчым тандэме з газетай “Голас Радзімы”
На юбілейную ўрачыстасць у Прэс-цэнтр мінскага Дом прэсы (у гэтым будынку на 9‑м, найверхнім паверсе па вуліцы Багдана Хмяльніцкага, 10 А знаходяцца рэдакцыі — як газеты, так і часопіса) прыйшлі сябры выдання, героі публікацый, былы супрацоўнік часопіса Алесь Гібок-Гібкоўскі. Мадэратарам зацікаўленай размовы пра няпросты лёс часопіса, ягоную важную ролю ў гісторыі, культурным жыцці Бацькаўшчыны, наладжванні сувязяў з іншымі краінамі быў Павел Сухарукаў — дырэктар-галоўны рэдактар Выдавецкага дома “Звязда”, пад дахам якога выданні цяпер маюць магчымасць развівацца далей.
Супрацоўнік Амбасады Узбекістана ў Беларусі Даніяр Абідаў лічыць надзвычай важным, што часопіс “Беларусь. Belarus” спрыяе паглыбленню сяброўскіх сувязяў з рознымі краінамі. Ён і сам быў героем грунтоўнай публікацыі, удзячны журналістам за глыбокія матэрыялы, спецвыпуск, прысвечаны беларуска-ўзбекістанскім стасункам. Прадстаўнікі Вялікага тэатра Валеры Гедройц і Таццяна Аляксандрава лічаць: вялікая ўвага на старонках выдання да жыцця ў тэатры, прэм’ер, вядомых людзей мастацтва цалкам апраўданая. Свае віншаванні перадаў юбілярам і акадэмік Уладзімір Кульчыцкі, які добра знаёмы з часопісам яшчэ з 90‑х: тады ягоны стрыечны брат-навуковец Уладзімір Агіевіч друкаваў у часопісе артыкулы, прысвечаныя Францыску Скарыне.
Цікавамі ўспамінамі пра амаль 8 гадоў працы ў часопісе (з 1996‑га) падзяліўся пісьменнік, журналіст Алесь Гібок-Гібкоўскі. А ўпрыгожвалі імпрэзу музыкай, спевамі сябры абодвух выданняў з дзіцячага фальклорнага гурта “Дударыкі”, які сёлета ўшанаваны спецыяльнай прэміяй Прэзідэнта дзеячам культуры й мастацтва. Кіраўнік гурта Дзмітры Ровенскі ўдзячны журналістам за ўвагу да той важнай справы, якой ён з аднадумцамі займаецца больш за 50 гадоў. Пра якую Беларусь пішуць, расказваюць журналісты выдання, гаварылі галоўны рэдактар часопіса Віктар Харкоў, адказны сакратар Валянціна Ждановіч. Фотарэпартаж нашых калег з “СБ” пра імпрэзу можна паглядзець тут https://www.sb.by/artіcles/khranіtel-іdeі-nezavіsіmostі-zhurnal-belarus-belarus-otmechaet‑90‑letnіy-yubіley.html, а невялічкі відэасюжэт — на канале АНТ https://ont.by/news/zhurnalu-belarus‑90‑let
Ад самага стварэння ў 1930 годзе часопіс пранёс нязмененай сваю назву “Беларусь”: нібыта зберагаў высокую ідэю дзяржаўнай незалежнасці, якая ў нашым часе атрамала сваё яркае ўвасабленне.
Іван Ждановіч, былы намеснік галоўнага рэдактара часопіса “Беларусь”.
Фота SB.BY.
Спасылкі
[1] http://zviazda.by/sites/default/files/gr-03-2020-low.pdf
[2] https://zviazda.by/be/tags/gazeta-golas-radzimy