Ёгурт разладу цi што iншае?
Крама «Страла», што на праспекце Кастрычнiка ў Гомелi. На другiм паверсе продаж прамысловых тавараў, на першым — харчовых, дзе адразу на ўваходзе «разляглася» рэклама: 6, 7 i 8 лютага — «чорная пятнiца». Знiжкi, значыць.
Я зайшоў туды па пакупкi сёмага чысла i ўпэўнiўся, што знiжкi на самай справе былi значныя i гэта прыцягвала людзей. Не скажу, што было iх там цэлае мора, але дзве касiркi ледзь спраўлялiся з работай.
Звярнуў увагу на дзяўчынку, вiдаць, трохгадовага ўзросту, якая стаяла каля палiцы з прысмакамi i нацэльвалася пальчыкам на блакiтны слоiк ёгурту, не адыходзячы адтуль некалькi хвiлiн. Мацi тым часам знаходзiлася ў разлiковай чарзе i клiкала дачку да сябе. А дзяўчынка моўчкi ўпарцiлася, не iшла туды. I тады мама вярнулася да яе i з лагоднымi словамi: «У нас жа, Тася, дома ёсць ёгурт», — хацела забраць яе да сябе, як тая прамовiла: «А я яшчэ хачу!» I мацi толькi сабралася задаволiць яе просьбу, як да iх падляцеў такога ж, а можа, трохi большага ўзросту хлапчук i выхапiў з палiчкi ёгурт коштам 79 капеек.
Тут жа раздаўся рэзкi крык яго мацi:
— А ну, пакладзi на месца!
Хлапчук засунуў ёгурт у кiшэню, але яна вырвала адтуль яго руку i ўдарыла па ёй. Ёгурт застаўся там жа, i хлапчук заплакаў. Не спынiўшыся на гэтым, яна пачала матляць яго туды-сюды. I тады мацi Тасi сказала дачушцы: ты не хочаш падарыць хлопчыку ёгурт? I тая моўчкi кiўнула галоўкай: хачу.
Гэта выклiкала такую злосць у мацi хлапчука, што яна не толькi з падвоенай энергiяй стала матляць яго, але i абрушылася на маму Тасi:
— Не лезь куды не трэба! У мяне свой метад выхавання! Без тваiх падачак абыдуся!
Тут i я не сцярпеў, заўважыўшы ёй, што жанчына нiчым яе не пакрыўдзiла, не абразiла, а хацела зрабiць добрую справу, i пачуў:
— I ты, дзед, таксама не лезь куды не трэба.
Яна выцягнула з партманета рубель i пагардлiва кiнула яго ў кошык Тасiнай мамы, сказаўшы з'едлiва пры гэтым: «А рэшта табе на калготкi». I, шмаргануўшы сына за рукаў, пацягнула яго з крамы, мiнаючы касу. А той дарогай ударыў нагой шчанюка, якога на почапе трымаў нейкi хлапчук каля самага выхаду. А жанчына, закурыўшы на ганку цыгарэту, рушыла на тралейбусны прыпынак.
— Што з яе возьмеш? — прамовiла бабулька, якая ўсё гэта бачыла. — Як яна ўжываецца з мужам?
— З нашага дома яна, — уключылася ў размову другая жанчына. — Муж цярпеў-цярпеў яе ды збег.
А мне падумалася: дзе выхоўвалася гэтая, мiж iншым, сiмпатычная малодка? Адкуль у яе столькi злосцi i непавагi да людзей? Якi прыклад падае яна свайму дзiцяцi? I як будзе адносiцца да яе сын, калi вырасце i не будзе такi бездапаможны, як цяпер?
Фота: scanport.ru
Эксперымент з аплявухамi
— Я не бачу прычыны, каб не прыняць яшчэ па адной, — Сяргей Васiлевiч запытальна зiрнуў на свайго напарнiка Пятра Iванавiча.
— А хто супраць? — весела адазваўся той i тут жа булькнуў спiртнога ў два кiлiшкi. Але свята жыцця парушылi мiлiцыянеры, якiя падышлi да лаўкi каля лазнi, на якой уладкавалiся прыяцелi, i нагадалi, што распiваць спiртное ў грамадскiм месцы забаронена.
Падалiся да Пятра Iванавiча дамоў — жонка, Любоў Паўлаўна, дазволiла.
— Выбiраў яе не ў карагодзе, а ў агародзе, — хвалiўся ён. — У адной вёсцы раслi. З юнацкiх гадоў ведаю. Працавiтая вельмi. Але дужа раўнiвая. Крыксай становiцца, калi западозрыць мяне ў сiмпатыi да якой-небудзь маладзiцы.
Алкаголь памалу браў сваё, i Сяргей Васiлевiч неяк спахмурнеў, разнюнiўся i пачаў жалiцца, што яго жонка, Людмiла Ягораўна, хоць i любiць яго моцна, а вось чамусьцi нiколi не раўнуе. А ёсць жа за што, ёсць. А ў яе нi грама рэўнасцi няма, хоць ты плач.
— У народзе кажуць: усе чэрцi адной шэрсцi, — запярэчыў гаспадар. — Аднолькавыя, значыць. А ў бабскай душы — не адна песня. То-бок у кожнай жанчыны каханне пульсуе, а рэўнасць фантанам б'е, калi правiнiшся. Твая Людмiла Ягораўна — не выключэнне. Хочаш — праверым.
— Хачу. Хачу даведацца, якая яна ў рэўнасцi.
Узрост у абодвух мужыкоў пенсiйна-паважаны, i яны ва ўсiх сваiх учынках i дзеяннях, здаецца, павiнны быць салiдныя. Але ж у дадзеным канкрэтным выпадку гэта не спрацавала. Цi то алкаголь сцебануў па iхняй мазгаўнi, цi то ў iхнiх душах успыхнула былая хлапечая дураслiвасць, толькi яны тут жа вырашылi правесцi над Людмiлай Ягораўнай эксперымент. I вось што з гэтага атрымалася.
...Яна, як заўсёды (калi вярталася з работы), зайшла ў перадпакой кватэры цiхенька, без стуку i груку, i скрозь спецыяльна прыадчыненыя мужыкамi, якiя перамясцiлiся да iх у кватэру, дзверы на кухню — каб кантраляваць час яе прыходу — пачула прыглушаны голас мужа:
— Пекная маладзiчка, скажу я табе. У самай расквiтнеўшай жаноцкасцi. Гнуткi стан, прывабныя ямачкi на шчочках. Усё пры ёй. Самы цымус.
— А якiя багатыя грудзi! — гэта ўжо голас Пятра Iванавiча. — Як у расiйскай пявуннi Семяновiч.
— Ды не, куды большыя. Калi выйшла яна ў фае да гардэроба, каб адпачыць пасля лазнi, i кiнула, я гэта засёк, прызыўны позiрк на мяне, дык я вырашыў: маёй каханкай будзе. Перамог сваю нясмеласць i падышоў да яе.
— I што ж?
— Ды ты сам бачыў. Пастаялi, пагутарылi. Удава, сорак восем гадоў ёй. Адна ў двухпакаёўцы жыве. Недалёка ад мяне.
— Мабыць, i адрас дала?
— А як жа! I нумар тэлефона. Прадчуваю: гульня будзе яшчэ тая. Мужык я не зношаны. Ёсць яшчэ порах.
— Бог не без лiтасцi, казак не без шчасця, — як бы падвёў рысу пад пачутым Пётр Iванавiч. — Дзейнiчай. Удачы табе. Булькнi ў апошнюю сёння чарэнцыю.
Слухаць далей мужыкоў у Людмiлы Ягораўны не хапiла нi сiл, нi цярпення. Сабраўшы ўсю волю ў кулак, стукнула дзвярыма i пайшла на кухню. Прывiталася, спытала, можа якой закусi iм дабавiць, ды мужыкi адмовiлiся. Госць падаўся дадому. Гаспадыня не стала высвятляць адносiны з мужам па гарачых слядах. Пракруцiўшы ўсё саракагадовае сумеснае жыццё з мужам, згадаўшы ўсё добрае i не вельмi добрае (чаго толькi ў сям'i не бывае), яна апынулася на раздарожжы: верыць пачутаму цi не? А што, калi Сяргей Васiлевiч з п'яных вачэй вырашыў пахвалiцца перад сябрам: маўляў, вось якi я! Таму, каб у сваiм гневе не нарабiць памылак, вырашыла прасачыць за мужам, якi на некаторыя тэлефонныя званкi пачаў адказваць не так, як звычайна, а абмяжоўваўся аднымi i тымi словамi: «так», «не», «я патэлефаную сам», «маю на ўвазе» i г. д.
Некалькi разоў слухаўку падымала сама гаспадыня, i сувязь у ёй адразу ж абрывалася. I гэта, вядома, пасiльвала падазронасць у нявернасцi мужа, але сваiмi паводзiнамi жанчына нiчым не выказвала яе. Чакала больш пераканаўчых аргументаў. I адзiн з iх неўзабаве з'явiўся. А менавiта: у паштовай скрынi выявiла пiсьмо да мужа без зваротнага адраса. Не вытрымала, прачытала яго. Божа ты мой! Словы кахання i запрашэнне прыйсцi ў госцi.
Такiм чынам, у руках жанчыны апынуўся «казырны туз», якiм яна магла б пабiць усе карты мужа, усе яго прыдуманыя апраўданнi, доказы адваротнага i г. д. Але рабiць гэта яна не стала, пiсьмо тое апусцiла ў тую ж скрыню i вырашыла чакаць, што будзе далей.
Пад вечар Сяргей Васiлевiч схадзiў унiз па пошту, камусьцi патэлефанаваў i сказаў Людмiле Ягораўне, што пойдзе падыхаць свежым паветрам. Яе ж з сабой не запрасiў. А яна, як той казаў, следам за дзедам назiркам. Што не прайшло па-за яго ўвагай. Улучыўшы зручны момант, Сяргей Васiлевiч зашыўся ў натоўп людзей на тралейбусным прыпынку, а потым узяў курс да сябра, ды тры гадзiны гуляў з iм у шахматы.
А калi вярнуўся дадому, то з жахам убачыў каля дзвярэй кватэры свой чамадан. I колькi потым нi енчыў перад тымi дзвярыма, каб жонка выслухала яго, бо, маўляў, здарылася недарэчнасць, колькi нi ўмольваў яе, усё было дарэмна. Начаваць яму давялося ў Пятра Iванавiча.
А назаўтра Любоў Паўлаўна, якой мужыкi ва ўсiм прызналiся, назвала iх дурнiламi i павалакла з сабой «эксперыментатараў», якiя плялiся «падтулiўшы хвасты», да Людмiлы Ягораўны. Выслухаўшы вiзiцёраў, тая дала Пятру Iванавiчу аўтаручку i прымусiла яго пад яе дыктоўку напiсаць некалькi сказаў на аркушы паперы. I калi па почырку ўпэўнiлася, што гэта яго рукой было напiсана тое пiсьмо, i здагадаўшыся, якiя намеры мелi «эксперыментатары», шырока размахнулася i... з усяе сiлы ўрэзала поўху спачатку яму, пасля свайму мужу.
Затым апусцiлася на канапу i горка заплакала. А Пётр Iванавiч прагугнiў Сяргею Васiлевiчу:
— А ты не верыў, што ўсе чэрцi адной шэрсцi i што ў бабскай душы не адна песня. I яшчэ — твая жонка ў рэўнасцi куды круцейшая, чым мая.
Уладзiмiр Пернiкаў
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/uladzimir-pernikau
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/tags/zhyccyovinki