Жыхар Верхнядзвінска напаў на фельчара і разграміў машыну хуткай дапамогі, якая прыехала да яго, паведамляе БЕЛТА [1].
Позна ноччу ў Верхнядзвінскую раённую бальніцу паступіў званок, што адзін з наведвальнікаў мясцовай піцейнай установы упаў і разбіў сабе галаву.
На выклік выехала брыгада хуткай дапамогі, якая забрала пацыента. Ім аказаўся 50-гадовы вадзіцель аднаго з полацкіх аўтапаркаў. "У машыне па дарозе ў медустанову мужчына стаў праяўляць агрэсію да жанчыны-фельчара. Ён заломліваў ёй руку і хапаў за шыю. Напалоханы медык папрасіла кіроўцу спыніцца і перасела ў кабіну", - распавёў афіцыйны прадстаўнік УУС Віцебскага аблвыканкама Віталь Сапроненка.
Калі машына хуткай дапамогі працягнула свой шлях, хуліган стаў біць шкло, якая аддзяляла салон ад кабіны. Працягнуў хуліганіць мужчына і ў прыёмным пакоі бальніцы. Ён пашкодзіў дзверы і зноў стаў нападаць на фельчара. Медыкі выклікалі праваахоўнікаў.
Толькі супрацоўнікі міліцыі змаглі супакоіць жыхара райцэнтра. Высветлілася, што мужчына знаходзіўся ў стане алкагольнага ап'янення (1,3 праміле). У дачыненні да яго следчыя распачалі крымінальную справу.
Прэв'ю: мтв.онлайн
Спасылкі
[1] https://www.belta.by/incident/view/zhitel-verhnedvinska-razgromil-skoruju-kotoraja-priehala-emu-na-pomosch-386474-2020/
[2] https://zviazda.by/be/tags/verhnyadzvinsk
[3] https://zviazda.by/be/tags/zdarenne