Віртуальныя сэрвісы даўно даступны карыстальнікам Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі. Можа, самы час «пайсці» ў галоўную кніжніцу краіны, каб, напрыклад, напісаць курсавую ці дыпломную работу?
Даведачныя службы «Спытай бібліятэкара», «KОРУНБ: міжнародная віртуальная даведачная служба» і «Віртуальны цэнтр прававой інфармацыі» дапамогуць атрымаць бясплатную кваліфікаваную дапамогу. А праз «Віртуальны цэнтр па дзейнасці міжнародных арганізацый» адкрыты свабодны доступ да інтэрнэт-рэсурсаў міжнародных арганізацый і іх дакументаў.
Даступны анлайн і электронныя інфармацыйныя рэсурсы. Базы даных рознай тэматыкі забяспечваюць доступ да падборак электронных кніжніц, архіваў, анлайн-энцыклапедый і розных пошукавых сістэм. Рэсурсы Нацыяналкі, арганізацый-партнёраў і ліцэнзаваныя рэсурсы сусветных вытворцаў даступны не толькі з бібліятэкі. Незалежна ад месцазнаходжання і часу сутак любы карыстальнік можа знайсці патрэбныя яму кнігі, перыёдыку, ноты і інш.
Варта звярнуць увагу і на платныя паслугі. Служба «Электронная дастаўка дакументаў» дазваляе атрымаць лічбавыя копіі фрагментаў дакументаў з фондаў кніжніцы. З дапамогай сэрвісу «Складанне спіса літаратуры па тэме» можна замовіць прафесійны пошук неабходнай літаратуры. А паслуга «Рэдагаванне бібліяграфічнага спіса для навуковай работы» дазваляе аформіць заказ і атрымаць яго па электроннай пошце. Тэксты дысертацый, курсавых і дыпломных работ, рэфератаў, артыкулаў можна праверыць на арыгінальнасць на сэрвісе «Праверка тэкставых дакументаў на запазычанні».
Міра ІЎКОВІЧ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/naviny