Аляксандр Лукашэнка запрасіў усіх кіраўнікоў дзяржаў, прынамсі былога Савецкага Саюза, прыехаць у сталіцу Беларусі і пабыць на парадзе 9 Мая. Пра гэта ён заявіў [1] падчас наведвання палігона для выпрабаванняў мабільных машын НАН Беларусі.
“Будзем спадзявацца, што хтосьці прыедзе. Ну, не прыедуць — мы самі правядзем парад, як звычайна. Гэта я кажу пра вярхі, а звычайных людзей будзе дастаткова з усіх рэспублік на гэтым парадзе”, — перасцярог кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка перакананы: сёлета правільна было б сабрацца ў Мінску.
“Гэта рэспубліка, якая была са свету згладжаная, першай прыняла ўдар, дзе кожны трэці загінуў, а старыя і дзеці, якія засталіся, амаль чатыры гады жылі ў балотах, у лясах, зямлянках. Гэта самая пацярпелая рэспубліка! Гэта на сённяшні дзень жывы помнік той жорсткай вайне — і тут трэба было сабрацца. А тым больш зараз”, — падзяліўся Прэзідэнт.
На думку Лукашэнкі, некаторыя могуць не прыехаць нават не з-за боязі чагосьці, а проста таму, што “трэба захаваць твар”, бо ўвялі каранцін і каменданцкую гадзіну.
“Парад мы правядзем, як бы ні было складана. Трэба папрасіць расійскае тэлебачанне (гэта ж нашы браты, родныя; яны ўсе, працэнтаў дзевяноста, задаволены, што хоць бы ў Беларусі пройдзе гэты парад) паказаць наш парад расіянам. Гэта таксама адпаведны тэст на сяброўства”, — упэўнены Прэзідэнт.
Ён дадаў, што цяпер пандэмія ў тым ліку выкарыстоўваецца ў якасці фактару ў вялікай палітыцы. "А ці тое яшчэ будзе пасля таго, як яна скончыцца", — адзначыў беларускі лідар.
Варвара МАРОЗАВА
Прэв'ю: БелТА
Спасылкі
[1] http://www.zviazda.by/be/news/20200505/1588664375-lukashenka-aznayomicca-z-aychynnymi-raspracoukami-u-sfery-elektratransparta
[2] https://zviazda.by/be/tags/aliaksandr-luka%C5%A1enka
[3] https://zviazda.by/be/tags/parad