Работа дзіцячых паліклінік, гэтак жа як і дарослых, змянілася з-за распаўсюджвання каранавіруснай інфекцыі. Бескантактавае вымярэнне тэмпературы на ўваходзе, раздзяленне патокаў наведвальнікаў, выязныя брыгады для лячэння COVІD-хворых дома — усё гэта яшчэ нейкі час будзе нашай рэальнасцю. Як лечаць дзяцей з каранавірусам (якія, дарэчы, пераносяць гэту інфекцыю нашмат лягчэй, чым дарослыя), чаму некаторыя сем'і даводзіцца наведваць з міліцыяй і як удаецца пераканаць падлеткаў выконваць правілы самаізаляцыі, мы даведаліся, завітаўшы ў 3-ю гарадскую клінічную дзіцячую паліклініку Мінска.
На ўваходзе пацыентам вымяраюць тэмпературу.
Першыя кантактныя пацыенты — студэнты БНТУ
Перад будынкам, як і заўсёды, шматлюдна — мамы ці таты з каляскамі, самакатамі і, зразумела, з самімі маленькімі пацыентамі. Медыцынская сястра на ўваходзе вымярае тэмпературу як дзецям, так і бацькам. Наведвальнікі ставяцца да такой меры з разуменнем, хіба што ўдакладняюць: 36,6? Хол перад ліфтамі ўпрыгожваюць падзякі медыкам — лісты і паштоўкі ад бацькоў, настаўнікаў і проста нераўнадушных. «Дзякуй за вашу працу! Вы — героі на ўсе часы!» — ад гэтых простых слоў да горла падступае камяк, і мы накіроўваемся размаўляць з тымі, хто сёння дапамагае змагацца з хваробай.
3-я дзіцячая паліклініка, дарэчы, пачала працаваць з кантактамі першага і другога ўзроўняў з самага пачатку распаўсюджвання інфекцыі. Студэнты БНТУ, што жывуць на тэрыторыі яе абслугоўвання і вучацца разам з іранскім студэнтам, у якога першага ў Беларусі быў выяўлены каранавірус, якраз і сталі яе пацыентамі (па правілах падлеткі да 18 гадоў абслугоўваюцца ў дзіцячай паліклініцы). Кожны з іх быў узяты на ўлік, урачы ўсіх наведалі дома і назіралі за іх станам.
— Яшчэ да таго, як у Беларусі з'явіўся першы пацыент, мы адпрацоўвалі тактычныя дзеянні па меркаванай сустрэчы з каранавіруснай інфекцыяй, — расказвае намеснік галоўнага ўрача па медыцынскай частцы 3-й гарадской клінічнай дзіцячай паліклінікі Мінска Вера Паяркова. — Падрыхтаваліся максімальна: правялі вучэнні па асабліва небяспечных інфекцыях, заняткі па надзяванні сродкаў індывідуальнай аховы, усё старанна прапрацавалі з кожным супрацоўнікам. Інфармацыю пра меры дыстанцыявання, апрацоўку рук, нашэнне масак, рэспіраторны этыкет размясцілі на сайце, у сацыяльных сетках, расклеілі па паверхах, даносілі ў размовах з пацыентамі.
У лютым—сакавіку пад назіраннем былі адзінкавыя дзеці, у асноўным тыя, хто вяртаўся з бацькамі з адпачынку з-за мяжы.
— Першыя пацыенты са станоўчымі тэстамі на COVІD-19 з'явіліся ў сакавіку. Згодна з нарматыўнымі дакументамі, калі яны адчувалі сябе нармальна, бацькі адмаўляліся ад шпіталізацыі і былі згодны выконваць патрабаванні аб самаізаляцыі, іх назіралі дома на працягу 14 дзён. У тым ліку і дыстанцыйна — штодзённа ўрач размаўляў па «Вайберы». У той час такіх дзяцей было няшмат — 2—5, — адзначае намеснік галоўнага ўрача.
У красавіку колькасць пацыентаў павялічылася, у прыватнасці, за кошт кантактаў першага ўзроўню, яшчэ больш іх стала ў маі.
— Цяпер па назіраннях дзяцей крыху больш — і кантактаў першага ўзроўню, і кавід-станоўчых пацыентаў. На тэрыторыі абслугоўвання нашай паліклінікі яны складаюць 1,8 % ад агульнай колькасці дзяцей. Але гэта невялікая лічба, — кажа Вера Паяркова.
Большасць — у лёгкай і бессімптомнай формах
Каля 95 % інфіцыраваных дзяцей хварэюць у лёгкай і бессімптомнай формах. Калі ў іх і з'яўляюцца сімптомы, то як у звычайнай рэспіраторнай інфекцыі: невялікі пад'ём тэмпературы, адзінкавыя катаральныя праявы.
— Часта сустракаецца бессімптомнае цячэнне — на працягу ўсяго перыяду назірання ў такіх пацыентаў станоўчыя тэсты, але няма ніякіх праяў: ні тэмпературных, ні катаральных. Бываюць выпадкі лёгкага цячэння каранавіруснай інфекцыі. Гэта эпізадычны пад'ём тэмпературы — 37,2, вяласць, слабасць, боль у горле. Ёсць такія дзеці, у якіх тэмпература паднімаецца да субфебрыльнай, парушаецца нюх, назіраюцца лёгкія сімптомы інтаксікацыі — галаўны боль, слабасць, лёгкі кашаль, — расказвае медык.
Асаблівая ўвага пры станоўчым тэсце звяртаецца на дзяцей, якія знаходзяцца на дыспансерным уліку з бранхіяльнай астмай, цукровым дыябетам.
— Іх, як правіла, таксама назіраем дома: калі не развіваюцца бранхіт і пнеўманія, яны не шпіталізуюцца. Калі раптам ёсць яркія праявы кашлю і доктар падазрае, што пачынаецца бранхіт, а аналіз крыві сведчыць, што далучаецца бактэрыяльная інфекцыя, прызначаем антыбіётык, але зноў-такі гэта лячэнне дома. Шпіталізуем, калі тэмпература павышаецца да 39-40 градусаў, аднак такое бывае вельмі рэдка. Ніхто са шпіталізаваных дзяцей не мае ні пнеўманіі, ні патрэбы ў апараце ШВЛ і назіранні рэаніматолагаў — дзякуй богу, гэта не пра дзіцячы ўзрост, — дзеліцца суразмоўніца.
Часам юныя пацыенты шпіталізуюцца і па сацыяльных паказаннях — такое здараецца, калі раптам усе члены сям'і трапілі ў бальніцу і дзіця засталося адно. Нядаўна ў 17-гадовай школьніцы абодва бацькі апынуліся ў стацыянары, яе таксама давялося шпіталізаваць, нягледзячы на тое што ніякіх праяў хваробы дзяўчына не мела.
Па назіраннях спецыялістаў, бацькі больш пільна сталі ставіцца да здароўя дзяцей і старанна праводзяць усе санітарна-гігіенічныя мерапрыемствы. Прамыванне носа, паласканне горла, не кажучы ўжо пра частае мыццё рук, дазваляюць не запускаць насмарк ці ангіну і пазбягаць той жа каранавіруснай інфекцыі.
— Лекаў ад каранавіруса няма, на яго не дзейнічаюць антыбіётыкі. Таму лячэнне толькі сімптаматычнае. Гэта дамашні рэжым, частае цёплае піццё, правілы рэспіраторнага этыкету і санітарна-гігіенічныя мерапрыемствы па элімінацыі віруса з верхніх дыхальных шляхоў. Усё гэта вядзе да выздараўлення, — тлумачыць Вера Паяркова.
На дом выязджаюць нават кардыёлаг і лор-урач
Для назірання за пацыентамі з каранавіруснай інфекцыяй з сярэдзіны красавіка ў паліклініцы сфарміраваны выязныя брыгады, куды ўваходзяць урач-педыятр і медыцынская сястра. Калі неабходны аналіз крыві, у кантактную брыгаду ўключаецца фельчар-лабарант. Калі патрабуецца агляд вузкага спецыяліста — кардыёлага, лор-урача, — такія спецыялісты таксама выязджаюць да пацыента.
— Нядаўна нованароджанае дзіця, выпісанае з раддома, стала кантактам першага ўзроўню. Яму былі рэкамендаваны агляд кардыёлага і кардыяграма. Наш медыцынскі персанал зрабіў усе неабходныя працэдуры дома. Праз некаторы час наш пацыент быў зняты з назірання.
«Мінскаўтатранс» забяспечвае медыкаў спецыяльна абсталяванымі аўтамабілямі для выездаў. У дзень брыгада паспявае наведаць ад 10 да 30 пацыентаў і нават больш. Медыкі выконваюць урачэбны агляд, забор мазкоў, запаўняюць медыцынскую дакументацыю. У іх распараджэнні ёсць бескантактавыя тэрмометры і пульсаксіметры для вымярэння ўзроўню сатурацыі (насычэння крыві кіслародам). Істотна паскараюць пастаноўку дыягназу і экспрэс-тэсты на COVІD-19. Акрамя таго, штодзень кожнаму пацыенту тэлефануе ўчастковы педыятр і ўдакладняе стан.
— Я лічу, што нашы дзяўчаты ў белых камбінезонах — героі. У цяперашні час выпрабоўваюцца ўсе чалавечыя якасці. І з гонарам скажу, што адмоў ад нашых медработнікаў мы не чуем: трэба працаваць больш — значыць, працуюць, трэба выйсці ў нядзелю — выходзяць і едуць на візіты, — расказвае намеснік галоўнага ўрача.
Паліклініка не мае патрэбы ў сродках індывідуальнай аховы, але ўдзячна бацькам, якія аказалі спонсарскую дапамогу.
— Прывозілі маскі, аднаразовыя камбінезоны — проста пакідалі каробкі, нават не паведамляючы свае прозвішчы. Мы вельмі ўдзячны гэтым людзям. Цяпер у нас наладжаны закупкі, ёсць запас акуляраў, шчыткоў, масак, камбінезонаў, дэзсродкаў.
Паводле назіранняў медыкаў, у 80 % выпадкаў заражэнне дзяцей адбываецца ў сем'ях, дзе інфіцыруецца хтосьці з дарослых, прычым старэйшага ўзросту — бабулі ці дзядулі, калі сем'і жывуць пакаленнямі. Пасля канікул сталі з'яўляцца выпадкі інфіцыравання ў школах. Але зноў жа, носьбітамі і хворымі часцей за ўсё станавіліся дарослыя — настаўнік ці выхавацель.
Дарэчы, дзеці, якія пераносяць каранавірусную інфекцыю ці з'яўляюцца кантактамі першага ўзроўню, вызваляюцца ад выпускных экзаменаў. Падчас саміх іспытаў школы выконваюць рэкамендацыі па дыстанцыраванні, санапрацоўцы, нашэнні масак.
Не адчыняюць дзверы і ўспрымаюць агрэсіўна
Усе бацькі атрымліваюць ад медыкаў патрабаванне аб самаізаляцыі, але не ўсе іх выконваюць. Інфармацыя паступае і ў РУУС, якое таксама праводзіць праверкі. Некаторыя бацькі катэгарычна не жадаюць пускаць медыкаў дадому і абследавацца.
— Людзі проста не адчыняюць дзверы кантактнай групе. Некаторыя агрэсіўна ўспрымаюць інфармацыю, што яны з'яўляюцца кантактамі першага ўзроўню. Складана працаваць з падлеткамі і іх бацькамі. У школе кожнае дзіця інфармуюць, што настаўнік захварэў і трэба знаходзіцца ў самаізаляцыі. Некаторыя бацькі негатыўна ставяцца да такіх звестак. Тэлефануеш ім — абяцаюць быць дома, прыязджае брыгада — іх няма. Але мы вядзём пастаянныя тэлефонныя перамовы з такімі людзьмі — часам і некалькі дзён патрэбна. У выніку яны пагаджаюцца, просяць прыехаць і ўзяць мазкі. Падлеткі таксама часта ігнаруюць патрабаванні — выходзяць на вуліцу. Але дзякуючы і праваахоўнікам, і нашым тэлефанаванням паддаюцца на ўгаворы і яны, — кажа Вера Паяркова.
Участковы педыятр Юлія Шаламіцкая і медсястра Дар'я Гуткоўская.
Напрыканцы медык нагадвае пра прышчэпкі. Яна ўпэўнена, што многія бацькі, якія раней адмаўляліся ад вакцынацыі, перагледзелі сваё стаўленне да гэтай працэдуры ці зробяць гэта ў найбліжэйшыя месяцы.
— Тых дзяцей, хто правільна вакцынаваўся, вельмі мала сярод інфіцыраваных — у іх спрацаваў імунітэт. Планавыя прышчэпкі ў паліклініцы мы не адмянялі. І дзеці ад нуля да года актыўна прышчапляліся згодна са сваім графікам. І нават тыя, хто раней адмаўляўся, цяпер актыўна пачалі вакцынавацца — зразумелі, што трэба трэніраваць імунную сістэму для сустрэчы з інфекцыяй з нараджэння.
Алена КРАВЕЦ, фота аўтара
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/alena-kravec
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/zdaroue-0
[4] https://zviazda.by/be/tags/karanavirus
[5] https://zviazda.by/be/tags/covid-19
[6] https://zviazda.by/be/tags/zdaroue-praktychny-padyhod