Гэтым разам размова пойдзе пра поўных кавалераў салдацкага ордэна Славы, iмёны якiх у свой час не ўключалi ў спiсы герояў, не друкавалi ў кнiгах, на старонках энцыклапедый. У кнiзе «Навечно в сердце народном» (выданне 3-е, дапоўненае i выпраўленае), якая ўбачыла свет у 1984 годзе i з якой я браў неабходныя звесткi, прозвiшчы Вараб'ёва i Залатухiна згаданыя не былi. Васiль Iльiч i Iван Панцялеевiч прыехалi ў Беларусь на сталае жыццё ў 1962-м. Васiлю Вараб'ёву ў 1966 годзе ўручылi ордэн трэцяй ступенi, якiм выпадкова не ўзнагародзiлi на вайне. На грудзях Залатухiна поўны камплект зорак красаваўся ўжо з красавiка 1945-га. Прычына такой «канспiрацыi» крыецца ў тым, што i Вараб'ёў, i Залатухiн — не беларусы. Хоць старшына Вараб'ёў атрымаў свой першы ордэн у баях пад Чавусамi, вызваляў беларускiя гарады Крычаў, Быхаў, Мiнск i Гродна, фарсiраваў Дняпро каля Магiлёва.
Даведацца пра поўнага кавалера ордэна Славы Iвана Залатухiна мне давялося выпадкова, можна сказаць, знянацку: званiў у Рэчыцкi краязнаўчы музей, каб дазнацца месца пражывання Аляксандра Кастрамы («Звязда» пра яго ўжо расказвала), а мне ў адказ нагадалi, што ў раёне жыве не адзiн, а ажно два поўныя кавалеры. Не паверыў сваiм вушам, атрымлiвалася, што герой, якi жыве сярод нас, — «невядомы». Магчыма, мясцовая прэса пра тройчы ардэнаносца i пiсала, а вось у рэестр славутых жыхароў Беларусi Iван Залатухiн так i не патрапiў. Iван Панцялеевiч нарадзiўся ў Чачнi, а ў БССР прыехаў ужо пасля вайны ў якасцi бурыльшчыка нафтавых радовiшчаў. Увесну 1989-га, папярэдне дамовiўшыся, я паехаў у горад нафтавiкоў — Рэчыцу i мая фотагалерэя славутых франтавiкоў папоўнiлася партрэтамi разведчыка армейскай контрразведкi (адзiн з гэтых партрэтаў друкуецца ў сённяшнiм матэрыяле).
Мiнула трыццаць гадоў, я нарэшце вярнуўся да тэмы поўных кавалераў i зноў стаў пераглядаць звесткi пра Iвана Залатухiна. Як i раней, нiчога не знаходзiў, хоць за гэты час у краiне друкавалiся некалькi кнiг менавiта пра поўных кавалераў. Дзякуючы iнтэрнэту я даведаўся, што пасля развалу Савецкага Саюза Iван Панцялеевiч Залатухiн пакiнуў Беларусь i пераехаў ва ўкраiнскi горад Новамаскоўск.
А для дывiзiённага разведчыка Васiля Вараб'ёва — карэннага жыхара Браншчыны — горад Лунiнец стаў другой радзiмай назаўсёды.
— Пасля Перамогi нашу дывiзiю дыслацыравалi ў Баранавiчах. Дэмабiлiзаваўся, паехаў на радзiму, паматаўся па будоўлях i зноў вярнуўся ў Баранавiчы. Ажанiўся, але, паколькi не меў жылля, пераехаў у Лунiнец i ўладкаваўся на чыгунку, — прыгадваў ветэран пры сустрэчы пра мiнулае.
У 1988-м, атрымаўшы дазвол, я адправiўся ў Лунiнец, знайшоў прыватны дом, у якiм i пражываў наш герой. Васiль Iльiч моцна хваляваўся, калi ўспамiнаў пра чатыры цяжкiя ваеныя гады, смалiў цыгарэту за цыгарэтай. Мужнаму развечыку было што ўспамiнаць, пра што расказаць. Чаго варты эпiзоды пра вылазкi па нямецкiх «языкоў», пра раненне, пра тое, як старшына налiваў перад боем дзвесце грамаў гарэлкi...
— Жорскiя норавы былi на вайне: iдзеш у разведку, быццам бы ў рукi самой смерцi. I калi нават твой таварыш загiнуў, ты павiнен вярнуцца з задання з iм. А iнакш не толькi не атрымаеш узнарароду за выкананае заданне, але можаш пайсцi пад суд...
У Васiля было пяць братоў, i ўсе яны прайшлi дарогамi вайны. Адзiн з братоў склаў галаву пад Белгарадам. А самога Васiля
Iльiча ў Беларусi нарэшце прызналi сваiм — у бiяграфiчным даведнiку «Кавалеры ордэна Славы» цяпер значыцца i яго iмя.
Анатоль КЛЯШЧУК
«Звязда» працягвае праект «Дарогамi Славы», якi запусцiла сумесна з музеем гiсторыi Узброеных Сiл. У межах праекта мы апавядаем пра ваенны шлях поўных кавалераў ордэна Славы, якiя нарадзiлiся ў Беларусi або звязалi з ёй свой далейшы лёс.
Заклiкаем вас, паважаныя чытачы: калi сярод вашых родных i блiзкiх хтосьцi або быў поўным кавалерам ордэна Славы, або асабiста iх ведаў i захаваў успамiны цi фотаздымкi, то дзялiцеся вашымi гiсторыямi з намi! Наш адрас: вулiца Б. Хмяльнiцкага, 10а, Мiнск, 220013. Адрас электроннай пошты: info@zviazda.by. Нiводны лiст не застанецца без увагi!
А гэтым разам мы раскажам пра двух поўных кавалераў ордэна Славы, якiя нарадзiлiся ў Расii, але пасля вайны звязалi свой жыццёвы шлях з Беларуссю. Гэта Васiль Вараб'ёў i Iван Залатухiн.
Ён нарадзiўся ў сяле Крапiўна Бранскай вобласцi. Скончыў пачатковую школу i пайшоў працаваць у мясцовы калгас. На радзiме яго i заспела вайна. Адметна, што ў Чырвоную Армiю Васiль Iльiч быў мабiлiзаваны на свой 18-ы дзень нараджэння — 20 жнiўня 1941 года. Спачатку служыў у пяхоце, але ў 1942-м быў адкамандзiраваны на курсы малодшых камандзiраў iнжынерна-тэхнiчных часцей. На фронт трапiў у 1943-м. З гэтага часу i да Перамогi яго баявы шлях быў звязаны з 369-й стралковай дывiзiяй 2-га Беларускага фронту. А служыў Васiль Iльiч разведчыкам. Ён прайшоў праз баi на Курскай дузе. У красавiку 1944-га яго часць выйшла на подступы да Чавусаў.
Вось тут сяржант Вараб'ёў i здабыў свой першы ордэн Славы. У ноч на 22 красавiка блiзу вёскi Давiдовiчы разам з групай разведчыкаў ён непрыкметна пранiк у размяшчэнне гiтлераўцаў. А назад яны вярнулiся з каштоўным «уловам» — нямецкiм афiцэрам, якi падчас допыту расказаў вельмi важныя звесткi.
У сакавiку 1945-га часцi 2-га Беларускага фронту стаялi на подступах да Данцыга. Перад тым як авалодаць гэтым аплотам на Балтыцы, вялася масiраваная разведка пазiцый ворага. У адзiн з такiх рэйдаў быў адпраўлены i сяржант Вараб'ёў. Яго падраздзяленне справiлася з задачай нават лепш, чым меркавалася, — яны разграмiлi нямецкi гарнiзон у адным з невялiкiх гарадкоў. Васiль Iльiч прыцэльным агнём асабiста паразiў каля дзесяцi гiтлераўцаў, яшчэ двух захапiў у палон. Прынесла гэта яму ордэн Славы II ступенi.
Красавiк 1945-га года азначыўся зацяжнымi баямi на Одэры. Наперадзе ляжала ўжо Германiя, i немцы аказвалi вельмi жорсткi супрацiў. У ноч на 17 красавiка Васiль Вараб'ёў разам з групай фарсiраваў Одэр блiзу горада Гарц. Чырвонаармейцы захапiлi плацдарм i ўтрымлiвалi яго некалькi сутак, адну за другой адбiваючы контратакi. На рахунку сяржанта Вараб'ёва — знiшчаны ўзвод гiтлераўцаў i два палонныя афiцэры.
Праўда, поўным кавалерам ордэна Васiль Iльiч стаў толькi праз 21 год пасля вайны. За ўчынак пад Чавусамi ён быў прадстаўлены да ордэна Славы III ступенi. Аднак з нейкай прычыны ўзнагароду своечасова не атрымаў. Звесткi ж пра яе захавалiся ў архiве. Там iх i знайшлi ў 1966 годзе. Узнагароду ў Дзень Перамогi яму ўручыў асабiста ваенком Лунiнецкага раёна.
Чаму Лунiнецкага — мы ж казалi, што наш герой нарадзiўся ў Расii? Справа ў тым, што на сваю радзiму пасля дэмабiлiзацыi Васiль Iльiч не вярнуўся, а пасялiўся ў Лунiнцы. Ды i вёскi Крапiўна ўжо не знайсцi на карце — яшчэ ў 1966 годзе яна ўвайшла ў склад пасёлка Алтухова.
Работу герой нашага аповеду знайшоў хутка — да самай пенсii ён займаў пасаду старшага кандуктара таварных цягнiкоў на мясцовай чыгуначнай станцыi. А ў вольны час вёў актыўную грамадскую работу. У сярэдзiне 1970-х гадоў ён асабiста сустрэўся з пiсьменнiкам Канстанцiнам Сiманавым, якi ў гэты час працаваў над сцэнарыем для дакументальнага фiльма «Iшоў салдат».
Васiль Вараб'ёў браў удзел у двух парадах Перамогi — 24 чэрвеня 1945 года i 9 мая 1985-га. Памёр у 1995 годзе.
Нашага наступнага героя жыццё вельмi «паматала» па Савецкiм Саюзе. Ён нарадзiўся ў лютым 1924 года ў станiцы Нова-Шчадрынская, што месцiцца ў Шалкаўскiм раёне Чачнi. Скончыўшы шэсць класаў, паступiў у школу фабрычна-заводскага навучання ў Грозным. Вучыўся ён на бурыльшчыка. Спецыяльнасць атрымаў увесну 1941 года i быў размеркаваны на радовiшча блiзу туркменскага горада Небiт-Даг. Там яго i заспела вайна.
Ён вярнуўся на радзiму ў 1942 годзе. Гэты час выдаўся для Каўказа вельмi цяжкiм — гiтлераўцы захапiлi Кубань i рухалiся да Волгi i на Каўказ. Мэтай iх было адрэзаць Чырвоную Армiю ад нафтавых радовiшчаў Чачнi i Азербайджана.
Iвана Залатухiна прызвалi ў войска ў студзенi 1943 года — калi нямецкiя войскi нарэшце пакацiлiся на захад ад межаў Чачнi. Але так проста акупанты не здавалiся. Таму першы бой чырвонаармеец Залатухiн прыняў усяго праз месяц пасля прызыву падчас ваенных дзеянняў на Паўночна-Каўказскiм фронце. Быў паранены. Пасля таго як выпiсаўся са шпiталя, быў накiраваны ў школу разведчыкаў. З гэтай прафесiяй ён i звязаў надалей свой ваенны лёс.
Увесну 1944 года Чырвоная Армiя перайшла ў наступленне ў Крыме. Iван Залатухiн раз за разам хадзiў у разведку. Каштоўныя звесткi дапамагалi падраздзяленням выконваць пастаўленыя задачы. Калi ж паўвостраў ачысцілі ад гiтлераўцаў, Iван Панцялеевiч быў прадстаўлены да ордэна Славы III ступенi.
...У студзенi 1945 года савецкiя войскi рыхтавалiся прарваць нямецкую абарону на левым беразе Вiслы. Далей перад iмi ляжаў шлях да Одэра. Немцы саступаць пазiцыi таксама не збiралiся. З абодвух бакоў дзейнiчала разведка. Не раз у начныя рэйды выходзiў i чырвонаармеец Залатухiн. Яго задачай было разведаць пярэднi край войскаў працiўнiка. Аднойчы яны напаткалi двух немцаў. Назад вярнулiся з палоннымi, ад якiх удалося здабыць каштоўную iнфармацыю. Камандаванне 33-й армii ацанiла гэты ўчынак ордэнам Славы II ступенi.
У красавiку 1945 года Чырвоная Армiя выйшла ўжо на правы бераг Одэра. Цераз раку ляжаў нямецкi горад Фюрстэнберг. Iван Залатухiн паўтарыў тое, што рабiў ужо не раз — разведаў пярэднi край абароны працiўнiка. Дзякуючы яго звесткам было знiшчана некалькi фашысцкiх агнявых кропак. Калi ж абарона была прарвана, ён трапнымi стрэламi з аўтамата пацэлiў у дзясятак гiтлераўцаў, яшчэ аднаго захапiў у палон. У маi 1946-га Прэзiдыум Вярхоўнага Савета СССР узнагародзiў яго за гэты ўчынак ордэнам Славы I ступенi.
Як жа Iван Залатухiн трапiў у Беларусь? Яму ў гэтым дапамог досвед бурыльшчыка, набыты ў туркменскiх краях. Крыху папрацаваўшы пасля вайны ў адным з дагестанскiх калгасаў, ён уладкаваўся бурыльшчыкам на адно з радовiшчаў нафты ў Валгаградскай вобласцi. Але ў сярэдзiне 60-х гадоў залежы «чорнага золата» былi знойдзены на Гомельшчыне. Каля дваццацi гадоў шчыраваў Iван Залатухiн у Рэчыцы. Па кар'ернай лесвiцы дайшоў ад простага бурыльшчыка да тэхнолага. Апошнiя некалькi гадоў ён пражыў ва ўкраiнскiм горадзе Новамаскоўск, дзе i памёр у жнiўнi 2006-га.
Тым часам прыйшла добрая вестка з Расоншчыны. Наш чытач Аляксандр Матошка даслаў у рэдакцыю вельмi цёплы лiст.
«Анатолю Клешчуку i Валяр'яну Шкленнiку вялiкi дзякуй за фотаздымкi кавалераў ордэна Славы i артыкулы. Асобна — за нашага — расонскага Паўла Iванавiча Рубiса. Але i да iншых герояў, якiх ужо няма на гэтай зямлi, пранiкаешся глыбокай удзячнасцю i павагай, чытаючы, за якiя заслугi яны атрымалi ўзнагароды. Я ўсе публiкацыi з вялiкiм задавальненнем i цiкавасцю прачытаў. Гэта тое, чым жыве душа. Нiзкi паклон i вялiкая ўдзячнасць героям, аб якiх мы павiнны помнiць не толькi падчас свят i юбiлейных дат, а заўсёды. Так i ёсць на Расонскай зямлi».
Валяр'ян ШКЛЕННIК
Анатоль КЛЯШЧУК (фота)
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/anatol-klyashchuk
[2] https://zviazda.by/be/tags/valyaryan-shklennik
[3] https://zviazda.by/be/gramadstva
[4] https://zviazda.by/be/tags/darogami-slavy
[5] https://zviazda.by/be/tags/75-goddze-vyalikay-peramogi