У многіх раёнах краіны ўжо выпала месячная норма ападкаў, а месцамі і перавышана. У лідарах — метэастанцыя Бярэзінскі запаведнік, дзе ўжо адзначана 234 % месячнай нормы. Відавочны недабор ападкаў адзначаецца толькі па ўсходзе Гомельскай вобласці, паведамляюць спецыялісты Рэспубліканскага цэнтра па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды. Напрыклад, на метэастанцыі Докшыцы выпала пакуль 60 % чэрвеньскай нормы дажджоў.
Аднак сіноптыкі прагназуюць заканчэнне перыяду амаль штодзённых навальніц. Над Скандынаўскім паўвостравам набірае сілу ўмерана цёплы антыцыклон, які стане асноўным уладаром надвор'я ўжо сёння на поўначы Еўропы, у тым ліку і на поўначы Беларусі, дзе абыдзецца без ападкаў. На паўднёвай палове краіны пройдуць кароткачасовыя дажджы, прагрымяць навальніцы і магчымыя нават ліўні.
Бліжэй да сярэдзіны тыдня рост атмасфернага ціску паступова адсуне зону дажджоў на поўдзень, і наша краіна апынецца ва ўладзе скандынаўскага антыцыклону, які трымае шлях далей на паўднёвы ўсход. Таму ў сераду чакаецца пераменная воблачнасць. Будзе без ападкаў, толькі ўначы месцамі па Брэсцкай вобласці пройдуць кароткачасовыя дажджы. У нізкіх месцах і паблізу вадаёмаў могуць згушчацца непрацяглыя туманы. Вецер паўночна-ўсходні ўмераны. Тэмпература паветра ўначы будзе ад плюс 9 да плюс 16 градусаў, удзень — 21—27 цяпла.
У чацвер — невялікая воблачнасць, без ападкаў. Уначы і раніцай у асобных раёнах прагназуецца слабы туман. Вецер усходні слабы. Тэмпература паветра ўначы складзе ад плюс 10 да плюс 15 градусаў, удзень — 24—29 цяпла.
Паводле папярэдніх прагнозаў айчынных сіноптыкаў, у пятніцу захаваецца цёплае чэрвеньскае надвор'е. У многіх раёнах абыдзецца без ападкаў. Вецер будзе паўднёва-ўсходні, паўднёвы — уначы слабы, удзень умераны. Тэмпература паветра ў разгар дня будзе падымацца да плюс 25—29 градусаў.
Сяргей КУРКАЧ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/syargey-kurkach
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/tags/naviny-nadvorya-1