Учора ў Віцебску завяршыўся 29-ы міжнародны фестываль мастацтваў і вырашылася галоўная інтрыга творчага спаборніцтва — конкурсу маладых выканаўцаў. Гран-пры, спецыяльны прыз «Ліра» і грашовую прэмію ў памеры 20 тысяч долараў па рашэнні прафесійнага журы атрымаў прадстаўнік Беларусі Раман Волазнеў.
У першым туры конкурсу Раман выканаў беларускамоўную песню «Свяча», якую напісаў сам на верш Максіма Багдановіча, а ў туры «Сусветны хіт» — Autumn Leaves (гэту кампазіцыю і каверы на яе запісвалі на розных мовах папулярныя выканаўцы па ўсім свеце, у тым ліку Іў Мантан, Даліда, Дэміс Русас, Ігі Поп і іншыя). У выніку ён набраў 134 балы; столькі ж атрымала прадстаўніца Украіны Эліна Івашчанка, якой у выніку журы прысудзіла першую прэмію конкурсу «Віцебск-2020». Лаўрэатам другой прэміі стала Караліна Лында з Літвы, а трэцюю падзялілі паміж сабой Івона Одзіцкі (Боснія і Герцагавіна) і Хансултан (Казахстан).
Нагадаем, што і галоўная ўзнагарода дзіцячага міжнароднага конкурсу таксама засталася ў Беларусі — Гран-пры заваявала Ангеліна Ламака. Аналагічны вынік на «Славянскім базары ў Віцебску» нашы артысты паказвалі ажно 15 год таму, у 2005-м, калі трыумфатаркамі абодвух конкурсаў сталі Паліна Смолава і Ксенія Сітнік.
Вікторыя ЗАХАРАВА
Фота БЕЛТА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/viktoryya-zaharava
[2] https://zviazda.by/be/kultura
[3] https://zviazda.by/be/tags/slavyanski-bazar-0
[4] https://zviazda.by/be/tags/mizhnarodny-festyval-mastactvau-slavyanski-bazar-u-vicebsku