Сёлета з-за эпiдэмii каранавiруса ў многiх аздараўленчых лагерах забаронена наведванне бацькамi дзяцей. Для некаторых малых гэта стала сапраўднай праблемай, i яны так i не рашылiся на расстанне з мамай i татам.
Але ёсць у нашай краiне дзецi, якiя ва ўмовах сусветнай пандэмii ўвогуле пазбаўлены магчымасцi бачыць сваiх бацькоў. Па звестках Мiнiстэрства адукацыi, летась каля 14 тысяч беларускiх сем'яў знаходзiлiся ў сацыяльна небяспечным становiшчы. Дзяцей з такiх сем'яў часова змяшчаюць у прытулкi сацыяльна-педагагiчных цэнтраў (СПЦ).
У СПЦ Ленiнскага раёна Мiнска расказалi, як iх падапечныя праводзяць гэтае лета. Цяпер там 20 дзяцей. З-за каранцiну бачыцца з бацькамi нельга, зносiны — толькi анлайн або па тэлефоне, ды па суботах прымаюць ад родных што-небудзь смачнае для малых. Вось толькi бацькi не iмкнуцца скарыстацца нават такiмi абмежаванымi магчымасцямi. Работнiкi прытулку разгубленыя: звычайна атрымлiваецца вярнуць у бiялагiчныя сем'i да 50 працэнтаў дзяцей, якiя да iх трапляюць, але гэтым разам пандэмiя быццам «ударыла» па бацькоўскiх пачуццях. У вынiку любiмая дзiцячая пара — лета — праходзiць для малых трывожна.
Калi рассыпаюцца мары
Алёна разумела, што ёй трэба прысутнiчаць на гэтым судзе, — ёй ужо споўнiлася чатырнаццаць. Заўтра яе маму павiнны пазбавiць бацькоўскiх правоў. Ад адной гэтай думкi перахоплiвала ў горле... Слёзы зноў i зноў цяклi на ўжо змакрэлую падушку...
Алёна думала пра шасцiгадовую сястрычку, туга па якой у прытулку абвастрылася. Калi яе бацька забраў дзяўчынку да сябе, мацi перастала пiць, уладкавалася на работу, i нейкi час здавалася, што жыццё наладжваецца. Але потым з'явiўся новы кавалер, i жанчына сарвалася: п'янкi ды высвятленнi адносiн памiж мацi, яе сужыцелем i дзядулем Алены станавiлiся ўсё больш частымi i жорсткiмi. У школе ўсё цяжэй было рабiць выгляд, што ў яе нармальная сям'я.
У той дзень Алене не ўдалося разняць бойку памiж дарослымi. Дзяўчынка спалохалася i выклiкала мiлiцыю. Яна сама напiсала заяву i пагадзiлася паехаць у прытулак. Мацi хутка прыехала па дачку. Каб забраць яе, трэба было прайсцi курс лячэння ў нарколага i ўладкавацца працаваць. У Алены быў рэальны шанц вярнуцца дадому. Заставалася пару тыдняў да шчаслiвага моманту, калi ёй паведамiлi, што мацi зноў не прыйшла на работу. Дзяўчынка яшчэ спадзявалася, але неўзабаве стала вядома — мацi запiла. Планы i мары падлетка сталi рассыпацца. Алёна часта плакала, але не страчвала надзеi. Прайшоў сакавiк, красавiк, надышоў май...
Мацi Алены не здолела выправiць сiтуацыю. Супрацоўнiкi органаў апекi вымушаны былi падаць у суд на пазбаўленне яе бацькоўскiх правоў. Дзяўчынка пакiне часовы прытулак, але паедзе не дадому...
Калi Алена пачула ў судзе прызнанне мацi ў тым, што кадзiраванне не дапамагло, i яна ўжо не можа кiнуць пiць, дзяўчынка расплакалася. На наступны дзень паведамiла супрацоўнiкам СПЦ, што не жадае, каб яе ўдачарылi, — яна гэтак жа не хоча трапiць у прыёмную сям'ю. Алена абрала жыццё ў дзiцячым доме.
— Дзецi, старэйшыя за сем гадоў, ужо добра разумеюць, што адбываецца, — расказвае намеснiк дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце ДУА «СПЦ з прытулкам Ленiнскага раёна г. Мiнска» Iрына АСТАШКО. — Яны да нас трапляюць вельмi стомленыя i ў надзвычай моцным стрэсе. З iмi адразу пачынае працаваць псiхолаг. Мы расказваем дзецям пра ўмовы, якiя павiнны выканаць iх бацькi, i тлумачым чаму.
Органы апекi працуюць з бацькамi i дзецьмi прыкладна паўгода. I тым, i тым аказваецца псiхалагiчная дапамога, супрацоўнiкi накiроўваюць бацькоў да патрэбных спецыялiстаў, падказваюць, куды звяртацца пры пэўных праблемах, бывае, нават дапамагаюць уладкавацца на работу. Сутыкаючыся з дзiцячым болем, работнiкi робяць усё магчымае, каб у сям'i ўсё наладзiлася. Калi ж бацькi не наведваюць дзяцей, не выконваюць рэкамендацыi спецыялiстаў, то iх пазбаўляюць бацькоўскiх правоў, а дзiцяцi знаходзяць новую сям'ю або адпраўляюць у iнтэрнатную ўстанову.
Калi падчас знаходжання ў прытулку надыходзяць летнiя канiкулы, то дзяцей, старэйшых за 6 гадоў, адвозяць у дзiцячы аздараўленчы летнік. Там яны праводзяць дзве змены. Для многiх такi адпачынак — новы вопыт, i яны чакаюць яго з хваляваннем i цiкаўнасцю. У летніку iх таксама могуць наведваць. Здараецца, што запыту на наведванне дзiцяцi ў аздараўленчай установе няма, i тады супрацоўнiкi СПЦ наведваюць дзiця самi.
Але сёлета ўсё не так — СOVID-19 пазбавiў малых i гэтай магчымасцi. Алёна трапiла ў аздараўленчы летнік разам з яшчэ васьмю дзецьмi з прытулку. Яна паехала, калi эмоцыi ўлеглiся, з разуменнем таго, што па вяртаннi яе адвязуць у спецыяльную ўстанову для дзяцей, якiя засталiся без апекi бацькоў.
Малыя таксама гаруюць
...Багдан з нараджэння быў «пры мацi», як кажуць спецыялiсты, i ў яго ўтварылася вельмi моцная, але трывожная прывязанасць. Калi дзiця прывезлi ў прытулак, нiхто не мог яго супакоiць. Трохгадовы хлопчык крычаў i клiкаў маму ўвесь першы дзень, i другi, i трэцi...
I вось Багдан дачакаўся. Мацi павезла яго дадому першага чэрвеня. А праз дзесяць дзён яго, галоднага, зноў забралi ў прытулак. Калi малы зразумеў, куды яго прывезлi, то заматаў галавой i з адчайным крыкам пабег у супрацьлеглы бок калiдора ад ужо знаёмай групы. У той дзень малы атрымаў у падарунак вялiкую новую машынку, якую бераглi ў прытулку якраз для падобнага выпадку. Толькi тады Багдан пагадзiўся зайсцi ў групу, дзе адразу паведамiў, што машынку яму падарыла мацi.
...Мама Мiхася ў адзiнаццацiгадовым узросце сама трапляла ў гэты прытулак. Цяпер у яе не вельмi атрымлiваецца выконваць ролю мацi. Яна цягала дзiця па прытонах раёна. Супрацоўнiкi органаў апекi ўгаворвалi i прасiлi яе адумацца, прапаноўвалi дапамогу. Не выйшла. Мiшку давялося забраць i доўга лячыць ад розных хвароб. Ён таксама крычаў, але, у адрозненне ад Багдана, хутка прызвычаіўся да новых умоў i правiл. Мама Мiшы хацела забраць яго, але нарадзiла дачку, i цяпер ёй быццам i не да сына. Супрацоўнiкi СПЦ спадзяюцца, што хлопчыка ўсынавяць, бо такога добрага i шчырага яшчэ трэба пашукаць.
— У прытулак трапляюць дзецi з трох гадоў, — расказвае педагог-псiхолаг Наталля Сiткалеева. — Такiх маленькiх мы пераконваем, што ў нас вельмi цiкавы садок, маўляў, там весела, шмат цацак, ты знойдзеш новых сяброў. Мы стараемся зняць напружанне праз гульню, усмешку, папесцiць ды супакоiць. Дзецi, якiя адаптавалiся да сiтуацыi, прыходзяць на дапамогу пры з'яўленнi новенькiх. Яны як нiхто iншы могуць зразумець i прыняць тыя пачуццi, што адчуваюць малыя ў гэты момант. Дзецi дашкольнага ўзросту звычайна даволi хутка прывыкаюць да рэжыму ў прытулку, якi арганiзаваны прыкладна як у дзiцячым садку, становяцца больш спакойныя i хутка даганяюць па развiццi сваiх аднагодкаў. Малыя, як i больш дарослыя дзецi, чакаюць прыходу сваiх мам i татаў ды спадзяюцца на хуткае вяртанне дадому.
Дашкаляты не ездзяць у аздараўленчыя летнікі, яны застаюцца ў прытулку на ўсё лета. Але звычайна дзецi рэдка праводзяць цэлы дзень ва ўстанове, а наведваюць музеi, кiнатэатры, тэатры, заапаркi. Малым летам у самiм СПЦ ладзяць розныя святы, запрашаюць анiматараў, арганiзуюць навуковыя шоу, «днi Нептуна» на вулiцы, ходзяць з iмi на пiкнiкi, увогуле стараюцца, каб дзецi больш знаходзiлiся на свежым паветры.
— З-за распаўсюджвання каранавiруснай iнфекцыi нам давялося карэкцiраваць работу прытулку, — расказала дырэктар СПЦ Аксана ГОВЕН. — Яшчэ вясной мы прынялi рашэнне не вадзiць нашых старэйшых дзяцей у школу, а перавесцi iх на дыстанцыйнае навучанне. Гэта было сапраўднае выпрабаванне для нашых дзяцей i педагогаў. Але ў вынiку дзякуючы настаўнiкам, якiя працавалi анлайн, справiлiся. Мы перасталi наведваць грамадскiя месцы ў Мiнску, але ад летніка не адмовiлiся. Дзецi звычайна прыязджаюць пасля яго добра адпачыўшы. Набрацца сiл летам вельмi важна для iх. Дашкольнiкаў забаўляем самi. У нас творчы калектыў прафесiяналаў — нядрэнна атрымлiваюцца святы, канцэрты, шоу. Учора вадзiлi дзяцей на рэчку кармiць качак — столькi захаплення! Хадзiлi пешшу, гэта недалёка, малыя вытрымлiваюць. На транспарце нiкуды не ездзiм: у нас даволi вялiкая тэрыторыя, i дзецям ёсць дзе ўдосталь пагуляць.
Дырэктар падчас экскурсii па прытулку расказала, што прыборка i раней рабiлася часта. Цяпер асаблiвую ўвагу звяртаюць на апрацоўку дзвярных ручак i iншых паверхняў. Трэнажорная зала, сталоўка, пральня, гардэроб, пакоi для малых, пакоi для старэйшых, ванныя пакоi, гульнявыя, клас для самападрыхтоўкi, камп'ютарны клас, пакой сустрэч з бацькамi, пакой для наладжвання добрых адносiн памiж дзецьмi i бацькамi ў прысутнасцi псiхолага... Усюды чысцiня i парадак. Пра тое, што гэта не садок, сведчыць сушылка для бялiзны з дзiцячым адзеннем розных памераў: майкi, шорты, сукенкi, шкарпэткi...
Раптам будынак напоўнiўся дзiцячым гулам. Дашкольнiкi вярнулiся з прагулкi. Яны беглi па лесвiцы на другi паверх, не звяртаючы на мяне ўвагi. Калi натоўп малых знiк, я ўбачыла адзiнокую фiгурку хлопчыка гадоў чатырох, якi не пабег за астатнiмi, а сеў на лесвiцы.
— У мяне вось тут «боля», — паведамiў малы, калi заўважыў, што я зацiкавiлася.
Аказалася, гэта Мiшка. Ён падрапаў каленку. Я сфатаграфавала ранку i разам з iм стала разглядаць яе ў павялiчаным памеры на тэлефоне. Мы вырашылi, што тут можа дапамагчы медсястра, у якой, напэўна, ёсць «чароўны пластыр». Малыш павесялеў i адправiўся лячыць ножку. Я вярнулася ў групу. Там Багдан у адзiноце гуляў са сваёй машынкай. Дзянiс з сястрой Ганнай, шасцi i пяцi гадоў, вырашылi, што чужы чалавек iм перашкаджае. У iх наперадзе яшчэ палова лета трывожнага чакання.
Наталля ТАЛІВІНСКАЯ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/natallya-talivinskaya
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/sacyyalnaya-padtrymka
[4] https://zviazda.by/be/tags/dzeci
[5] https://zviazda.by/be/tags/prytulak