Валянцін Семяняка, старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі па дзяржаўным будаўніцтве, мясцовым самакіраванні і рэгламенце:
— Сумніўны «стратэгічны план» — не новая тактыка апанентаў улады. Ёю карысталіся і дзесяць і дваццаць гадоў таму, калі апазіцыя заклікала Еўрасаюз да санкцый супраць Беларусі. Ужо тады такім дзеянням, скіраваным супраць дабрабыту народа, была дадзена адпаведная ацэнка. І зараз новыя апазіцыянеры выходзяць з лозунгамі за змены, што павінны садзейнічаць дабрабыту. Але сваімі дзеяннямі яны паказваюць, што іх сапраўдныя мэты зусім у іншым.
Вось гэты лагічны ланцужок. Напачатку пратэсты, якія дэклараваліся як «мірныя», сталі зусім не мірнымі, а скіраванымі на ігнараванне закона. Зараз — новая хваля з новымі супрацьзаконнымі формамі. У аснове «стратэгічнага плана» ляжыць ігнараванне нармальных адносін паміж грамадзянамі і дзяржавай. Трэба разумець, што калі мы хочам мець сацыяльныя гарантыі ў выглядзе бясплатнай медыцыны, адукацыі, сацыяльнай дапамогі, нізкіх тарыфаў на камунальныя паслугі, мы павінны выконваць свае грамадзянскія абавязкі ў поўным аб'ёме.
Лічу, што пісьменная і адказная частка беларускага грамадства не адрэагуе на прапановы «стратэгічнага плана» апазіцыі, якая заклікае не плаціць падаткі і не рабіць камунальныя плацяжы, не купляць айчынную прадукцыю, забіраць уклады з дзяржаўных банкаў. А тыя, хто паспрабуе такім чынам выказаць свой «мірны пратэст», сутыкнуцца з адпаведнымі санкцыямі заканадаўства. Асабіста я расцэньваю гэтыя заклікі «стратэгічнага плана» як чарговы папулісцкі крок апазіцыі, які не будзе мець поспеху.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/palityka
[2] https://zviazda.by/be/tags/pratesty
[3] https://zviazda.by/be/tags/apazicyya
[4] https://zviazda.by/be/tags/valyancin-semyanyaka