Дзяржкарпарацыя «Расатам» і інфармацыйны цэнтр па атамнай энергіі (ІЦАЭ) у Мінску заклікаюць да ўдзелу ў конкурсе «Тэхналогіі, якія мяняюць свет», які ладзіцца да 75-годдзя атамнай галіны з мэтай падкрэсліць важнасць ядзерных тэхналогій у штодзённым жыцці, паведамляецца на старонцы адукацыйнага праекта Дзяржкарпарацыі Расатам Look Аround Belarus.
Арганізатары разлічваюць, што да конкурсу далучацца дзеці ад шасці гадоў, падлеткі і моладзь ва ўзросце да 31 года з усіх куткоў Беларусі. Удзельнікам прапануецца пафантазіраваць на тэмы, звязаныя з атамнай галіной, у трох катэгорыях: «Атамная энергія маёй краіны», «Прафесія атамнай галіны/Людзі справы» і «Атамныя тэхналогіі ў жыцці чалавека». Для ўдзелу ў творчых спаборніцтвах неабходна зарэгістравацца [1].
— Атамная галіна — высокатэхналагічная сфера, якая ўжо шмат дзесяцігоддзяў дэманструе ўпэўнены і дынамічны прагрэс. Ядзерныя тэхналогіі сталі надзейнай крыніцай энергіі, яны садзейнічаюць навуковым даследаванням, новым адкрыццям у прамысловасці, медыцыне, сельскай гаспадарцы, асваенні космасу, — падкрэсліў Уладзімір ГОРН, намеснік дырэктара аб’яднання «Расатам Усходняя Еўропа». — Асаблівая цікавасць да высокіх тэхналогій заўжды была ў моладзі, а атамная галіна — невычэрпная крыніца натхнення для крэатыўных і творчых людзей. Энтузіязм моладзі ў спалучэнні з вопытам прафесіяналаў, несумненна, пасадзейнічае далейшаму развіццю атамнай сферы.
— Такія ўтваральныя ініцыятывы садзейнічаюць фарміраванню ў маладога пакалення разумнага стаўлення да атамнай энергетыкі і ядзерных тэхналогій. Вельмі важна, каб нашы дзеці і моладзь бачылі для сябе магчымасці адукацыі і прафесійнага развіцця ў гэтых сферах, — пераканана Лілія ДУЛІНЕЦ, намеснік дырэктара Дэпартамента па ядзернай энергетыцы Міністэрства энергетыкі Беларусі. — Наша краіна ўвайшла ў клуб ядзерных дзяржаў, а сусветны вопыт паказвае, што папулярызацыя навукі і тэхналогій ў сучаснай і даступнай форме надае імпульс для паспяховага развіцця навуковага і сацыяльна-эканамічнага патэнцыялу краіны.
Работу можна выканаць на палатне, ватмане, кардоне і іншым матэрыяле, які абярэ ўдзельнік, любымі мастацкімі сродкамі: алеяй, акварэллю, тушу, каляровымі алоўкамі, фламастэрамі і іншымі прыладамі. Можна стварыць таксама работу з дапамогай камп’ютарнай графікі. Творы прымаюцца да 30 кастрычніка на адрас: 220114, г. Мінск, вул. Макаёнка, 12, Установа адукацыі «Рэспубліканскі цэнтр інавацыйнай і тэхнічнай творчасці» з адзнакай (Інфармацыйны цэнтр па атамнай энергіі). Работы ў графічным выглядзе можна дасылаць на электронную пошту: icao.by@tut.by
Найлепшых аўтараў журы вызначыць у лістападзе. Суддзі будуць ацэньваць арыгінальнасць ідэі, майстэрства выканання задумы і раскрыццё тэмы. Пераможцы атрымаюць дыпломы і падарункавыя сертыфікаты. А на старонцы Look Around Belarus адбудзецца галасаванне за Прыз глядацкіх сімпатый
Ірына СІДАРОК
Спасылкі
[1] https://cutt.ly/VfWR0yz
[2] https://zviazda.by/be/tags/energetyka
[3] https://zviazda.by/be/tags/tvorchasc