Авіякампанія «Аэрафлот — расійскія авіялініі» 26 верасня мае намер здзейсніць першы рэйс у Мінск пасля перапынку з канца сакавіка, выкліканага абмежаваннямі з-за каранавіруснай інфекцыі. Пра гэта сведчаць дадзеныя сістэмы пошуку квіткоў перавозчыка, паведамляе [1] карэспандэнт БЕЛТА.
Рэйс плануецца ажыццявіць з тэрмінала D маскоўскага аэрапорта Шарамеццева 26 верасня ў 15:20. Кошт самага таннага квітка да Мінска ў адзін бок без багажу складае 11 668 расійскіх рублёў (каля $155) — гэта больш чым у два разы вышэй, чым да пачатку пандэміі. Назад з Мінска борт «Аэрафлота» вылеціць у той жа дзень а 18:20 з прыбыццём у тэрмінал F Шарамеццева. Квіток па самым танным зваротным тарыфе без багажу абыйдзецца ў 13 429 расійскіх рублёў (прыкладна $178).
Наступныя рэйсы ў Мінск і назад «Аэрафлот» мае намер здзейсніць 3 кастрычніка. Да пандэміі расійская авіякампанія здзяйсняла штодня каля сямі рэйсаў у беларускую сталіцу.
Як паведамлялася, сёння ўрад Расеі прыняў распараджэнне, якім дазволіў грамадзянам Беларусі ўезд на тэрыторыю РФ праз паветраныя пункты пропуску з 21 верасня. Рашэнне аб аднаўленні авіязносін на ўзаемнай аснове з Беларуссю, Казахстанам і Кыргызстанам было прапанаванае 18 верасня па выніках пасяджэння пад кіраўніцтвам віцэ-прэм’ера Таццяны Голікавай аператыўнага штаба па папярэджанні завозу і распаўсюджвання новай каранавіруснай інфекцыі на тэрыторыі Расіі. Пакуль палёты ў Беларусь і назад будуць ажыццяўляцца авіякампаніямі на ўзаемнай аснове з перыядычнасцю раз на тыдзень. Забарона на ўезд у Расею аўтамабільным і чыгуначным транспартам захоўваецца.
Прэв’ю: ТАСС
Спасылкі
[1] http://belta.by/society/view/aeroflot-nameren-vozobnovit-ezhenedelnye-rejsy-v-minsk-s-26-sentjabrja-407497-2020
[2] https://zviazda.by/be/tags/aviyaperavozki
[3] https://zviazda.by/be/tags/aeraflot