Нацыянальная бібліятэка Беларусі з 1 да 15 лістапада запрашае ўсіх прыхільнікаў паэзіі да ўдзелу ў анлайн-конкурсе чытальнікаў «О Беларусь, мая шыпшына», прымеркаванага да 120-годдзя Уладзіміра Дубоўкі ў межах праекта «На хвалі часу, на плыні жыцця».
Уладзімір Дубоўка ўзбагаціў беларускую літаратуру яркімі паэтычнымі творамі. Яго бліскучы талент стварыў новы, кранальны і ўзвышаны вобраз Беларусі часу бурлівых грамадскіх перамен. Кожны, хто жадае спрычыніцца да святкавання 120-годдзя пісьменніка, можа прыняць удзел у конкурсе, абвешчаным галоўнай бібліятэкай краіны. Трэба толькі ўважліва азнаёміцца з умовамі творчага спаборніцтва і прадставіць на суд журы сваё прачытанне верша ці паэмы Уладзіміра Дубоўкі.
Відэазапіс са сваім выкананнем твора пісьменніка (у ім абавязкова пазначце сваё імя і назву твора) дасылайце на электронную пошту konkurs.dubowka120@gmaіl.com. Таксама ў лісце трэба крыху расказаць аб сабе: назваць свой узрост, месца пражывання, працы/вучобы, пакінуць кантактны нумар тэлефона.
Што датычыцца крытэрыяў ацэнкі відэа, то тут асноўная ўвага будзе звяртацца на выразнасць чытання і артыстычнасць выканання мастацкага твора.
Важна адзначыць, што, дасылаючы сваё відэа на конкурс, гэтым удзельнікі дазваляюць выкарыстоўваць сваю працу на партале бібліятэкі і ў сацыяльных сетках (з абавязковым пазначэннем аўтарства). Пераможцы будуць аб'яўлены 19 лістапада 2020 года. З вынікамі конкурсу можна будзе азнаёміцца на партале www.nlb.by і ў сацыяльных сетках Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, а таксама на старонках і сацыяльных сетках часопісаў «Маладосць» і «Бярозка».
Алена ДРАПКО
Прэв’ю: sobitie.com.ua
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/alena-drapko
[2] https://zviazda.by/be/kultura
[3] https://zviazda.by/be/litaratura
[4] https://zviazda.by/be/tags/litaratura
[5] https://zviazda.by/be/tags/nacyyanalnaya-bibliyateka