У плане працоўнай камандзіроўкі Аляксандра Лукашэнкі ў Слуцкі раён Мінскай вобласці — наведванне кукурузнага поля «Слуцкага сыраробнага камбінату» і малочна-таварнага комплексу «Ванькоўшчына» гэтага прадпрыемства.
«Усю зіму кантроль за цэнамі будзе сур’ёзны»
Адразу пасля прылёту на Случчыну Прэзідэнт пацікавіўся забяспечанасцю краіны гароднінай, запаўненнем стабілізацыйных фондаў і даў задачу губернатарам і мэру Мінска размеркаваць такім чынам гародніну, каб цэны па ёй не скакалі ўзімку і яе хапіла да лета.
Чыноўнікі рапартавалі, што ўраджай яблык у гэтым годзе знізіўся ў параўнанні з мінулым годам, але краіну ўсё-такі забяспечаць імі поўнасцю. «Не прыйдзецца завозіць яблыкі з Егіпту ці з Зімбабве? — запытаў Прэзідэнт. — Хай у чалавека будзе выбар. Мы ж не забараняем егіпецкі яблык прадаваць, калі ласка, прадавайце. Але ж неабходна, каб побач ляжаў добры свой яблык. Глядзіце, усю зіму кантроль за цэнамі будзе сур’ёзны».
Прэзідэнт абурыўся, што некаторыя прадаўцы завозяць з Турцыі і Егіпта бульбу, але лепшая прадукцыя, па яго словах, у нас. Таксама даў задачу сачыць за вырабам цукру — ён дапаможа выправіць экспартныя паказчыкі, бо запыт на пастаўкі ўжо ёсць ад расіян.
Асаблівая ўвага падчас паездкі — кукурузе. Пакуль адносна цёплая і ветраная пагода культуру трэба збіраць, сушыць і закладваць у рукава, адзначыў Прэзідэнт. «Мы ўпэўніліся, што спажыванне сіласаванай кукурузы добрае, так трэба зерне кукурузы сіласаваць у сенажных траншэях, ямах», — дадаў ён.
«Трэба добрыя кармы. Тады і якасць малака і мяса будзе лепш»
Міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Іван Крупко расказаў, што ўжо нарыхтавалі 543 тысячы тон кукурузнага збожжа, к канцу збору атрымаюць яшчэ 830 тысяч тон. Лічбы адрозніваюцца ў меншы бок ад запланаваных, адзначыў Аляксандр Лукашэнка. Але з-за спрыяльнага надвор’я значна павялічыліся нарыхтоўкі сенажоў і сіласаў. Лукашэнка загадаў губернатарам узяць на кантроль якасць кармоў. «Трэба каб кансервацыя, трамбоўка была нармальная і добрыя кармы. Тады і здароўе жывёл і самае галоўнае — якасць малака і мяса будзе лепш», — заўважыў кіраўнік дзяржавы.
«Ты заяўляеш, што для забеспячэння насельніцтва ў нас усяго хопіць?», — запытаў Прэзідэнт у міністра.
«Тое, што ў нас расце, і па пастаўленых задачах хопіць», — адказаў Крупко.
«Галоўная задача, каб за кошт гэтага ўтрымлівалі годныя цэны да будучага ўраджаю», — сказаў Прэзідэнт.
Ён азнаёміўся з узорамі кукурузнага збожжа, сіласа, карнажу (змолаты пачатак). Пачаставалі Прэзідэнта прадукцыяй Слуцкага сыраробнага камбінату. Як адзначыў яго дырэктар Дзяніс Васько, 70% вырабаў ідзе на экспарт, большасць у Расію. У гэты перыяд года, дарэчы, на рынку і цэны, і попыт на сыры павялічваецца. Расказалі Прэзідэнту пра марожанае, якое робяць з сухіх сумесяў, якія пастаўляюць на экспарт. Кіраўніку краіну падаравалі сыры, ён запэўніў, што падзеліцца імі з чыноўнікамі.
«Галоўнае, каб жывёле было цёпла і ўтульна»
На малочна-таварным комплексе «Ванькоўшчына» Прэзідэнт паглядзеў на ўмовы, створаныя для жывёлы. На ферме ўтрымліваюць каля 1000 кароў.
«Я лічу, што гэта аптымальна, але некаторыя кажуць, што трэба 25 тысяч і іншае, але я не люблю такія фермы. 1000, я лічу, гэта нармальна», — сказаў кіраўнік краіны.
Паказалі яму адрэканструяваныя цэхі, якія аднавілі за некалькі месяцаў.
«Калі ў вас так заўсёды, як сёння, то малайцы. Ведаю, што часам можа і горш быць, але галоўнае, каб жывёле было цёпла і ўтульна. Добрая ферма», — адзначыў Прэзідэнт.
Пры гэтым ён прызнаўся, што яму сорамна перад аграрыямі, што пакуль яны працуюць, жыхары Мінска «бадзяюцца» па вуліцах.
«Год вельмі добры, нягледзячы на тое, што ён высакосны, палітычны, кавідны…»
Перад адлётам Прэзідэнт адказаў на пытанні журналістаў, якія тычыліся вынікаў чарговага сельскагаспадарчага сезону, сітуацыі з ковідам у краіне і масавых мерапрыемстваў у сталіцы, запланаваных на выхадныя.
Пра стан аграпрамысловага комплексу Лукашэнка сказаў, што год быў вельмі добры. Сабралі ўжо 8,5 мільёнаў тон збожжавых каласавых, да гэтага можна будзе дадаць яшчэ 1,3 мільёна тон кукурузнага збожжа і 800 тысяч тон рапсу, праінфармаваў ён.
«Кукуруза крыху нас падвяла, таму што год быў складаны для росту кукурузы. Але мы ніколі такі ўраджай збожжавых не атрымлівалі. Ну і травяністыя кармы, каб скаціну накарміць, — сілас, сянаж, сена значна больш, чым у мінулым годзе. Таму год вельмі добры, нягледзячы на тое, што ён высакосны, палітычны, кавідны год», — сказаў Прэзідэнт, запэўніўшы, што краіна будзе не толькі апранутая і накормленая, але і на экспарт прадасць мільярдаў на 5–6 сельгаспрадукцыі.
«Сэнс інвестыцыйнага цыклу ў тым, каб пабудаваць новыя тэхналагічныя прадпрыемствы і мадэрнізаваць старыя, паглыбляючы вытворчасць»
«Трэба ўкладаць грошы ў будаўніцтва новых прадпрыемстваў. Па-першае, высокатэхналагічных, бо будаваць старое бескарысна. На рынку не зможам канкурыраваць і прадаваць прадукцыю, таму неабходна інвеставаць у будаўніцтва новага», — сказаў Лукашэнка, адказваючы на пытанне пра інвестыцыйныя перспектывы на будучую пяцігодку.
Адно з новых прадпрыемстваў — камбінат па паглыбленай перапрацоўцы цэлюлозы. «Мы будзем ісці глыбей і на гэтым мы добра заробім. І мы гэта ўмеем рабіць, таму будзем будаваць новыя прадпрыемствы з разлікам на кампетэнцыі нашых людзей», — заявіў Прэзідэнт.
Але асвойваюць беларусы і новыя для сябе тэхналогіі — штучныя спадарожнікі для космасу, атамную энергетыку
«Сэнс гэтага інвестыцыйнага цыклу ў тым, каб пабудаваць новыя тэхналагічныя прадпрыемствы і мадэрнізаваць старыя, паглыбляючы вытворчасць», — канстатаваў Прэзідэнт.
Прэзідэнт аб COVID-19: Сітуацыя ў Беларусі кантралюемая
На парадку пытанняў журналістаў зноў каранавірус, захваральнасць на які расце ў свеце і ў Беларусі ў прыватнасці.
Прэзідэнт расказаў пра ўласны досвед, што сам перанёс каранавірус на нагах. «Самае галоўнае, калі захварэеш, каб не было псіхозу». Ён прызнаўся, што ведаў — большасць насельніцтва ў яго метады барацьбы з пандэміяй не паверыла.
«Я сумленна гэта прызнаю. Страшна было, але я разумеў, што ўся хвароба — у галаве. Фізічна мы перанясем раны, траўмы і іншае. Але калі ты пачынаеш паддавацца псіхозу — усё, — заўважыў Прэзідэнт. — Кавід стаў самай страшнай хваробай. Людзі ўжо забыліся на анкалогію і думалі пра гэты вірус. Гэта няправільна, я гэта адчуваў. Гэта мая інтуіцыя, вопыт. І спрабаваў вам гэта ў галаву ўкласці і дастукацца да вас. Вы мне не паверылі. Але цяпер вы пераканаліся, што я меў рацыю».
Ён нагадаў свой жорсткі выраз, які паўтараў шмат раз у тыя часы: «Што будзем жэрці?» Па яго словах, калі б мы закрылі краіну, то прапусцілі б гэты ўраджайны год.
Прэзідэнт выказаў думку, што з каранавірусам чалавецтву прыйдзецца жыць, як з грыпам ці ВРЗ.
«Будзе вакцына, правакцынуем людзей», — сказаў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка дадаў, што шмат людзей хварэе бессімптомна і іх адсачыць вельмі цяжка.
«Пакуль у нас сітуацыя кантралюемая абсалютна, — заявіў Аляксандр Лукашэнка. — Лекаў дастаткова, сістэму мы стварылі. Мы не цягнем усіх у бальніцы. Калі ўжо чалавек цяжкі, калі мы бачым у яго прагрэс па хваробе сур’ёзны, вядома, мы яго ў бальніцу. Таму што раптам трэба на кісларод, на апараце штучнай вентыляцыі лёгкіх яго трымаць».
Прэзідэнт пра мітынг 25 кастрычніка: Нам нельга рызыкаваць людзьмі
Прэзідэнт адказаў на пытанне, як ён ставіцца да мітынгу, правесці які прапанавала Федэрацыя прафсаюзаў 25 кастрычніка.
«Мая пазіцыя адмоўная. Але я вельмі ўдзячны і прафсаюзам, і маладзёжным арганізацыям, і асабліва ветэранам», — сказаў Прэзідэнт.
Па яго словах, учора вечарам з усіх раёнаў Беларусі было заяўлена для ўдзелу ў мітынгу ў Мінску 250–300 тыс. чалавек.
Ён упэўнены, што такую масу людзей сталіца «не пераварыць» і збіраць іх з усёй краіны не трэба. «Гэта будзе калапс. Мы паралізуем поўнасцю Мінск», — дадаў ён, але адзначыў, што праблема не толькі ў гэтым.
Людзі едуць падтрымаць Бацьку, як сказаў Прэзідэнт, яны ж і пабачыць яго хочуць. «А як ён убачыць? Я думаю, выступлю на Кастрычніцкай плошчы. Ну 15 тысяч мяне ўбачаць», — сказаў ён.
«Але галоўнае, — мы не забяспечым бяспеку людзей. Адзін выбух у натоўпе, і людзей пачнуць ціснуць як на Нямізе, — падкрэсліў кіраўнік краіны. — Ды і пратэстуны па вуліцы ходзяць. Мы што міліцыю зараз забяром для забеспячэння бяспекі? А хто будзе кантраляваць астатнюю частку?».
На такое рашэнне Прэзідэнта паўплываў і рост колькасці выпадкаў COVID-19.
«Таму маё меркаванне на сёння — нельга нам збіраць народ. Пераб’емся, чаго нам прыпадабняцца ім (удзельнікам пратэстаў — Зв.), — сказаў Прэзідэнт. — Я вельмі ўдзячны грамадскім аб'яднанням, прафсаюзам, што яны не спалохаліся прасунуць гэту ініцыятыву, але за 3–4 дні (пакуль гэта ўсё разварочвалася) я прыходжу да выніку, што нам нельга рызыкаваць людзьмі».
Па яго словах хваля мітынгаў за мір ад людзей пайшла пасля апошняй нядзелі, калі адбылася радыкалізацыя пратэсту, і людзі адчулі, што могуць страціць краіну.
Марыя ДАДАЛКА
Фота БЕЛТА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/maryya-dadalka
[2] https://zviazda.by/be/palityka
[3] https://zviazda.by/be/prezident
[4] https://zviazda.by/be/tags/aliaksandr-luka%C5%A1enka
[5] https://zviazda.by/be/tags/slucki-rayon