Даслоўна англійскае слова «чайлдфры» перакладаецца як «свабодныя ад дзяцей». Так ва ўсім свеце называюць сябе людзі, якія свядома вырашылі не станавіцца бацькамі.
Пазіцыя адмовы ад гэтай, здавалася б, закладзенай у кожным патрэбы выклікае хвалю асуджэння — на форумах, дзе збіраюцца чайлдфры, заўсёды можна сустрэць хейтараў, якія абвінавачваюць «свабодных ад дзяцей» у эгаізме, спажывецкім стаўленні да жыцця і наогул ва ўсіх смяротных грахах. Але чаму некаторыя людзі прыходзяць да такога рашэння? І што пра ўсё гэта думаюць псіхолагі?
Адкуль яны ўзяліся
Прыхільнікі філасофіі чайлдфры — прадстаўнікі самых розных прафесій, з розным жыццёвым вопытам і ўзроўнем адукацыі. Падобныя погляды на пытанне дзетанараджэння могуць выказваць як юныя хлопцы і дзяўчаты, так і дарослыя жанчыны і мужчыны, як людзі вельмі забяспечаныя і паспяховыя, так і тыя, хто ўсё жыццё балансуе на краі фінансавай прорвы, як уладальнікі дыпломаў прэстыжных ВНУ, так і тыя, хто з цяжкасцю скончыў агульнаадукацыйную школу.
Існуе стэрэатып, што ў падобныя супольнасці ў сеціве аб'ядноўваюцца няшчасныя, адзінокія, псіхічна нездаровыя асобы, якія ненавідзяць усіх вакол.
— Перш за ўсё, далёка не ўсе чайлдфры сацыяфобы, якія праводзяць свой век у адзіноце, у пустой кватэры перад маніторам камп'ютара. Гэта могуць быць актыўныя жыццярадасныя людзі, часта яны ўтвараюць пары і нават рэгіструюць шлюбы з тымі, хто падзяляе іх погляды, — кажа сямейны псіхолаг Кацярына Алёхіна. — Ну, а працэнт псіхічных адхіленняў сярод тых, хто прытрымліваецца філасофіі «свабоды ад дзяцей», не вышэй і не ніжэй, чым сярод людзей, якія з'яўляюцца бацькамі.
Філасофія чайлдфры — зусім не параджэнне трэцяга тысячагоддзя, яе ўзрост — амаль сто гадоў. Больш за тое, чайлдфры — не вытворная «сытых» часоў, эпохі эгаізму і спажывецтва, тут хейтары не маюць рацыі. Усё якраз наадварот. Як пішуць сацыёлагі, што даследавалі гэтае пытанне, ідэя «свабоды ад дзяцей» упершыню сфарміравалася ў канцы саракавых гадоў багатага на ўзрушэнні мінулага стагоддзя як адказ на дзве сусветныя вайны. А набыла мноства прыхільнікаў пасля скідвання бомбаў на Хірасіму і Нагасакі. Сутнасць яе была такой: чалавечае жыццё абясцэнена, а значыць, не варта нараджаць дзяцей: усё роўна ў гэтым няма ніякага сэнсу. У краінах былога Савецкага Саюза рух чайлдфры знайшоў паслядоўнікаў пазней, у 1990-х таксама ў адказ на сацыяльныя ўзрушэнні і абясцэньванне чалавечага жыцця. Падсвядомы эмацыянальны пасыл быў амаль такі ж: «Свет — небяспечнае, варожае чалавеку месца, і прыводзіць у яго дзяцей — жорстка». Ну, а развіццё сферы кантрацэпцыі спрасціла ўвасабленне ідэі ў жыццё.
У нашы дні, перш чым задумвацца пра нашчадкаў, адказныя маладыя людзі часта імкнуцца дамагчыся пэўнага матэрыяльнага становішча, «устаць на ногі», каб мець магчымасць даць свайму дзіцяці годныя ўмовы жыцця. Атрымліваецца гэта далёка не ва ўсіх, але ў любым выпадку спроба «падняцца наверх» патрабуе часу і намаганняў. Узрост дзетанараджэння ў жанчын абмежаваны, і калі ён мінуў, застаецца невялікая колькасць варыянтаў: экстракарпаральнае апладненне (дарагое і не заўсёды дае вынік), усынаўленне (да якога гатовая не кожная) і тая самая філасофія чайлдфры як спосаб прыняць тое, што немагчыма змяніць.
Яшчэ адна глабальная перадумова — свабода выбару, якая ёсць у сучаснай жанчыны ў большасці краін свету. Шляхі і спосабы самарэалізацыі ў кожнай канкрэтнай прадстаўніцы прыгожага полу могуць значна адрознівацца ад традыцыйных «добрая маці» і «выдатная гаспадыня» — магчыма, з прычыны асаблівасцяў яе характару ёй проста патрэбны «іншы п'едэстал гонару». І гэта яе права, тым больш што грамадства ў наш час без агрэсіі або зневажальнага жалю ставіцца да жанчын, якія па тых ці іншых прычынах не сталі маці.
Што кажуць псіхолагі
На пытанне «Яны наогул нармальныя?» псіхолагі адказваюць: так, такое перакананне можа быць варыянтам нормы. Але толькі ў тым выпадку, калі на ўсіх трох узроўнях — розуму, эмоцый і паводзін — гэтая тэма для жанчыны не з'яўляецца «пункцікам», да якога яна вяртаецца зноў і зноў. Калі гэта варыянт нормы, жанчына здольная лагічна растлумачыць сваё рашэнне. У яе няма перажыванняў, праяў агрэсіі, негатыўных эмоцый, калі яна чуе пытанне: «Ці ёсць у вас дзеці?» Або: «Чаму ў вас да гэтага часу няма дзяцей?» Яе не раздражняюць цяжарныя і мамы з каляскамі. Яна зрабіла свой выбар.
Дарэчы, у тых, чый выбар усвядомлены, часцей за ўсё няма неабходнасці хадзіць на форумы і ўступаць у супольнасці чайлдфры.
— Наадварот, удзел у такіх групах можа стаць вырашэннем неўсвядомленай, падаўленай агрэсіі. Калі чалавек не цалкам упэўнены ў правільнасці свайго выбару, ён мае патрэбу ў пацвярджэнні: «Гэтак жа, як я, думаюць і іншыя, мае ідэі падзяляе мноства людзей». Часам агрэсіўнае нежаданне станавіцца маці, напрыклад, можа мець у аснове моцнае жаданне нарадзіць дзіця, якое ніяк не можа ўвасобіцца ў жыццё, — кажа спецыяліст. — Прычынай могуць быць няўдачы ў выстройванні адносін з процілеглым полам, праблемы са здароўем або (вельмі часта ў маладых дзяўчат) страх не справіцца, не забяспечыць дзіця ў сілу недастатковасці фінансавых рэсурсаў. Дарэчы, нярэдка бывае, што васемнаццацігадовыя чайлдфры ў трыццаць становяцца клапатлівымі мамамі і татамі, што вельмі любяць сваё дзіця.
Але вернемся да прычын выбару «свабоды ад дзяцей». Іх мноства, адзначаюць спецыялісты. Напрыклад, так званая «бікар'ерная сям'я», дзе і муж, і жонка нацэлены ў першую чаргу на рашэнне прафесійных і кар'ерных задач. Або дзіцячы вопыт дзяўчат, якія выраслі ў дэструктыўных сем'ях з эмацыянальна непрымальнымі адносінамі паміж бацькамі і дзецьмі. Гэта можа быць няпоўная бацькоўская сям'я, дзе мама «паклала жыццё» на тое, каб вырасціць дзяцей. Або занадта строгае выхаванне з мноствам забарон. Ці адсутнасць даверлівых адносін з мамай. Усё гэта становіцца тымі фактарамі, якія падштурхоўваюць жанчыну да рашэння не мець уласных дзяцей. «Маё дзяцінства не было шчаслівае, і я не хачу вяртацца да яго нават у іншай ролі, у ролі маці» — так можна вызначыць устаноўку, якую фармулюе жанчына ў гэтых выпадках.
Што датычыцца мужчын, якія вырашылі не мець дзяцей, псіхолагі кажуць пра «сіндром старэйшых сыноў». Гэта адбываецца, калі з нараджэннем малодшых старэйшаму адмаўляюць у праве быць дзіцем: «Ты ўжо вялікі», «Ты старэйшы, ты павінен глядзець за малодшымі, дапамагаць ім, абараняць іх», «Ты будзеш дзяліцца з імі цацкамі і прысмакамі» і г. д. У гэтым выпадку будучы мужчына фармулюе ўстаноўку: «Малодшыя ў сям'і — гэта тыя, з кім прыйдзецца дзяліцца сваёй унікальнасцю». І ён вырашае не мець дзяцей, каб атрымаць ад жыцця тое, што не атрымаў у дзяцінстве. Часта такія мужчыны наогул не здольныя да доўгачасовых адносін і ўсё жыццё пазбягаюць шлюбу.
Калі ж казаць пра несвядомыя ўстаноўкі, то тут псіхолагі шукаюць адказ у самай ранняй гісторыі чалавека, які вырашыў адмовіцца ад мацярынства або бацькоўства. Шматлікія даследаванні пацвярджаюць, што на стаўленне да ўласнага мацярынства (або бацькоўства) уплывае стаўленне маці да дзіцяці яшчэ на этапе ўнутрывантробнага развіцця. Калі цяжарнасць была нежаданая або мела скажоныя матывы («атрымалася выпадкова», спосаб утрымаць каханага, біялагічны гадзіннік, «нараджай, а то развядзёмся»), то праз шмат гадоў на падсвядомым узроўні гэта можа паспрыяць выбару філасофіі «свабоды ад дзяцей» ужо дарослага сына або дачкі.
Слова мамам
Аліна нядаўна нарадзіла трэцяе дзіця, а яе старэйшая сястра Анастасія дзяцей не мае і мець не плануе.
— Насця з пяшчотай ставіцца да пляменнікаў і яны шчыра любяць сваю цётачку, — кажа Аліна. — Але ў сястры зусім іншы склад характару, яна фатограф, працуе на крутую кампанію, пастаянна падарожнічае па свеце і наўрад ці здольная праседзець дома больш за тыдзень. Неяк я пакінула з ёй маіх маленькіх сыноў на дзве гадзіны, і, калі прыйшла, зразумела, што ёй было неверагодна цяжка з імі без мяне. Насця не створана быць маці, але ад гэтага яна не становіцца дрэнным чалавекам. Тым больш што я згодная з ёй па многіх пытаннях, якія мы часам абмяркоўваем, размаўляючы пра мацярынства. Я таксама лічу, што нараджаць дзяцей, каб умацаваць сям'ю, — эгаістычна ў адносінах да дзяцей. Тым больш што дзеці не ўмацоўваюць сям'ю — гэта не больш чым стэрэатып. Сям'ю ўмацоўваюць агульныя інтарэсы, давер і ўменне слухаць і чуць адно аднаго. І ўжо сапраўды не варта нараджаць дзяцей, «каб не адчуваць сябе адзінокімі». Кіруючыся гэтым матывам, не варта заводзіць нават хатніх жывёл. Няправільных матываў мноства: «Ва ўсіх ёсць дзеці, і ў мяне таксама павінны быць», «Потым будзе позна», «Каб мама перастала пытацца, калі чакаць унукаў», «Каб павялічыць жылплошчу» і г. д. Усё гэта цягне за сабой выбудоўванне няправільных сувязяў паміж бацькамі і дзіцем. А адна з самых небяспечных, на мой погляд, установак — «Я нараджу дзіця, і яно дасягне большага, чым я». Дзіця не абавязана выконваць вашы мары і не павінна станавіцца заложнікам вашых псіхалагічных праблем.
— Навошта ж тады трэба нараджаць дзяцей?
— Я б сказала, няма чаго. Мне здаецца, правільны матыў — проста жаданне прывесці ў свет яшчэ адно жыццё. Адчуванне перапоўненасці пяшчотай і любоўю, якімі хочацца дзяліцца не толькі з мужам. Мне здаецца, усе адмоўныя ўстаноўкі пры нараджэнні дзіцяці звязаны з жаданнем нешта атрымаць. І калі бацькі гэтага не атрымліваюць ад дзяцей (а яны, хутчэй за ўсё, не атрымаюць тое, на што падсвядома разлічваюць), яны адчуваюць негатыўныя эмоцыі, расчараванне. Ім здаецца, што роднае дзіця ім здрадзіла. Аб якіх здаровых адносінах бацькоў і дзяцей можна казаць у гэтым выпадку? Правільная ўстаноўка на мацярынства або бацькоўства — гэта жаданне бескарысліва аддаць. Аддаць маленькаму чалавеку свае любоў, пяшчоту і клопат. Калі гэта ёсць — у вас ёсць шанц стаць добрымі (чытай: шчаслівымі) бацькамі, а ў вашых дзяцей — вырасці ў гарманічнай сям'і, дзе яны будуць не клопатам і цяжкім крыжам, а неверагодным задавальненнем.
Аляксандра АНЦЭЛЕВІЧ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/alyaksandra-ancelevich
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/tags/dzeci
[4] https://zviazda.by/be/tags/chayldfry
[5] https://zviazda.by/be/tags/psiholagi