Пра гэта паведаміў старшыня Брэсцкага аблвыканкама Анатоль ЛІС падчас адкрыцця кабінета ўдарна-хвалевай літатрыпсіі ў Брэсцкай абласной клінічнай бальніцы.
— Вясной на піку захваральнасці мы былі гатовыя да таго, каб размясціць у медустановах адначасова 4200 пацыентаў, пры гэтым было максімальна задзейнічана 3500 ложкаў. А цяпер мы можам адвесці больш за 6000 ложкаў. Сёння спецыялісты кажуць, што многім хворым дастаткова аказваць амбулаторнае лячэнне.
Усё, што было створана раней, захавана і паспяхова функцыянуе, падкрэсліў Анатоль Ліс. Каб скараціць затраты ў міжсезонны перыяд, былі вызначаны тры цэнтры, якія займаліся лячэннем кавідных хворых — Брэст, Баранавічы, Пінск. Зараз з ростам выпадкаў інфекцыі давялося зноў адкрываць аддзяленні ў Кобрыне, Бярозе, Лунінцы, Століне. Мы гатовыя аказваць своечасовую дапамогу людзям. У вобласці ёсць 427 апаратаў для штучнай вентыляцыі лёгкіх, 156 наркозна-дыхальных апаратаў, 91 кіслародны канцэнтратар, 1534 пункты рэспіраторнай падтрымкі.
Разам з тым сітуацыя з каранавіруснай інфекцыяй не павінна перашкаджаць лячэнню людзей з іншымі захворваннямі, заўважыў старшыня Брэсцкага аблвыканкама. Таму і ўводзяцца ў строй медыцынскія комплексы кшталту сучаснага кабінета ударна-хвалевай літатрыпсіі.
Пад пакупку новага апарата коштам больш за 450 тысяч еўра ў абласной бальніцы была праведзена рэканструкцыя шэрагу памяшканняў. Работы абышліся бюджэту ў 376 тысяч рублёў.
Лячэнне, якое забяспечвае новая апаратура, спецыялісты называюць эфектыўным і малатраўматычным. Камяні здрабняюцца і выводзяцца без хірургічнага ўмяшальніцтва. Як патлумачыў галоўны ўрач бальніцы Аляксандр КАРПІЦКІ, літатрыптар з’яўляецца цалкам інтэграванай рабочай станцыяй. За кошт унікальнай тэхналогіі факусіроўкі ўдарнай хвалі новае абсталяваннне ў 1,5 раза больш эфектыўнае за папярэдняе. Цяпер пазбавіць чалавека ад камянёў стане магчыма за 1-2 сеансы, раней патрабавалася 2-3 працэдуры. Сёння гэта адзін з самых бяспечных метадаў лячэння мочакаменнай хваробы.
Святлана ЯСКЕВІЧ
Фота Валерыя КАРАЛЯ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/svyatlana-yaskevich
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/zdaroue-0
[4] https://zviazda.by/be/regiyony-0
[5] https://zviazda.by/be/tags/brest
[6] https://zviazda.by/be/tags/karanavirus
[7] https://zviazda.by/be/tags/anatol-lis