Пераможцы шостага конкурсу «Лідар энергаэфектыўнасці — 2020» сёлета ўдзельнічалі ў спаборніцтвах анлайн і гэтак жа атрымлівалі віншаванні. Тым не менш створаныя імі прылады цалкам матэрыяльныя і могуць выкарыстоўвацца для павышэння энерга- і рэсурсаэфектыўнасці як у цэлых галінах вытворчасці, так і на асобных падворках. Усяго сярод сёлетніх пераможцаў у шасці намінацыях 25 прадпрыемстваў. Самай запатрабаванай стала «Энергаэфектыўная тэхналогія года», а яшчэ з'явілася новая — «Лічбавая трансфармацыя, аўтаматызацыя, «разумныя» тэхналогіі». Самыя цікавыя вынаходствы мы вырашылі разгледзець больш падрабязна.
Для падворкаў, турыстаў, даследчыкаў Арктыкі
Сёлетні конкурс прайшоў дастаткова паспяхова. Было шмат цікавых заявак, якія рэальна прадэманстравалі інавацыйны тэхналагічны патэнцыял краіны ў частцы павышэння энергаэфектыўнасці. А новая намінацыя па лічбавізацыі дазволіла паказаць патэнцыял і айчынных праграмістаў, і тэхнолагаў па ўкараненні лічбавых тэхналогій, у тым ліку ў энергетыку, заўважыў Андрэй МАЛОЧКА, старшыня экспертнага савета конкурсу, кіраўнік аддзела агульнай энергетыкі.
Адным з пераможцаў стаў аксіяльны ветрагенератар на пастаянных магнітах, створаны некалькімі пакаленнямі студэнтаў і магістрантаў БНТУ. Доследная мадэль ужо працуе на прыватным падвор'і Вячаслава ЧАРВІНСКАГА, к. т. н., дацэнта кафедры ЮНЕСКА «Энергазберажэнне і аднаўляльныя крыніцы энергіі» БНТУ, які расказаў пра вынаходніцтва.
— Мэтай стварэння прылады было яе выкарыстанне ў прыватных домаўладаннях і аўтаномнае выкарыстанне турыстамі, геолагамі і нават даследчыкамі Арктыкі і Антарктыкі. Другая задача — павышэнне энергааддачы шляхам зніжэння стартавага моманту ветрагенератара.
Ужо пры 100-150 абаротах у хвіліну ветракола пачнецца зарадка акумулятара-назапашвальніка на 12В. Пікавая магутнасць да 2 кВт развіваецца пры хуткасці ветру 12 м/с, а работа пачынаецца ад 3 м/с. Доследная прылада на мачце вышынёй шэсць метраў ужо некалькі месяцаў працуе на лецішчы непадалёк ад Мінска. Энергіі, што яна выпрацоўвае, хапае, каб усе выхадныя не карыстацца звычайнай электраэнергіяй.
— Генератар лёгкі, без электрапроваду. Ветракола можна поўнасцю спыніць шляхам кароткага замыкання. Пры росце абаротаў (400-800 абаротаў) ветракола напружанне застаецца практычна стабільнае, што дазваляе абысціся без прылад па стабілізацыі напружання, — сказаў вучоны. — Па папярэдніх разліках за год яна здольная выпрацаваць каля 4,5 тысячы кВт•г пры каэфіцыенце выкарыстоўвання ўстаноўленай магутнасці прыкладна 30 %. Тэрмін акупляльнасці прылады — каля 11 месяцаў. Радыус лопасці ветрака — 1,5 метра, так што ён добра ўлоўлівае вецер. Пры гэтым узровень шуму на вялікім ветры каля 70 дБ.
Аналагічныя прылады кітайскай вытворчасці, дарэчы, каштуюць каля 600 долараў. Сабекошт айчыннай — 280 долараў. І стваральнікі ветрагенератара заяўляюць, што беларускі дакладна будзе больш танны. Да таго ж яны гатовыя дапамагчы ўсім зацікаўленым з чарцяжамі і стварэннем такога вынаходніцтва.
Палімер замест рэек
Абараніць падземныя газа- і трубаправоды, падземныя камунікацыі і металічныя збудаванні ад карозіі дапамагае выкарыстанне палімерных анодных зазямляльнікаў замест традыцыйных — са сталёвых рэек, упэўнены Андрэй КАЛЯДА, начальнік аддзела энергетыкі, тэлемеханікі і абароны падземных газапровадаў ад карозіі УП «Брэстаблгаз»:
— У класічных зазямляльніках выкарыстоўваліся рэйкі, былыя ў карыстанні, або чыгунныя трубы. Тэрмін іх службы — каля дзесяці гадоў. Пасля мантажу гэтых традыцыйных электродаў у наступныя два гады пачынае стварацца аксідная плёнка, што пагаршае характарыстыкі прылады. Да таго ж падчас эксплуатацыі рэйкі раствараюццца і забруджваюць грунтавыя воды. Адзін электрод важыць 2,5 тоны — уявіце, што трапляе ў ваадносны пласт за дзесяцігоддзе! Таму мы распрацавалі прынцыпова новае рашэнне.
Першы аб'ект, на якім спецыялісты выкарысталі зазямляльнік, зрабілі на вуліцы Першамайскай у Пінску. Акрамя больш якаснага і надзейнага газазабеспячэння насельніцтва, якога ставілі мэтай дасягнуць работнікі «Брэстаблгаза», яны атрымалі прыемны бонус: на газаправодзе з новымі электродамі пачаў расці патэнцыял.
— Каб прывесці да намінальнага значэння, мы пачалі памяншаць магутнасць станцыі. У выніку істотна знізіўся расход электраэнергіі. За год тут зэканомілі каля 1000 кВт•г, — расказаў Андрэй Каляда. — Гарантаваны тэрмін эксплуатацыі палімерных зазямляльнікаў 30 гадоў, і за гэты перыяд не зніжаюцца токавыя характарыстыкі.
З 2007 года ва ўжытку знаходзяцца ўжо 27 такіх электродаў. А ў будучым спецыялісты плануюць замяніць новымі прыладамі старыя зазямляльнікі на прыкладна 800 аб'ектах.
Анодны зазямляльнік знаходзіцца на глыбіні 48 метраў і пасля тэрміну службы не вымаецца з зямлі. Ён потым паступова абрастае грунтам, не раствараецца і не атручвае падземныя воды.
Блокі з керамзіту для жылля эліты?
Пошукамі магчымасцяў энергазберажэння ў доме займаюцца вытворцы матэрыялаў. Аляксандр ДЗЕРВАЕД, намеснік галоўнага інжынера па мадэрнізацыі і тэхнічным маркетынгу, начальнік тэхнічнага аддзела Новалукомльскага завода керамзітавага гравію, расказаў, як павысіць энергаэфектыўнасць будынкаў у панельным і індустрыяльным домабудаўніцтве за кошт выкарыстання керамзіту:
— Спецыяльна ў межах выканання дзяржпраграмы на 2016—2020 гады распрацоўваліся сценавыя блокі з керамзітапенабетону для будынкаў індустрыяльнага домабудавання. Матэрыял атрымаўся аблегчаны з дастатковымі трываласнымі якасцямі, і мы гатовыя пастаўляць яго на рынак.
Першую закладку выпрабавальных панеляў зрабілі на Ганцавіцкім заводзе БПД, і па першых выніках «у перспектыве прапануецца на стандартным абсталяванні заводаў БПД адліваць аднаслойную панель з керамзітапенабетону з характарыстыкамі, якіх будзе дастаткова, каб выкарыстоўваць панелі без уцяплення», расказаў Аляксандр Дзерваед.
Хоць керамзітабетон даражэйшы, чым звычайны «цяжкі» бетон, ён мае шэраг пераваг, якія ў рэшце рэшт робяць будаўніцтва больш танным. Панель з керамзітабетону, у прыватнасці, можа забяспечыць усе ўмовы па цеплаправоднасці і марозаўстойлівасці, а таксама аблегчыць нагрузку на канструкцыю, лічаць спецыялісты. Мяркуецца, што таўшчынёй панель павінна атрымацца каля 400—500 мм, а па вазе — прыкладна 600—650 кг/м3. Пакуль жа вядуцца выпрабаванні прадукту.
Пры гэтым блокі з керамзітабетону ўжо актыўна выкарыстоўваюць, напрыклад, прыватныя заказчыкі. Яны прымяняліся ў сталіцы і ў некаторых шматпавярховіках, у тым ліку ў элітным жыллі.
Драўняныя брыкеты супраць тарфяных
Зменшыць выкарыстанне торфу і вугалю для шэрагу розных мэт, у прыватнасці, для гарачага водазабеспячэння жылля, можна за кошт паліўных пелет, мяркуе Ілья ЦЯЦЕРЫН, галоўны інжынер ААТ «Старобінскі ТБЗ».
Торфабрыкетны завод займаецца перапрацоўкай драўняных адходаў і пастаўкай торфабрыкетаў. Каб пашырыць лінейку прадукцыі, старобінская арганізацыя стала вырабляць паліўныя драўняныя брыкеты.
— На прадпрыемстве адбылася тэхнічная мадэрнізацыя драбільнага абсталявання, у выніку чаго наладжана вытворчасць драўняных паліўных брыкетаў, — расказаў Ілья Цяцерын. — Яны прызначаны для спальвання на ўстаноўках, якія працуюць на цвёрдым паліве пры выпрацоўцы цепла- і электраэнергіі. Брыкеты маюць форму чатырохгранніка шырынёй да 80 мм, да 40 мм у вышыню і даўжынёй да 200 мм. Шчыльнасць прадукцыі ў межах 800-1400 кг/м3.
Гранічна нізкая зольнасць (да 1,5 %) мінімізуе выдаткі на мерапрыемствы па абыходжанні з попелам. Малая вільготнасць (да 10 %) і высокая цеплаправоднасць (найніжэйшая цеплата спальвання складае 4665 кКал/кг, або 19,5 МДж/кг) забяспечваюць драўняным брыкетам значныя перавагі перад тарфянымі, у якіх сярэдняя цеплата спальвання — 14 МДж/кг.
— Эканамічны эфект пры спальванні драўняных брыкетаў дасягаецца дзякуючы іх высокім значэнням цеплатворнасці і шчыльнасці за кошт зніжэння аб'ёму спажывання паліва. Змяншаюцца таксама затраты на экалагічныя мерапрыемствы, бо памяншаецца колькасць шкодных выкідаў у атмасферу, — запэўніў спецыяліст Старобінскага ТБЗ. — Павелічэнне энергаэфектыўнасці абсталявання, імпартазамяшчэнне паліўна-энергетычных рэсурсаў, павелічэнне выкарыстання мясцовых відаў паліва, рацыянальнае выкарыстанне адходаў дрэваапрацоўкі — задачы, якія вырашаюцца праз выкарыстанне паліўных драўняных брыкетаў.
Цяпер на заводзе штомесяц вырабляюць да 3000 тон драўняных паліўных брыкетаў, але збіраюцца павялічыць магутнасці да вырабу 7000 тон. Працуюць таксама над стварэннем драўняных і торфа-драўняных паліўных гранул — пелет дыяметрам 6-8 мм — для бытавога выкарыстання і 14—16 мм — для прамысловага спальвання.
Як бачна, усе распрацоўкі конкурсу традыцыйна скіраваны на павышэнне энергаэфектыўнасці і змяншэнне энергазатрат, а вось прадстаўленыя тут магчымасці і ідэі штогод натхняюць і здзіўляюць нават экспертаў.
Ірына СІДАРОК
Фота з архіва прадпрыемства
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/iryna-sidarok-0
[2] https://zviazda.by/be/ekanomika
[3] https://zviazda.by/be/gramadstva
[4] https://zviazda.by/be/tags/energaefektyunasc
[5] https://zviazda.by/be/tags/energiya-0
[6] https://zviazda.by/be/tags/energetyka