Старшыня канцэрна «Белнафтахім» Андрэй Рыбакоў распавёў у інтэрв’ю часопісу «Веснік «Белнафтахіма» аб тым, як у 2021 годзе будзе змяняцца цана на аўтамабільнае паліва для насельніцтва, паведамляе БЕЛТА [2].
«Мы не плануем мяняць правераны часам і ў асноўным станоўча ўспрыняты насельніцтвам і бізнесам падыход да цэнаўтварэння. У залежнасці ад змянення кошту нафты з улікам комплекснай ацэнкі дзейнасці нафтаперапрацоўчых заводаў рух цэн будзе адбывацца ў бок як павелічэння, так і зніжэння не больш чым на 1 капейку за літр у тыдзень», - сказаў Андрэй Рыбакоў.
У адказ на пытанне, ці застаецца актуальнай ў 2021 годзе дыверсіфікацыя паставак нафты, старшыня канцэрна падкрэсліў, што гэта не самамэта, а рэаліі сучаснага рынку нафты і нафтапрадуктаў.
«У цяперашніх умовах заклад стабільнай працы ўсяго нафтахімічнага комплексу — гэта магчымасьць манеўру. Набыты на працягу 2020 года вопыт, несумненна, будзе карысны ў перспектыве. Нашы заводы паспрабавалі новыя гатункі і міксы нафты, адпрацавалі новую лагістыку, супрацоўнічаючы з сусветнымі трэйдарамі. На наступным этапе мы абкатаем іншыя варыянты паставак прадукцыі, паколькі перад намі адкрываюцца новыя магчымасці расійскіх партоў. Зараз мы над гэтым актыўна працуем», - адзначыў ён.
Андрэй Рыбакоў таксама падвёў вынікі мінулага года. Валавы аб’ём здабычы беларускай нафты за 11 месяцаў склаў 1,564 млн тон. На НПЗ перапрацавана 14,687 млн т нафты. Глыбіня перапрацоўкі павялічана на 3 працэнтныя пункты ў параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года да 79,3%, адбор светлых нафтапрадуктаў вырас амаль да 61%. Прадукцыю галіны за 11 месяцаў экспартавалі ў 95 краін свету на суму $ 4,2 млрд.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/ekanomika
[2] https://www.belta.by/economics/view/belneftehim-rasskazal-kak-v-2021-godu-budet-izmenjatsja-tsena-na-avtomobilnoe-toplivo-422789-2021/
[3] https://zviazda.by/be/tags/nafta
[4] https://zviazda.by/be/tags/andrey-rybakou
[5] https://zviazda.by/be/tags/belnaftahim
[6] https://zviazda.by/be/tags/paliva