Медыятыўныя пагадненні па камерцыйных спрэчках на міжнародным узроўні з сённяшняга дня (15 студзеня) запрацуюць і ў Беларусі. У краіне ўступіла ў сілу Канвенцыя ААН аб міжнародных міравых пагадненнях, якія дасягнутыя ў выніку медыяцыі (Сінгапурская канвенцыя), Перавагай для суб’ектаў гаспадарання пры гэтым з’яўляецца магчымасць прымусовага выканання дакумента ў дзяржавах-удзельніцах, паведамляецца на сайце Мінюста.
На міжнародным узроўні заключэнне і прымяненне Канвенцыі азначае павышэнне канкурэнцыі паміж асноўнымі працэдурамі вырашэння спрэчак, адзначаюць у міністэрстве. Канвенцыя замацоўвае абавязкі па прызнанні медыятыўных пагадненняў у дзяржавах-удзельніцах.
Апроч таго, з 15 студзеня пачне дзейнічаць і закон «Аб змяненні законаў па пытаннях медыяцыі», якім прадугледжана карэкціроўка заканадаўства дзеля рэалізацыі Канвенцыі ў нашай краіне. З гэтай мэтай у рэспубліцы ўведзена паняцце «міжнароднае медыятыўнае пагадненне» і працэдура яго заключэння. Гаспадарчы працэсуальны кодэкс Беларусі дапоўнены прававымі нормамі аб прызнанні і выкананні міжнародных медыятыўных пагадненняў, аб адмове ў прадастаўленні прававой дапамогі па дадзенай катэгорыі спраў, аб забеспячэнні прадмета міжнародных медыятыўных пагадненяў.
Яшчэ раней нормы па выплаце дзяржпошліны за разгляд судом спраў у дачыненні да міжнародных медыятыўных пагадненняў, прыняцці забеспячальных мер па іх (дзесяць базавых велічынь), пытаннях падаткаабкладання былі ўрэгуляваны законам «Аб змяненні Падатковага кодэксу Рэспублікі Беларусь» і таксама ўступаюць у сілу 15 студзеня.
Распрацоўшчыкі Сінгапурскай канвенцыі сыходзілі з таго, што выкарыстанне медыяцыі дае істотныя перавагі. У прыватнасці, змяншае колькасць выпадкаў, падчас якіх спрэчка прыводзіць да спынення камерцыйных адносін, аблягчае ажыццяўленне міжнародных аперацый удзельнікамі камерцыйнай дзейнасці, дазваляе дасягаць эканоміі ў працэсе здзяйснення правасуддзя дзяржавамі. Акрамя таго, лічыцца, што стварэнне асновы для выканання міжнародных міравых пагадненняў, якія дасягнуты ў выніку медыяцыі, прымальнай для дзяржаў з рознымі прававымі, сацыяльнымі і эканамічнымі сістэмамі, садзейнічае развіццю гарманічных міжнародных эканамічных адносін.
Ірына СІДАРОК
Прэв’ю: з адкрытых крыніц
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/ministerstva-yustycyi-0
[2] https://zviazda.by/be/tags/mizhnarodnyya-pagadnenni
[3] https://zviazda.by/be/tags/pagadnenne