20 студзеня Беларусь і Кітай адзначаюць 29-ю гадавіну ўстанаўлення дыпламатычных адносін паміж нашымі краінамі. Журналіст Інеса Плескачэўская сустрэлася са старшынёй таварыства дружбы «Беларусь—Кітай», дырэктарам Рэспубліканскага інстытута кітаязнаўства імя Канфуцыя БДУ, былым паслом Беларусі ў Кітаі Анатолем Тозікам.
Сёння чатырохпавярховы будынак у самым цэнтры Мінска, на вуліцы Рэвалюцыйнай, 11, складана пазнаць: яшчэ пару гадоў таму людзі хуценька прабягалі міма гэтага напаўзакінутага будынка, а цяпер гэта абноўлены светлы дом з вялікімі вокнамі і адзінай такой бібліятэкай. Адзінай, таму што падарыла яе прэс-канцылярыя Дзяржсавета КНР, і гэта самая цікавая бібліятэка па Кітаі ў нашай краіне. У названым будынку ёсць яшчэ шмат чаго такога — адзінага ў сваім родзе, звязанага з Кітаем. Не дзіўна: тут размяшчаецца Рэспубліканскі інстытут кітаязнаўства імя Канфуцыя БДУ (РІКК). Я прыйшла сюды, каб пагаварыць з яго дырэктарам Анатолем Афанасьевічам Тозікам, з якім мы знаёмыя з тых часоў, калі ён працаваў Паслом Рэспублікі Беларусь у Кітаі. Цікавасць да Кітая аб'ядноўвае нас і сёння.
У кожнага свая асабістая гісторыя з'яўлення гэтай краіны ў жыцці. Анатоль Афанасевіч успамінае, што ў яго жыццё Кітай «уварваўся» ў канцы 2004 года, «калі я быў прызначаны сустаршынёй міжурадавай камісіі па гандлёва-эканамічных адносінах. Але ўпершыню ён паўстаў у 1960-я, калі я вучыўся на гістфаку. Тады савецка-кітайскія адносіны былі вельмі няпростыя — падзеі на Даманскім (востраве. — «Зв.»), 1969 год, мы з велізарнай трывогай на тое глядзелі. На шчасце, мае настаўнікі сфарміравалі вельмі правільнае стаўленне да гэтага народа, яго культуры. Не ведаю чаму, але ўсё жыццё ўва мне сядзела думка, што я павінен працаваць у Кітаі, што я там буду. Спачатку гэта здавалася фантазіяй, але, напэўна, калі вельмі чагосьці хочаш...»
Анатоль Тозік не змог расстацца з Кітаем і пасля таго, як вярнуўся ў Беларусь: ён курыраваў пытанні двухбаковага супрацоўніцтва ў рангу віцэ-прэм'ера. Прызнаецца, што калі ў снежні 2014-га сышоў з дзяржаўнай службы, планаваў «пачаць сплачваць даўгі сям'і, вельмі шмат назапасілася спраў за дзесяцігоддзі» і «вельмі добра сябе адчуваў» на пасадзе прафесара кафедры дыпламатычнай і консульскай службы. Але потым Штаб-кватэра інстытутаў Канфуцыя ў Пекіне і родны БДУ зрабілі прапанову, ад якой ён не змог адмовіцца: узначаліць інстытут Канфуцыя ў Мінску. У верасні 2019 года інстытут стаў ўзорным.
— Калі аб'яўлялі аб прысваенні нам гэтага звання, намеснік генеральнага дырэктара Штаб-кватэры інстытутаў Канфуцыя сказаў, што сёння Рэспубліканскі інстытут кітаязнаўства БДУ з'яўляецца, мабыць, найлепшым сярод усіх такіх інстытутаў, а іх цяпер у свеце больш за пяцьсот. Гэта прызнанне нашага ўзроўню, якасці адукацыі і працы.
Анатоль Тозік з задавальненнем расказвае пра тое, што ўжо ўдалося, але яшчэ з большым энтузіязмам — аб тым, што трэба будзе зрабіць.
Адзін з новых кірункаў работы, ініцыяваных інстытутам, — падрыхтоўка школьных настаўнікаў кітайскай мовы. Анатоль Тозік упэўнены, што настаўнікаў кітайскай мовы ў нашай краіне катастрафічна не хапае: «На жаль, сітуацыя такая, што ў школах гэтую мову вывучае менш за адзін працэнт вучняў. Гэта вельмі сур'ёзная праблема, і адставанне ў дадзенай сферы пачынае стрымліваць увесь комплекс двухбаковага супрацоўніцтва». Выкладчыкаў-кітаістаў рыхтуюць на філалагічным факультэце БДУ і ў Мінскім лінгвістычным універсітэце, за кошт бюджэту — усяго чалавек дваццаць штогод, а паколькі падрыхтоўка добрая, «гэтых выпускнікоў з задавальненнем забіраюць кітайскія і беларуска-кітайскія арганізацыі, якія працуюць у нас у краіне, іх у адным кітайска-беларускім індустрыяльным парку каля сямідзесяці. Толькі ў 30 школах вывучаюць кітайскую мову. Калі я працаваў віцэ-прэм'ерам і прапаноўваў звярнуць на гэта ўвагу, у міністэрстве адукацыі адказвалі, што «ахвотных няма». А калі я прыйшоў сюды, практычна кожны месяц тэлефануюць з якой-небудзь школы, нават з раённых: «Дапамажыце знайсці настаўніка». Гэта значыць, сітуацыя змянілася, людзі пачынаюць разумець, што сёння веданне кітайскай мовы — гэта дадатковая гарантыя, што чалавек знойдзе цікавую работу з нядрэнным заробкам. Таму сёння попыт пачынае апярэджваць прапанову».
І ў РІКК прыдумалі, як яго задаволіць: рыхтаваць настаўнікаў кітайскай з ліку тых, хто ўжо працуе ў школе і выкладае іншую замежную мову. Эксперымент — два гады навучання за кошт бюджэту — пачалі ў 2018 годзе, а летась адбыўся першы выпуск. Фінансуе гэтую падрыхтоўку Міністэрства адукацыі.
— Вашы слухачы — з усёй краіны?
— З усёй, стараемся, каб з кожнай вобласці былі. Заняткі вядуць найбольш кваліфікаваныя беларускія выкладчыкі кітайскай мовы. А кітайскі бок спецыяльна пад гэты праект даслаў некалькі выкладчыкаў з вучонымі ступенямі і званнямі. Мы стварылі кафедру кітайскай мовы, я думаю, што сёння яна самая моцная ў рэспубліцы. Фармат навучання: два месяцы глыбокага пагружэння ў прадмет у інстытуце, па дзесяць акадэмічных гадзін штодня і два месяцы дыстанцыйна, не завочна: кожны дзень — новыя веды. Раніцай — заданне, увечары — справаздача.
— Вельмі інтэнсіўна!
— У 2018 годзе мы набралі невялікую групу, 16 чалавек. Вытрымалі гэтую дыстанцыю трынаццаць, добрая лічба (усміхаецца). Два чалавекі сышлі па хваробе, а аднаго мы адлічылі за тое, што прапусціў заняткі без уважлівай прычыны. У першы тыдзень яго адлічылі, і два гады я быў спакойны. Цяпер навучаюцца ўжо другі і трэці наборы, 60 чалавек — яны такія няўрымслівыя, ім вельмі цікава. Я чытаю там курс краіназнаўства, мне вельмі падабаецца аўдыторыя. У іх, у адрозненне ад студэнтаў, іншая матывацыя. Студэнты яшчэ думаюць — трэба гэта ім будзе ці не, таму што ўсходазнаўства — вузкая спецыяльнасць. А гэтыя ўжо дарослыя людзі, яны разумеюць, што ім гэта трэба. У такой аўдыторыі я як педагог адчуваю максімальнае прафесійнае задавальненне, разумею сваю патрэбнасць. Таму вырашыў яшчэ ўзяць і курс гісторыі Кітая: не хачу з імі расставацца.
— Пра матывацыю вельмі цікава.
— Яны разумеюць, што адна мова — гэта адна нага, а іншая, ды яшчэ кітайская, — другая, і яны будуць цвёрда стаяць на зямлі. Я лічу, што гэта вельмі важна для выкладчыкаў такіх моў, як іспанская, французская, нямецкая. Імкненне дзяцей вывучаць гэтыя мовы змяншаецца, таму настаўнікі аказаліся ў няпростай сітуацыі. Адна з нашых выпускніц, атрымаўшы дыплом, сказала: «Вялікі вам дзякуй. Я выкладала нямецкую, а ў школе бацькі адмаўляюцца ад яе. І я збіралася ісці выхавальніцай у дзіцячы садок, а цяпер мяне запрасілі ў гімназію». Адну выпускніцу запрасілі выкладаць у Палескі ўніверсітэт, другую — у Інстытут кантролю ведаў. Усе — гэта была мая прынцыповая пазіцыя — здалі міжнародны кваліфікацыйны экзамен HSK, прычым на 4-5 узровень. З чацвёртым узроўнем прымаюць у многія кітайскія ўніверсітэты, а з пятым — у любы кітайскі ўніверсітэт можна паступаць без папярэдняй падрыхтоўкі. Так што гэты праект атрымаўся. Да таго ж нашы выпускнікі пацвярджаюць: узровень падрыхтоўкі, які мы даём, не ніжэйшы, чым на філалагічным факультэце БДУ ці ў МДЛУ. Па гэтым кірунку наш інстытут будзе працаваць і надалей.
— Пандэмія каранавіруса прымусіла інстытут шукаць новыя формы навучання?
— Мы вырашылі паспрабаваць дыстанцыйнае выкладанне — каб людзі маглі пазнаёміцца з мовай без выдачы дыплома. Кітайскія выкладчыкі аказаліся больш падрыхтаваныя да пераходу на дыстанцыйнае навучанне. За імі падцягнуліся і нашы, у нас вельмі дружны калектыў. Бо мы можам людзям, якія ведаюць рускую мову, даць магчымасць вывучаць кітайскую, дзе б яны ні знаходзіліся, нават у Аўстраліі.
— То-бок, вы замахваецеся...
— Замахваемся, ды па-сапраўднаму (усміхаецца). Яшчэ адзін кірунак, якім мы даўно займаемся — вывучэнне Кітая, перш за ўсё вопыту палітыкі рэформаў і адкрытасці, з пункту гледжання магчымасці рэалізацыі гэтага вопыту ў нас у краіне. Нам цяпер вельмі важна сфарміраваць нацыянальную школу кітаязнаўства. Кітай сёння імкліва рухаецца да статусу краіны нумар адзін на планеце, і ад яго вельмі многае будзе залежаць у будучыні. Можа быць, ён адыграе вырашальную ролю ў тым, выйдзе чалавецтва з глыбокага сістэмнага крызісу ці не. Ну а для нас важныя яго эканамічны, тэхналагічны і інвестыцыйны патэнцыял. Але гэтую краіну трэба ведаць, і ведаць не на ўзроўні выказвання сяброўства — для гэтага яе трэба вывучаць, вывучаць глыбока. Гэта іншая цывілізацыя, сістэма каштоўнасцяў, калі хочаце, іншая сістэма міжасобасных, карпаратыўных зносін. Трэба ведаць стан асобных галін, іх магчымасці, узровень тэхналогій, каб можна было актыўна выкарыстоўваць усё гэта ў інтарэсах сваёй краіны — канешне, па прынцыпе ўзаемавыгады, узаемнай зацікаўленасці. Я лічу, што апошняе — вялікая стратэгічная задача. Такой школы ў краіне пакуль няма.
Яшчэ адзін новы кірунак работы інстытута — інфармацыйна-аналітычнае суправаджэнне практычнага двухбаковага супрацоўніцтва. Аўторак абвешчаны кансультацыйным днём — пакуль кансультацыі даюць бясплатна, галоўная мэта, па словах Анатоля Тозіка, — «паглядзець, што людзі хочуць і што мы можам. Цікавасць ёсць, але пакуль вельмі невялікая. Ці то не ведаюць нас, ці то праз пандэмію ўсё затармазілася. Гэта мяне вельмі непакоіць, таму што пандэмія скончыцца, а нашы адносіны з Кітаем — стратэгічныя, і я баюся, каб за гэты час мы не адкаціліся ў аб'ёме, дынаміцы і структуры гэтых адносін».
Мы ідзём па будынку інстытута — шырокія калідоры, утульныя аўдыторыі, абсталяваныя па апошнім слове тэхнікі, і Анатоль Афанасевіч не хавае гонару: тут можна праводзіць міжнародныя канферэнцыі самага высокага ўзроўню: вось спецыяльныя кабінкі для забеспячэння сінхроннага перакладу, вось экраны для відэасувязі з усім светам. Тут жа працуе кнігарня, якая спецыялізуецца на выданнях аб Кітаі міжнароднага выдавецтва «Шанец»: вялікі выбар навучальных дапаможнікаў для тых, хто вывучае кітайскую мову, і шмат кніг наконт традыцыі і культуры вялікай краіны. Крама адкрытая для ўсіх — не толькі для тых, хто вучыцца ў інстытуце.
— Фактычна па нашай просьбе ў Беларусі было заснавана выдавецтва «Усходняя культура». Я стараюся прыцягваць сюды ўсё, што звязана з Кітаем. Запрасілі студэнтаў філалагічнага факультэта, якія навучаюцца па спецыяльнасці «кітайская мова», каб яны адчулі сябе ў гэтай атмасферы. Ёсць і яшчэ адзін кірунак, які я лічу вельмі важным. Гэта прапаганда Беларусі ў Кітаі. Маё глыбокае перакананне, што задача інстытутаў Канфуцыя і перш за ўсё нашага інстытута не толькі ў тым, каб знаёміць беларускіх грамадзян з Кітаем, але і каб кітайскіх грамадзян знаёміць з Беларуссю — з беларускай мовай, культурай, з краінай наогул. Вось-вось у Выдавецкім цэнтры БДУ павінен выйсці падрыхтаваны ў Інстытуце падручнік беларускай мовы для кітайскіх студэнтаў.
Сёння ў Кітаі — і гэтая інфармацыя, упэўнена, здзівіць многіх — у 14 універсітэтах працуюць цэнтры вывучэння Беларусі, беларускай мовы і культуры. Беларускую мову вывучаюць у Пекіне, Шанхаі, Цяньцзіне, Сіяні і іншых гарадах. А яшчэ — «я зараз такімі напышлівымі словамі скажу», — усміхаецца Анатоль Афанасевіч:
— Хутка выходзіць вялікі навучальны кітайска-беларускі і беларуска-кітайскі слоўнік, падрыхтаваны нашым інстытутам сумесна з Інстытутам мовазнаўства НАН Беларусі. У нашым двухбаковым супрацоўніцтве гэта насамрэч з'ява. Я лічу, вельмі важная. Мы суверэнная дзяржава, так, у нас дзве дзяржаўныя мовы, але першай у Канстытуцыі запісана беларуская, гэта мова тытульнай нацыі. Але да сённяшняга часу ў нас такога слоўніка не было.
Калі я, уражаная разнастайнасцю кірункаў работы, развітвалася з Анатолем Тозікам, ён сказаў: «Я тут працую ў інтарэсах сваёй краіны і ў інтарэсах Кітая таксама, але толькі па тых кірунках, праблемах, тэмах, якія адпавядаюць інтарэсам абедзвюх краін».
Вельмі шмат планаў.
Інеса ПЛЕСКАЧЭЎСКАЯ, уласны карэспандэнт газеты «СБ. Беларусь сегодня», спецыяльна для «Звязды»
Фота Міхаіла ПЯНЬЕЎСКАГА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/gramadstva
[2] https://zviazda.by/be/adukacyya
[3] https://zviazda.by/be/tags/anatol-tozik
[4] https://zviazda.by/be/tags/respublikanski-instytut-kitayaznaustva-imya-kanfucyya-bdu-0