Мост дружбы паміж беларскай і уйгурскай нацыянальнымі літаратурамі выбудоўваецца не вельмі хутка, але досыць паслядоўна
У беларускім друку ў апошнія гады з інтэрв’ю выступілі уйгурскія літаратары з Казахстана: літаратуразнаўца, доктар філалагічных навук Алімжан Хамраеў і дзіцячы пісьменнік Авут Масімаў. У альманаху “Далягляды 2021” ёсць апавяданне Авута Масімава “Падарунак” у перакладзе на беларускую мову. На партале “Созвучие” папаўняецца тэкстамі уйгурскіх пісьменнікаў старонка “Год уйгурскай літаратуры ў Беларусі”.
І ў Казахстане, Турцыі, дзе таксама выходзяць уйгурскія літаратурна-мастацкія выданні, друкуюцца пераклады твораў беларускіх пісьменнікаў. Вось і нядаўна турэцкі уйгурскі часопіс “Іздзініш” (дзясяты нумар за 2020 год) змясціў апавяданне Алеся Карлюкевіча, адрасаванае дзецям, у перакладзе Авута Масімава на уйгурскую мову. У перакладзе назва выдання гучыць так: “Шукальнік”. Часопіс выходзіць рознымі шрыфтамі: арабскім, на латыні, на кірыліцы. Апавяданне беларускага аўтара надрукавана ў часопісе з арабскім шрыфтам.
Нам удалося звязацца з галоўным рэдактарам турэцкага уйгурскага часопіса “Іздзініш” Муратам Архунам. “З дапамогай нашага паважанага калегі Авута Масімава мы з цікавасцю адкрываем дзіцячую літаратуру Беларусі, — сказаў ён. — Сёлета ўжо запланаваны да друку творы Людмілы Рублеўскай і Кацярыны Хадасевіч-Лісавой — таксама ў перакладзе Авута Масімава. Спадзяюся, з часам выдадзім у Турцыі на уйгурскай мове анталогію беларускай дзіцячай літаратуры”.
І ў Беларусі новыя пераклады твораў уйгурскіх пісьменнікаў таксама ў хуткім часе з’явяцца — на старонках часопісаў “Вясёлка”і “Бярозка”.
Сяргей Шычко
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/sites/default/files/gr-02-2021_small.pdf
[2] https://zviazda.by/be/tags/gazeta-golas-radzimy