Персанальная выстава мастачкі Аляксандры Раманавай «Чароўны казак галасы» адкрыецца 10 сакавіка ў мастацкай галерэі «Універсітэт культуры», паведамілі БЕЛТА [1] ва ўстанове.
У экспазіцыі прадставяць чатыры серыі графічных работ, аб’яднаных тэматыкай казачных, міфічных і міфалагічных вобразаў. «Казачны і рэальны свет у працах мастачкі пераплятаюцца і становяцца адзінай прасторай. Казкі жывуць паўсюль і заўсёды, іх толькі трэба пачуць і дапамагчы ажыць на паперы ў літаратурнай форме ці ў выглядзе малюнкаў», — адзначылі арганізатары.
«Асноватворны элемент кожнай графічнай працы — вобраз, які дыктуе драматургію і настрой, стварае апавядальнасць у кожным малюнку. Асаблівасцю работ аўтара з’яўляюцца аб’ёмнасць манахромнага малюнка, цікавасць да дэталяў, дэкаратыўнасць. Мастачка эксперыментуе з тэхнікамі і матэрыяламі, стварае свае прыёмы ў перадачы малюнка. У пазнейшых творах Аляксандра Раманава выкарыстоўвае ў якасці акцэнтаў каляровыя ўкрапванні — акварэль, каляровыя алоўкі, мастацкія маркеры», - падкрэслілі ў галерэі.
Другая частка экспазіцыі ўяўляе сабой ілюстрацыі да «Казкі прынцэсы». «У гэтых працах аўтар выкарыстоўвае прыём «схаванай відавочнасці»: кожны малюнак змяшчае гісторыю, сутнасць якой раскрываецца фінальнай фразай казкі і ілюстрацыяй», — растлумачылі арганізатары.
Серыя з 12 работ «Птушкі часоў года», якая сімвалізуе сабой 12 месяцаў, 12 раслін і 12 арнаментальных славянскіх сімвалаў, стала трэцяй часткай выставы. Сваім абліччам птушкі нагадваюць міфічных антрапаморфных райскіх птушак, кожная з якіх гаворыць мовай далёкіх продкаў.
Заключная частка выставы прадстаўлена самай вялікай серыяй прац «Жанчыны-кветкі», «Казкі сёння», «Ілюстрацыі да ненапісанага рамана «Па кім не ўдарыў молат», «Легенды Карэ ля Томб».
Спасылкі
[1] https://www.belta.by/events/view/vystavka-grafiki-volshebnyh-skazok-golosa-otkroetsja-v-minske-10-marta-431695-2021/
[2] https://zviazda.by/be/tags/mastactva