Практычна кожны з нас хадзіў на праграванне носа ўльтрафіялетам, каб «спаліць» вірусы, ці ляжаў «на электрафарэзе», зморшчыўшыся ад калючых электрычных разрадаў. А цяпер з'явілася мода на саляныя пячоры, якія па ступені карысці нібыта замяняюць паездку на марскі курорт. Але ці ёсць у гэтым карысць?
За мяжой пра такія метады амаль не чулі і медыцынай іх лічыць не спяшаюцца. У прыватнасці, навуковых даследаванняў, якія пацвярджаюць, што дыхаць аэразолем з солі карысна, не існуе. А параўнанне 40-хвіліннага сеанса ў 15 квадратных метрах салянога пакоя з адпачынкам на марскім узбярэжжы — антынавуковае падтасоўванне, лічаць эксперты. На курорце здароўе ўмацоўваюць сонечны вітамін D, хада, плаванне, моцны доўгі сон, свежая садавіна, адсутнасць стрэсу, выхлапаў вялікіх аўтатрас і фабрык. А створанае штучна салёнае асяроддзе можа нават нашкодзіць здароўю. У такіх пакоях паветра зусім не як на марскім узбярэжжы, а сухое, і часціцы солі вельмі буйныя, так што, трапляючы ў бронхі і лёгкія, яны могуць іх літаральна забрудзіць.
Абрэвіятуру УВЧ расшыфруе ў нас амаль кожны. Ультравысокачастотную тэрапію прапісвалі літаральна пры любой хваробе. Прынята лічыць, што ў першую чаргу УВЧ аказвае супрацьзапаленчае дзеянне. Аднак на самай справе карысць УВЧ-тэрапіі часта перабольшана.
Апарат УВЧ можна параўнаць з мікрахвалеўкай: прынцыпы работы падобныя. Абодва агрэгаты выпраменьваюць высокачастотныя электрамагнітныя палі. І задача УВЧ-апарата таксама разагрэць — толькі не макарону, а хворы орган. Узнікае цеплавы эфект, ніякага іншага ўздзеяння электрамагнітныя хвалі аказаць не могуць. Сучасных навуковых даследаванняў, якія пацвярджаюць, што УВЧ лечыць, няма.
Яшчэ адна фізіяпрацэдура, якую ўжываюць шмат дзесяцігоддзяў і праз якую прайшоў ледзь не кожны, — электрафарэз: марлевыя сурвэткі прамочваюць лекамі, укладваюць у іх пласціны, праз якія пускаюць слабы электрычны ток, і прыкладваюць да цела. Паводле тэорыі, электрычнасць паскарае дастаўку лекаў да хворага органа. І хоць у зоне ўздзеяння току малекулы лекаў сапраўды паскараюцца, пацвярджаюць даследчыкі, але глыбей, чым у тканіны скуры, яны не пранікаюць.
Алена КРАВЕЦ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/alena-kravec
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/zdaroue-0
[4] https://zviazda.by/be/tags/kraina-zdarouya
[5] https://zviazda.by/be/tags/alena-kravec
[6] https://zviazda.by/be/tags/fiziyapracedury
[7] https://zviazda.by/be/tags/karysc