Сустрэчы з прадстаўнікамі ўлады дапамагаюць моладзі лепш арыентавацца ў жыцці. Такім меркаваннем падзяліўся з журналістамі першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Максім Рыжанкоў перад сустрэчай з прафесарска-выкладчыцкім складам і студэнтамі ГДУ імя Францыска Скарыны, перадае [1] БЕЛТА.
Максім Рыжанкоў падкрэсліў, што вельмі важна сустракацца з моладдзю незалежна ад якой-небудзь сітуацыі. Ён успомніў сябе ў студэнцкія гады: «Сустрэчы з кіраўніцтвам, прадстаўнікамі міністэрстваў і ведамстваў былі вельмі карысныя і дапамагалі сфарміраваць погляд на сваё месца ў жыцці, у чымсьці сарыентавацца. І нават падумаць аб тым, чым хацелася б займацца заўтра», — адзначыў ён.
Усё жыццё студэнт юрыдычнага факультэта хацеў быць пракурорам, аднак у адзін момант сустрэча з прадстаўніцай МЗС змяніла планы на жыццё. Госця ВНУ ўразіла і па-добраму заразіла сваёй адданасцю краіне і дыпламатыяй. Малады чалавек захацеў паспрабаваць сябе ў гэтым напрамку. Цяпер сам праводзіць сустрэчы са студэнтамі ў якасці высокапастаўленай асобы.
«Для мяне сустрэчы з моладдзю важныя і ў кантэксце падмацоўвання свежымі ідэямі і прапановамі. Усё, што робіцца наверсе — прымаюцца законы, уносяцца прапановы Прэзідэнту для прыняцця рашэнняў — павінна быць звязана з актуальнымі патрэбнасцямі грамадзян. А моладзь — гэта вельмі рухомая, амбіцыйная катэгорыя, рухавік прагрэсу. І таму, уносячы прапановы, прапрацоўваючы падыходы да развіцця дзяржавы, трэба разумець, што ж важна тым, хто заўтра прыйдзе на наша месца. Важна даведацца, чым яны жывуць, якія ў іх чаканні ад будучага рабочага месца і дзяржавы, у якой жывуць. З іншага боку, яны таксама павінны бачыць нашу адкрытасць, атрымаць адказы на хвалюючыя іх пытанні», — падзяліўся Максім Рыжанкоў. Ён запэўніў, што гатовы адказаць на любое пытанне аб сацыяльным асяроддзі, працаўладкаванні, эканоміцы, палітычных момантах.
Паводле слоў першага намесніка кіраўніка Адміністрацыі, маладыя людзі робяць толькі першыя крокі ў дарослым жыцці і, магчыма, не заўсёды нешта адбываецца ўсвядомлена. «Упэўнены, што такія сустрэчы ў неназойлівым ключы дапамагаюць ім у чымсьці сарыентавацца і атрымаць адказы на хвалюючыя пытанні», — рэзюмаваў Максім Рыжанкоў.
Спасылкі
[1] https://blr.belta.by/society/view/sustrechy-z-pradstaunikami-ulady-dapamagajuts-moladzi-lepsh-aryentavatstsa-u-zhytstsi-ryzhankou-98677-2021/
[2] https://zviazda.by/be/tags/maksim-ryzhankou
[3] https://zviazda.by/be/tags/pershy-namesnik-kiraunika-administracyi-prezidenta-respubliki-belarus
[4] https://zviazda.by/be/tags/vnu
[5] https://zviazda.by/be/tags/studenty
[6] https://zviazda.by/be/tags/gdu-imya-francyska-skaryny