Выстава беларускіх мастакоў «Рэальнасць» адкрыецца 14 красавіка ў галерэі «Універсітэт культуры», паведамілі [1] БелТА ва ўстанове.
У экспазіцыю ўвойдуць работы, выкананыя ў розных тэхніках: жывапіс, акварэль, графіка. «Творча асэнсоўваючы навакольны свет, аўтары выкарыстоўваюць розныя інструменты, выяўленчыя сродкі. Абапіраючыся на сваё светаўспрыманне і вопыт, ствараюць новую рэальнасць. Работы выкананы ў класічных жанрах пейзаж, партрэт, нацюрморт, але заўсёды ёсць месца для эксперыменту, магчымасць сказаць сваё слова, і тады гэтыя межы не з’яўляюцца перашкодай для творчага самавыяўлення», — адзначылі арганізатары.
«Партрэт — гэта люстэрка, магчымасць убачыць і ацаніць самога сябе збоку, гэта інструмент самапазнання, паглыблення ў свет канкрэтнага чалавека. Па рысах твару мы бачым свет душы, па партрэтах сучаснікаў мяркуем пра эпоху, у якой жывём. На мяжы жанраў узнікаюць і змешваюцца сэнсы. Нацюрморт іншым часам набліжаецца да партрэта, калі прадметы сведчаць пра звычкі і густы ўладальніка, нясуць адбітак яго асобы, гавораць з намі, расказваюць гісторыі. У карціне нараджаецца новы вобраз. Пейзаж — гэта не толькі прыгожы краявід, але і выбар, густ аўтара, ён становіцца партрэтам, калі ў цэнтры ўвагі — жыццё чалавека», — дадалі ў галерэі.
Наведвальнікі на выставе ўбачаць работы дэкана мастацкага факультэта Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў кандыдата мастацтвазнаўства Ганны Конанавай і загадчыцы падрыхтоўчага аддзялення БГАМ, мастака-графіка Лізаветы Пастушэнка, выкладчыкаў Мінскай дзяржаўнай гімназіі-каледжа мастацтваў Алены Карповіч і Наталлі Разуменка, а таксама жывапісца Сяргея Акеньшына.
Куратар выставы — Наталля Разуменка. Азнаёміцца з творчасцю беларускіх мастакоў можна будзе па 30 красавіка.
Спасылкі
[1] https://blr.belta.by/culture/view/realnasts-vachami-belaruskih-mastakou-mozhna-budze-ubachyts-na-vystave-u-minsku-98748-2021/
[2] https://zviazda.by/be/tags/vystava
[3] https://zviazda.by/be/tags/universitet-kultury
[4] https://zviazda.by/be/tags/partret
[5] https://zviazda.by/be/tags/mastactva