Каля 80 % насельніцтва Беларусі жыве ў сем'ях, а 98 % жыхароў лічаць яе найважнейшай часткай жыцця. Гэта заканамерна, бо шчаслівая сям'я — адзін з прыярытэтаў праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі і аснова развіцця нацыі, упэўненая Марына АРЦЁМЕНКА, начальнік упраўлення народанасельніцтва, гендарнай і сямейнай палітыкі Міністэрства працы і сацыяльнай абароны.
У краіне 1 млн 143 тысячы сямей з непаўналетнімі дзецьмі, дзе выхоўваецца 1 млн 767 тысяч дзяцей. У 57 % сямей — адно дзіця, у 33,5 % — двое, 9,2 % — шматдзетныя. А змены ў структуры сямей пазітыўныя. За апошняе дзесяцігоддзе на 43 тысячы вырасла колькасць сямей з двума малымі. Цяпер кожная трэцяя сям'я ў краіне — двухдзетная. На столькі ж вырасла і лічба шматдзетных сямей, дзе цяпер жыве пятая частка непаўналетніх беларусаў. Можна лічыць, што двух-трохдзетная сям'я стала сацыяльнай нормай, стандартам жыцця грамадства Беларусі, мяркуе спецыяліст:
— Выбудаваная ў краіне сістэма сацыяльнай падтрымкі — па сутнасці, візітная картка Беларусі. Падтрымка гэтая вельмі разнапланавая. Яна датычыцца сферы жыллёвага будаўніцтва, развіцця паслуг па доглядзе дзяцей, сацыяльнага абслугоўвання, гарантыі льгот у сферы адукацыі, аховы здароўя, пенсійнага, працоўнага і падатковага заканадаўства.
Стабільная і роўная падтрымка сем'яў у перыяд нараджэння і выхавання дзяцей да трох гадоў. Дапамога выдаецца на кожнага чацвёртага малога (амаль 450 тысяч дзяцей). Штогод апошнія пяць гадоў расходы на дзяржаўныя дапамогі ў Беларусі складаюць 1,8 % ад ВУП. На наступную пяцігодку мяркуецца накіраваць на гэта каля 16 млрд рублёў. 1 жніўня лічбы дапамог, дарэчы, ізноў падраслі: на першае дзіця да трох гадоў цяпер прадугледжваецца амаль 500 рублёў, на другое і наступнае — 567, нагадала Марына Арцёменка.
Важная і адрасная сацыяльная дапамога для сямей, якія аказаліся ў складаных жыццёвых сітуацыях. Яе асноўная форма — штомесячныя сацыяльныя дапамогі (95 рублёў на аднаго атрымальніка), аднаразовая сацыяльная дапамога (152 рублі) і бясплатнае харчаванне дзяцей першых двух гадоў жыцця (сярэдні кошт набору харчавання — 122 рублі).
— Летась узмацнілася адрасная дапамога шмтадзетным, — удакладніла прадстаўніца міністэрства. — Яны цяпер могуць атрымліваць штомесячную сацыяльную дапамогу не шэсць месяцаў, а ўвесь год. Акрамя таго, ім павысілі крытэрый патрэбнасці да 115 % бюджэту пражытковага мінімуму.
Праграмы сацыяльнага абслугоўвання — яшчэ адзін напрамак сацпадтрымкі. Сёння дзейнічаюць 146 тэрытарыяльных цэнтраў сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, дзе на ўліку больш за 257 тысяч сямей.
— У цэнтрах ёсць даволі запатрабаваныя паслугі, у прыватнасці, нянькі. Сёлета такой паслугай скарысталася ўжо амаль 2000 сямей. Права атрымаць няньку з гэтага года маюць усе сем'і, дзе выхоўваюцца інваліды да 18 гадоў, пры ўмове, што такое дзіця даглядае адзін з бацькоў і малы навучаецца дома. Для сямей, дзе выхоўваюцца дзеткі з асаблівасцямі, аказваецца паслуга сацыяльнай перадышкі (да 56 каляндарных дзён), якая таксама актыўна развіваецца. Пры гэтым права на ўсе сацыяльныя выплаты і дапамогі за сям'ёй захоўваюцца. Для сямей, якія знаходзяцца ў складанай жыццёвай сітуацыі і маюць патрэбу ў падтрымцы, прадугледжаны сацыяльны патранат. Сёлета гэтым скарысталіся 1586 сямей.
Ірына СІДАРОК
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/iryna-sidarok-0
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/syamya-i-demagrafiya
[4] https://zviazda.by/be/tags/maryna-arcyomenka-1
[5] https://zviazda.by/be/tags/syamya
[6] https://zviazda.by/be/tags/ministerstva-pracy-i-sacyyalnay-abarony