Кожны раз, беручы ў рукі зборнік твораў, якія ў анатацыі абазначаюцца як сатырычныя і гумарыстычныя, рызыкуеш аказацца ў відавочным палоне сваіх інтарэсаў, пераваг, звычак і не ацаніць вартасць спроб таго ці іншага аўтара, памыліцца ў вытлумачэнні літаратурнага тэксту. Да таго ж гумар — настолькі гнуткая і залежная ад многіх акалічнасцей з’ява, што рабіць стапрацэнтныя высновы, а тым больш прычэпліваць ярлыкі, напрыклад, «новы», «сучасны» ці «местачковы», падаецца занадта пагардлівым і прадузятым.
Адно дакладна: колькі б гумарысты ні казалі, што іх літаратурныя творы ці выступленні не скіраваны на тое, каб каго-небудзь пакрыўдзіць і паказаць з непрыгляднага боку, пакрыўджаныя ўсё адно знойдуцца.
А калі іх няма, ці не нагода задумацца, чаму? Усё настолькі бяскрыўдна і «прычасана» ці тэксты мала хто чытае і слухае? Гумарыст Міхась Сліва, аўтар шматлікіх кніг прозы, ужо не адно дзесяцігоддзе плённа працуе ў гэтым кірунку. Многія творы аўтара часта адзначаліся рознымі літаратурнымі прэміямі. Аматары лічаць яго жарты нязлоснымі і зычлівымі і цэняць за адсутнасць пошласці і непрыстойнасці. Пісьменніку ўдаецца гэта не ў апошнюю чаргу дзякуючы сканцэнтраванасці на зразумелых штодзённых тэмах, напрыклад, стасунках начальніка і супрацоўнікаў, і адсутнасці жартаў пра рэальных асоб, хоць, відавочна, нейкія паралелі знайсці заўсёды можна.
Кожны твор у новым зборніку Міхася Слівы «Кума з Аўстрыі» («Чатыры чвэрці», Мінск, 2021) — гэта адлюстраванне ўзаемаадносін у пэўнай іерархіі ці суполцы. Тут можна скласці даволі ўстойлівы ланцужок, зразумела, з выключэннямі, у якім элементы могуць мяняцца ў залежнасці ад абставін: жонка і муж, сябар і сяброўка, начальнік і падначалены. Яскравы прыклад сімбіёзу ўсіх складнікаў — творы, прысвечаныя кумаўству. Сярод іх — «Скарачэнне штатаў», дзе дырэктар не можа вызначыцца, каго звольніць, бо адзін — яго стрыечны брат, другая — сястра жонкі… Спіс можна працягваць.
Найбольшую цікавасць выклікаюць невялічкія па памеры сатырычныя назіранні, дзе аўтару нешматлікімі сродкамі ўдаецца паказаць чытачам знаёмую, як правіла, карціну. Робіць пісьменнік гэта немудрагеліста, як, напрыклад, у тэксце «Тонкі разлік»: «У двары стаяла альтанка, якую трэба было тэрмінова знесці. Старшыня жыллёвага кааператыву некалькі разоў прасіў жыльцоў разабраць яе, але ніхто не хацеў і пальцам паварушыць. Тады старшыня павесіў на альтанцы запіску: “Ахоўваецца дзяржавай!” За адну ноч альтанка была разабрана».
А вось у творы пад назвай «Тост» аўтар некалькімі штрышкамі малюе гіпербалічны вобраз і прапаноўвае маналог героя, які лічыць сябе сціплым чалавекам: «Шаноўны Іван Пятровіч! — звярнуўся ён да Бярозкіна, асцярожна трымаючы ў руках, каб не распляскаць, з берагамі налітую чарку. — Мне ёсць што сказаць пра цябе ў гэты ўрачысты і хвалюючы дзень. Мы даўно працуем разам. Хаця я прыйшоў значна раней на завод і больш папрацаваў, больш ведаю і ўмею. Ты, паважаны Іван Пятровіч, як і я, не шкадаваў асабістага часу і сіл для выканання заданняў кіраўніцтва. Тут, прама скажам, ты заўсёды браў прыклад з мяне, а я шчодра дзяліўся сваім багатым вопытам. І ніколі не патрабаваў, каб ты пачаставаў мяне ў кафэ або, на крайні выпадак, наліў сто грамаў дзе-небудзь у скверы, па дарозе дадому…»
Так ці інакш, у вочы кідаецца пэўная непраўдападобнасць гісторый, асабліва тых, што тычацца здрады, хлусні і рэўнасці, хоць чаго ні здараецца, калі гаворка ідзе пра такія паняцці… Напрыклад, ці мог муж здрадзіць жонцы толькі таму, што ў іншай жанчыны бялізна прыгажэйшая («Спадабалася бялізна»), альбоне купіць ёй ровар, бо па дарозе ён можа зламацца, а дапамогу прапануе цікавы малады чалавек («Раўнівы муж»)? Адзінае, што адчуваеш пасля прачытання такіх твораў, — шкадаванне, што аўтары замест таго, каб пазбягаць бязглуздых стэрэатыпаў, падтрымліваюць іх, выкарыстоўваючы як аснову для апавядання. Зрэшты, дзякуючы такім спробам можа нараджацца дыскусія, у якой не столькі пісьменнікі, колькі чытачы маюць магчымасць канчаткова вызначыцца з асабістымі поглядамі на тую ці іншую тэму.
Узнагарода ж творцы-гумарыста (дарэчы, не найвышэйшая з магчымых) — смех ці ўсмешка таго, на каго разлічваў. Калі гэтага няма, вырак жалезны і несуцяшальны: увагі і часу чытача дадзеныя спробы не варты. У зборніку «Кума з Аўстрыі» такіх хапае: «Незвычайная Снягурачка», «На прыёме да ўрача», «Каб паланіць чытачоў», «Рабы кахання», «Пачастунак», «Каб толькі ехаць» і некаторыя іншыя могуць быць хіба што адным са складнікаў ці завязкай больш буйнога твора, але не самастойнымі. Тычыцца гэта і апавядання, якое дало назву зборніку і на якое было шмат надзей, што не спраўдзіліся: у цэнтры сюжэта прадказальнае жаданне галоўнай гераіні мець сваякоў за мяжой — толькі таму, што шмат падарункаў будуць прывозіць.
Адсутнасць падтэкстаў — галоўная характарыстыка новай кнігі Міхася Слівы, і з гэтым трэба лічыцца. Але якраз найвышэйшая ўзнагарода майстра-гумарыста — разважанні чалавека праз пэўны час пасля прачытання, вяртанне да пэўных гісторый зноў і зноў, пошукі адказаў, бо прапанаваныя ці не задавальняюць, ці адсутнічаюць. Аўтар гэтых радкоў не здолела знайсці шмат нагод для роздумаў. Будзем спадзявацца, гэта ўдасца больш удумліваму чытачу.
Яўгенія ШЫЦЬКА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/padtekst
[2] https://zviazda.by/be/tags/tvorca-gumaryst
[3] https://zviazda.by/be/tags/kuma-z-austryi