На тэлеканале «Беларусь 3» выходзіць аўтарская праграма беларускага пісьменніка Навума Гальпяровіча. «Суразмоўцы» здзейснены ў фармаце адносна кароткіх, па 15 хвілін, гутарак. Героі праграмы — культурныя дзеячы. Але, як адзначае сам Навум Гальпяровіч, культурнае асяроддзе складаецца не толькі з мастацкіх прафесій.
— Гасцямі і героямі праграмы становяцца творцы культурнай прасторы Беларусі ў шырокім сэнсе гэтага слова: навукоўцы, педагогі, пісьменнікі, мастакі, грамадскія дзеячы, — кажа ён.
Вось што цікава: за час існавання праграмы атрымаўся пэўны зрэз. Так, запрашаючы ў сваю студыю сучасных беларускіх пісьменнікаў, аўтар пры ўдзеле суразмоўцы актуалізуе праблемы ў галіне культуры, у прыватнасці, літаратуры, якія неабходна вырашыць. Героямі праграмы былі Людміла Рублеўская, Уладзімір Сцяпан, Алена Мальчэўская, Мікола Адам і шмат іншых вядомых асоб.
Але важна і тое, што Навума Гальпяровіча, акрамя размоў пра актуальныя для сучаснай культуры пытанні, таксама цікавіць асабістае — унутры свет герояў, іх памкненні і мары. Сваім тэмпам і атмасферай «Суразмоўцы» нагадваюць «Белую студыю» — вядомую перадачу тэлеканала «Культура». Але пры гэтым праграма Гальпяровіча захоўвае ўласны, аўтарскі почырк.
У новы выпуск «Суразмоўцаў» вядучы запрасіў паэта, фотакарэспандэнта газеты «Звязда» Яўгена Пясецкага. Паглядзім, якая атрымалася гаворка!
На тэлеканале «Беларусь 3» праграма выйдзе 28 жніўня ў 20:25.
Арына КАРПОВІЧ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/aryna-karpovich
[2] https://zviazda.by/be/kaleydaskop
[3] https://zviazda.by/be/teletydzen
[4] https://zviazda.by/be/tags/teletydzen
[5] https://zviazda.by/be/tags/navum-galpyarovich
[6] https://zviazda.by/be/tags/surazmoucy