Патрэба ў гародніне для продажу насельніцтву ў Беларусі складае каля 300 тысяч тон на год. Гэта менш за 50 % ад аб'ёму вытворчасці ў сельскагаспадарчых арганізацыях і фермерскіх гаспадарках, распавёў начальнік упраўлення арганізацыі гандлю і грамадскага харчавання Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю Рэспублікі Беларусь Міхаіл Жыгала.
— Мы спажываем на ўнутраным рынку значна менш, чым вырабляем, — падкрэсліў спецыяліст.
Ён адзначыў, што вырасла доля рэалізацыі прадукцыі айчыннай вытворчасці, а гэта спрыяльна ўздзейнічае на паказчыкі харчовай бяспекі.
— Калі казаць аб цанавых фактарах, рынак сельскагаспадарчай прадукцыі складаны — тут назіраецца вялікая валатыльнасць (зменлівасць цэн. — Зв.), якая залежыць ад многіх фактараў, як унутраных, так і знешніх, — падкрэсліў спецыяліст.
Таму на працягу шэрага гадоў МАРГам прымаліся пэўныя меры. Сёння плодаагароднінная прадукцыя падлягае цанавому рэгуляванню, функцыянуе механізм фарміравання стабілізацыйных фондаў. Таксама на бягучы год запланавана рэалізацыя праекта па заключэнні доўгатэрміновых дагавораў паміж буйнымі гандлёвымі сеткамі і вытворцамі плодаагародніннай прадукцыі.
— Сумесна з калегамі з Мінсельгасхарча мы паспрабуем рэалізаваць своеасаблівы пілотны праект па заключэнні доўгатэрміновых дагавораў паміж буйнымі гандлёвымі сеткамі і вытворцамі плодаагародніннай прадукцыі, — распавёў Міхаіл Жыгала. — Асноўны вынік накіраваны на гарантаванае забеспячэнне спажывецкага рынку свежай плодаагародніннай прадукцыяй менавіта айчыннай вытворчасці. Таксама гэта механізм нівеліравання валатыльнасці цэн, якая перыядычна ўзнікае на працягу каляндарнага года.
Спецыяліст распавёў, што Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю ўжо сфарміравала пералік буйных гандлёвых сетак, якія маюць 10 і больш гандлёвых аб'ектаў, прадаюць свежую плодаагароднінную прадукцыю і гатовыя да доўгатэрміновага супрацоўніцтва з айчыннымі вытворцамі. А Міністэрства сельскай гаспадаркі, са свайго боку, склала пералік сельскагаспадарчых арганізацый і фермерскіх гаспадарак, гатовых да такога супрацоўніцтва (каля 140 суб'ектаў).
Сёння вядзецца работа над праектам тыпавога дагавора аб пастаўцы свежай плодаагародніннай прадукцыі. Дагавор вызначыць дакладны асартымент прадукцыі, якая пастаўляецца, графік пастаўкі ў міжсезонны перыяд, умовы і тэрміны разлікаў за прадукцыю. А таксама прадугледзіць адказнасць бакоў за невыкананне дагавора.
Сёлета ў Беларусі плануецца ўраджай бульбы на ўзроўні 5,8 млн тон, гародніны будзе сабрана, паводле ацэнак спецыялістаў, 1,8 млн тон, распавяла намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення раслінаводства — начальнік упраўлення бульбаводства, плодаагародніцтва, аграхіміі і абароны раслін Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Таццяна Карбановіч. Ураджай пладоў і ягад чакаецца на ўзроўні 720 тыс. тон. У сельгасарганізацыях і фермерскіх гаспадарках плануюць атрымаць 960 тыс. тон бульбы (105 % да ўзроўню папярэдняга года), 631 тыс. тон гародніны адкрытага і ахаванага грунту (112 %), а таксама каля 170 тыс. тон пладоў і ягад (на ўзроўні мінулага года), з іх 160 тыс. тон яблыкаў.
— У апошнія гады істотна памяняліся суадносіны вытворчасці прадукцыі ў грамадскім сектары, сельгасарганізацыях і фермерскіх гаспадарках, — падкрэсліла яна. — Калі ў 2010 годзе ўдзельная вага бульбы, якая прыходзілася на сельгасарганізацыі, складала 85 %, і 15 % — на фермерскія гаспадаркі, то цяпер на фермерскія гаспадаркі прыпадае 63 %.
Па гародніне на фермерскія гаспадаркі цяпер прыпадае 63 %. І больш за 50 % пладоў і ягад сёння вырабляецца фермерамі.
Штогадовая вытворчасць бульбы і агародніны дазваляе ў поўнай меры забяспечыць унутраныя патрэбы і мець рэсурсы для паставак на экспарт, падкрэсліла спецыяліст.
— Сёння ў Дзяржаўны рэестр сартоў для прамысловага вырошчвання ўключаны 184 сарты бульбы, у тым ліку 53 сарты айчыннай селекцыі рознага мэтавага прызначэння. Больш за 2,6 тыс. сартоў і гібрыдаў агароднінных і бахчавых культур, з іх 260 айчыннай селекцыі. 432 сарты пладовых і ягадных культур, з іх 319 айчыннай селекцыі. Рэестр пастаянна папаўняецца і абнаўляецца.
З чаканых 960 тысяч тон бульбы, вырабленай у грамадскім сектары, 185 тыс. тон пойдуць на насенне, 200 тыс. тон адправяць на прамысловую перапрацоўку, каля 100 тыс. тон — на патрэбы гандлю і грамадскага харчавання, а таксама для закладкі ў стабілізацыйныя фонды, 475 тыс. тон — для іншай рэалізацыі, уключаючы экспарт. З чаканага ўраджаю гародніны 180 тыс. тон плануюць накіраваць на патрэбы грамадскага харчавання і гандлю, а таксама для закладкі ў стабфонды, 43 тыс. тон будзе перапрацавана, 408 тыс. тон — для іншай рэалізацыі, уключаючы экспартныя пастаўкі. На прамперапрацоўку пойдзе 41 тыс. тон пладоў і ягад, для гандлю, грамадскага харчавання і стабфондаў — 58 тыс. тон, 79 тыс. тон будзе рэалізавана на рынках, кірмашах і за мяжой.
Вытворчасць садавіны, у першую чаргу яблыкаў, для насычэння ўнутранага рынку айчыннай прадукцыяй — адзін з прыярытэтных кірункаў работы галіны раслінаводства. Штогод ажыццяўляецца закладка садоў на плошчы не менш за 500 га.
...І ў міжсезонне — таксама
— Таксама ва ўмовах ахаванага грунту вядзецца значная работа па вытворчасці прадукцыі ў міжсезонны перыяд года.
Спецыяліст распавяла, што агульная плошча цяплічных комплексаў сёння складае больш за 260 га. Гэтая галіна — найбольш энергаёмістая. Цана на прыродны газ для вытворчасці гародніны ахаванага грунту пачынаючы з 2017 года дыферэнцыруецца.
— У ах-аваным грунце вырабляецца дастаткова агуркоў і таматаў, дэфіцыт адчуваецца менавіта ў перыяды тэхналагічных перапынкаў, — падкрэсліла яна. — Для агуркоў гэта студзень-люты і кастрычнік-снежань, для таматаў — студзень-сакавік і лістапад-снежань. У мэтах імпартазамяшчэння ва ўмовах ахаванага грунту выкарыстоўваем тэхналогіі, якія дазваляюць вырабляць агуркі, зялёную і кветкавую прадукцыю, часткова пакрываючы імпартазамяшчэнне і ў зімовы перыяд. У цэлым, у ахаваным грунце, як і ў адкрытым, досыць шырокі асартымент — каля 15 найменняў зялёных культур, а таксама агуркі, таматы, баклажаны, перац. У «Дарорс» на плошчы 0,6 га вырошчваюцца ў ахаваным грунце суніцы садовыя (клубніцы) у міжсезонны перыяд — якраз да Новага годзе яны паступаюць у гандлёвыя сеткі.
Для гарантаванага забеспячэння насельніцтва плодаагародніннай прадукцыяй у міжсезонны перыяд ажыццяўляецца закладка стабілізацыйных фондаў.
Яшчэ адзін прыярытэтны кірунак работы — бахчавыя і арэхаплодныя культуры. Ураджай бахчавых у нашай краіне чакаецца каля 700 тон. Пад бахчавыя культуры сёння занятая плошча больш за 50 га, кавуны вырошчваюцца ў асноўным на поўдні краіны — у Драгічынскім, Мастоўскім, Гомельскім раёнах.
— Адпускная цана вытворцаў на кавуны складае ад 30 капеек да рубля, — паведаміла намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення раслінаводства.
Арэхаплодныя культуры таксама сёння ў прыярытэце. Пад фундук занятая плошча 109,5 га. Большая частка плантацый размешчана ў Маладзечанскім раёне — 60 га. Плантацыі грэцкага арэха (26 га) размешчаны ў асноўным у Брэсцкай вобласці.
Таксама ў нашай краіне 89 га вінаграднікаў. Летась было сабрана каля 200 тон беларускага вінаграду. Такая работа будзе працягнутая, заўпэўніла спецыяліст.
За сем месяцаў гэтага года «Белкаапсаюз» закупіў сельгаспрадукцыі на суму больш за 280 млн. рублёў, распавяла начальнік упраўлення нарыхтовак «Белкаапсаюза» Аксана Скіндэр. Спецыяліст паведаміла, што бульбы закуплена і рэалізавана (паколькі закладка ў стабфонды пакуль не адбываецца) 7,7 тыс. тон (тэмп росту да аналагічнага перыяду мінулага года — 180 %). А вось 4,2 тыс. тон бульбы, звыш 17 тыс. тон гародніны і 5 тыс. тон пладоў і ягад закуплена ў насельніцтва.
— Дынаміка росту аб'ёмаў закупак захоўваецца штогод: не маючы аднаго віду прадукцыі з-за ўмоў надвор'я альбо іншых прычын, мы замяшчаем яе іншымі відамі нарыхтовак.
Сёлета насельніцтву выплачана 200 млн рублёў за здадзеную прадукцыю, паведаміла Аксана Скіндэр.
— Мы прыступілі да нарыхтоўкі яблыкаў. Ужо бачым, што ўраджайнасць і валавы збор у прыватным сектары значна ніжэйшы ў параўнанні з мінулым годам. Але ў нас ёсць рэзерв — фермерскія гаспадаркі, дзе вырошчваюцца сарты пазнейшых тэрмінаў паспявання, якія можна рэалізоўваць у міжсезонне, закласці на захоўванне. Ужо закуплена 8 тыс. тон. Пакуль дынаміка станоўчая.
Дзікарослых пладоў і ягад «Белкаапсаюзам» закуплена каля 800 тон. Спецыяліст расказала, што арганізацыі спажывецкай кааперацыі ў апошнія гады актыўна працуюць з насельніцтвам па закупцы збожжа.
— Гэта перспектыўная пазіцыя, — адзначыла Аксана Скіндэр. — Шэраг фермерскіх гаспадарак вырабляе збожжа, і цяпер яно стала запатрабаванае ў рознічнай сетцы.
У цэлым, сёлета нарыхтоўшчыкі плануюць закупіць каля 27-30 тыс. тон бульбы, каля 40-45 тыс. тон гародніны і не менш за 70 тыс. тон садавіны.
— Закупачныя цэны залежаць ад якасці прадукцыі і ад рэгіёна. Апад яблыкаў для перапрацоўкі закупляецца па 18-23 капейкі за 1 кг, яблыкі таварныя ручнога здымання — ад 80 капеек да 1,6 рубля, алыча і слівы — ад рубля да двух, часнок — ад трох да пяці рублёў, чарнаплодныя рабіны — 25-90 капеек, брусніцы — ад 2,5 да 4 рублёў.
Закупачныя цэны на бульбу — ад 60 капеек да рубля (тая ж цана на агуркі), ад 80 капеек да рубля на капусту, на буракі — ад 80 капеек да 1,2 рубля. Лісічкі і баравікі нарыхтоўшчыкі купляюць у насельніцтва па кошце ад 6 да 10 рублёў, іншыя віды грыбоў — ад 2 да 5 рублёў.
Што датычыцца беларускага кавуна, арганізацыі спажыўкааперацыі штогод закупляюць ад 800 да 1000 тон гэтай ягады. Айчынныя кавуны ўжо прадстаўлены ў гандлёвай сетцы.
— У спажыўцоў часам узнікаюць сумненні, ці сапраўды гэта беларускія кавуны? Звяртаем увагу пакупнікоў: беларускія кавуны нічым не саступаюць па смакавых якасцях імпартным, — падкрэсліла начальнік упраўлення нарыхтовак «Белкаапсаюза».
— У Беларусі вытворчасцю агароднінных кансерваў займаюцца 35 прадпрыемстваў розных формаў уласнасці. Удзельная вага прыватных кампаній складае каля 60 %, — распавяла намеснік начальніка аддзела цукровай, кансервавай і дражджавой галін упраўлення па вытворчасці прадуктаў харчавання канцэрна «Белдзяржхарчпрам» Алена Андрэева. — Штогод вырабляецца 180-200 тысяч тон плодаагароднінных кансерваў.
Асартымент складае больш за 400 найменняў, у тым ліку — прадукцыя для харчавання дзяцей ранняга ўзросту (да 3 гадоў).
— Патрэбу рынку ў дзіцячым харчаванні (да 3 гадоў) сёння мы закрываем за кошт айчыннай вытворчасці на 85 %. Пашырылася лінейка прадукцыі для харчавання дзяцей дашкольнага і школьнага ўзросту, — распавяла Алена Андрэева.
Сярод гарнірнай прадукцыі новае — наборы для аліўе, вінегрэта і салаты «пад футрам» у вакуумнай упакоўцы.
— Наш рынак пакуль не гатовы да гэтай прадукцыі, але расійскі рынак забірае яе з задавальненнем, — канстатавала спецыяліст.
— Таксама мы вырабляем прадукцыю шокавага замарожвання — тунэлі па шокавым замарожванні маюць сёння 9 прадпрыемстваў краіны. Пашырылі аб'ёмы вытворчасці прадукцыі шокавага замарожвання па гародніне.
У вакууме вырабляюцца гатовыя да ўжывання кукуруза ў зярнятах і пачатках для салатаў, а таксама абедзенныя стравы, якія дастаткова разагрэць у мікрахвалеўцы. Пюрэ, паўфабрыкаты і канцэнтраваныя сокі выкарыстоўваюць прадпрыемствы галіны, а таксама іншых галін (хлебапякарнай, вінаробнай), пастаўляюцца на экспарт.
Сярод новых відаў прадукцыі — какосавае малако і арэхавыя напоі.
Аляксандра АНЦЭЛЕВІЧ
Фота: БелТА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/alyaksandra-ancelevich
[2] https://zviazda.by/be/ekanomika
[3] https://zviazda.by/be/selskaya-gaspadarka
[4] https://zviazda.by/be/tags/garodnina
[5] https://zviazda.by/be/tags/pres-kanferencyya
[6] https://zviazda.by/be/tags/mihail-zhygala