У гісторыі беларуска-кітайскіх літаратурных, гуманітарных зносін перыяд 1950-х гадоў застанецца як плённы час у фарміраванні ўяўленняў беларускага чытача пра Кітай.
Адна за другой тады выходзілі кнігі пісьменнікаў з Паднябеснай ў перакладзе на беларускую мову. Да мастацкага перакладу кітайскай паэзіі і прозы спрычыніліся беларускія пісьменнікі Максім Танк, Мікола Татур, Янка Брыль, Васіль Вітка...
Безумоўна, шмат мастацкіх тэкстаў выходзіла і ў перыядычным друку. У часопісах «Полымя», «Маладосць», «Беларусь», газеце «Літарутра і мастацтва». І ў сатырычным грамадска-палітычным часопісе «Вожык» — таксама.
У нумары 18 часопіса «Вожыак» за 1959 год надрукаваны гумарэскі Чжан Цянь-І «Добрая гадзюка» і Фын Сюэ-Фын «Шэсць праснакоў» . А таксама — падборка «Кітайскія прыказкі». Вось толькі некаторыя з прыказак: «Калі стаіш прама — не бойся, што твой цень крывы»; «Слова, якое шапнулі на вуха, можа быць пачута за тысячы лі»; «Няма іголкі з двума вострымі канцамі»; «Калі з’яўляецца віно, знікае мудрасць»; «Спаць на адной падушцы яшчэ не значыць бачыць адны і тыя ж сны». І гумарэскі, і прыказкі, упершыню змешчаныя ў «Вожыку» у 1959 годзе, перадрукаваны ў вераснёўскім нумары сатырычнага часопіса за 2021 год. Нагадаем, што сёлета, у 2021 годзе, — 80 гадоў з дня заснавання «Вожыка». І ўзнаўленне кітайскіх публікацый — як сведчанне таго, што быў і такі перыяд у гісторыі «Вожыка».
Сяргей ШЫЧКО
Прэв’ю: pexels.com
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/syargey-shychko
[2] https://zviazda.by/be/u-svece
[3] https://zviazda.by/be/vestki-z-kitaya-0
[4] https://zviazda.by/be/tags/vozhyk-3
[5] https://zviazda.by/be/tags/kitay
[6] https://zviazda.by/be/tags/chzhan-cyan-i
[7] https://zviazda.by/be/tags/fyn-syue-fyn
[8] https://zviazda.by/be/tags/mikola-tatur
[9] https://zviazda.by/be/tags/maksim-tank
[10] https://zviazda.by/be/tags/yanka-bryl