Венесуэла заўсёды для нас была і застаецца блізкай па духу краінай, заявіла сёння старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава ў час сустрэчы са спецыяльным пасланнікам прэзідэнта Венесуэлы Аданам Чавесам Фрыясам, перадае БелТА.
«Я шчыра рада вітаць вас у Савеце Рэспублікі. Я звяртаюся да вас як да сяброў. Венесуэла заўсёды для нас была і застаецца блізкай па духу краінай, і залогам таго з’яўляюцца тыя добрыя адносіны, якія былі закладзены нашымі прэзідэнтамі Аляксандрам Лукашэнкам і Уга Чавесам. Я ўпэўнена, што ваш візіт надасць новы імпульс развіццю добрых адносін паміж нашымі краінамі і народамі, — сказала Наталля Качанава. — У сучасным свеце ў гэтых няпростых умовах вельмі важная ўзаемная падтрымка нашых краін на міжнароднай арэне і ў міжнародных арганізацыях. Беларусь і Венесуэла не прымаюць умяшання ва ўнутраныя справы нашых краін, увядзенне санкцый і спробы дэстабілізаваць абстаноўку ў нашых краінах».
Спікер падкрэсліла, што адносіны Беларусі і Венесуэлы маюць трывалыя асновы і фундамент. «І мы будзем рабіць усё, каб яны і ў далейшым развіваліся вельмі плённа, — адзначыла яна. — Сёння вы сустракаліся з Прэзідэнтам Беларусі. Пасля гэтага я была на нарадзе з эканамічным блокам, і кіраўнік дзяржавы дакладна сказаў, што мы павінны не проста аднавіць добрыя адносіны па розных сферах жыццядзейнасці нашых краін, але і перасягнуць іх. Кіраўнік дзяржавы ўжо даў даручэнне адпрацоўваць візіты, сустрэчы нашых прэзідэнтаў», — адзначыла яна.
Старшыня Савета Рэспублікі падкрэсліла, што важкую ролю ў развіццё двухбаковых узаемаадносін павінны ўнесці парламентарыі. «Мы вельмі спадзяёмся на аднаўленне работы парламенцкай групы дружбы Беларусі і Венесуэлы. Сёння нашы краіны, як і заўсёды, павінны быць разам. Разам мы можам процістаяць тым выклікам і пагрозам, якія прымяняюцца ў адносінах да нас. У 2017 годзе, калі быў візіт Прэзідэнта Венесуэлы ў нашу краіну, мы вялі размову аб каляровых рэвалюцыях, якія адбываюцца па ўсім свеце. У мінулым годзе мы зведалі гэта на сабе. Сёння мы адчуваем умяшанне ва ўнутраныя справы нашай краіны звонку, спробы дэстабілізаваць абстаноўку, увесці санкцыі ў адносінах да нашых прадпрыемстваў. Але гэта ўсё будзе беспаспяховым. Наш народ, наш Прэзідэнт — мы выстаялі. І ў далейшым мы будзем супрацоўнічаць з тымі краінамі, якія гатовы супрацоўнічаць з намі, — канстатавала яна. — Яшчэ раз хацела б падзякаваць, што вы сёння прыехалі з візітам у нашу краіну, і хачу вас запэўніць у нашай шчырай дружбе, добрых адносінах і надзеі, што ўзаемаадносіны паміж нашымі краінамі будуць развівацца плённа па ўсіх напрамках. Я вельмі разлічваю на добрае супрацоўніцтва паміж парламентарыямі нашых краін».
«Для нас вельмі вялікі гонар сустрэцца з прадстаўнікамі беларускага парламента, — дадаў Адан Чавес Фрыяс. — Сёння раніцай адбылася вельмі важная для нас сустрэча з Прэзідэнтам Беларусі. Мэта майго візіту і дэлегацыі, якая мяне суправаджае, — перш за ўсё надаць новы імпульс нашым адносінам і зрабіць гэта як мага больш аператыўна. Я перадаў Аляксандру Лукашэнку цёплае прывітанне ад Нікаласа Мадуры і выказаў гатоўнасць зрабіць усё неабходнае, каб надаць новы імпульс нашым адносінам».
Фота БелТА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/palityka
[2] https://zviazda.by/be/parlament
[3] https://zviazda.by/be/tags/venesuela
[4] https://zviazda.by/be/tags/natallya-kachanava
[5] https://zviazda.by/be/tags/adan-chaves