Пры размове пра кнігу ў яе гараць вочы, а ўсмешка ззяе ярчэй, чым летняе сонца. Новая дырэктар Мінскай абласной бібліятэкі імя А. С. Пушкіна Наталля Вашчыла перапоўнена энергіяй і энтузіязмам аздобіць кніжніцу новым зместам, пры гэтым захоўваючы традыцыі. Як гэта атрымаецца — у нашай гутарцы.
— Наталля Мікалаеўна, віншуем з новай пасадай! Ды ў сферы культуры вы былі і раней?
— Я кар’ерны дыпламат. Шэраг пытанняў, якімі займалася, напрамую звязаны з культурай. Апошняя мая дыпламатычная пасада — саветнік па культуры ў Пасольстве Беларусі ў Маскве. Па першай адукацыі я гісторык-музеязнавец. Пасля заканчэння ўніверсітэта прыйшла на работу ў Міністэрства замежных спраў. Некалькі гадоў выкладала ў БДУ на гістарычным факультэце на кафедры музеялогіі. А калі прыйшла ў МЗС, была ад яго ў камісіі «Вяртанне», якую ў свой час узначальваў Адам Мальдзіс. Гэтая камісія займалася пытаннямі рэстытуцыі культурных каштоўнасцей, у прыватнасці бібліятэкай Храптовіча.
— Падчас вашага прызначэння вы абвясцілі, што збіраецеся істотна пашырыць гарызонты кніжніцы. Якім чынам? Што маеце на ўвазе?
— Бібліятэка — гэта цудоўна, у яе глыбокія традыцыі, тым больш Мінская абласная — найстарэйшая кніжніца сталіцы (летась адсвяткавала 120-гадовы юбілей). Але, на жаль або на шчасце, сёння час кардынальна змяніўся. І бібліятэка не можа сабе дазволіць быць ранейшай з прычыны таго, што проста як бібліятэка яна, мабыць, нецікавая вялікай аўдыторыі. Моладзь атрымлівае інфармацыю з гаджэтаў, даступны электронныя бібліятэкі з алічбаванымі фондамі найбуйнейшых кніжніц свету. Можна карыстацца, не выходзячы з дому. З акна свайго кабінета я некалькі разоў на дзень бачу, як каля нашай бібліятэкі ідуць натоўпы моладзі (тут раён студэнцкі).
І з болем у сэрцы разумею, што большасць праходзіць міма. А наша задача — зрабіць так, каб заходзілі. Тым больш у краіне ставіцца першачарговая задача — работа з моладдзю. Не трэба думаць, што ўсё можна ўскласці на сям’ю. На шчасце, з кіраўніцтвам Мінаблвыканкама, у падначаленні якога знаходзімся, а таксама з кіраўніцтвам галоўнага ўпраўлення культуры мы супалі ў бачанні таго, як павінна развівацца бібліятэка. Вельмі важна, калі ёсць такая шырокафарматная падтрымка. Добры і ваш праект — гутарыць з дырэктарамі абласных бібліятэк: грамадскасць павінна ведаць пра бібліятэкі, бо ўяўленне пра іх у шырокага карыстальніка дастаткова звужанае і стаўленне своеасаблівае.
Канцавая ж мэта ўсіх пераўтварэнняў, якія мы хочам рэалізаваць, — на базе Пушкінкі з максімальным захаваннем традыцый зрабіць прывабны для розных узроставых катэгорый культурны цэнтр. Каб тут было шмат цікавага, пачынаючы ад традыцыйных форм работы. Калі выстаўкі, то не толькі бібліятэчныя (кнігі, персаналіі), але і мастацкія. Хачу наладзіць узаемадзеянне з кіраўніцтвам нашых творчых ВНУ, каб бібліятэка стала пляцоўкай для дэманстрацыі талентаў студэнтаў, маладых творцаў. Спектаклі, музычныя вечары — таксама ў нас.
Яшчэ — зрабіць зону каворкінгу, тым больш вопыт ёсць: плённа працуе аддзел замежнай літаратуры, маем вопыт правядзення гурткоў, секцый, вывучэння замежнай мовы, знаёмства з культурамі розных краін і г. д. Чаму б маладым людзям не зайсці кампаніяй у бібліятэку, папрацаваць, паразмаўляць.
Ёсць ідэя зрабіць адмысловае кафэ, шматфункцыянальную зону, напрыклад, для настольных гульняў. Раней настолкі лічыліся забавай дзяцей — на самай справе гэта вельмі папулярная форма арганізацыі вольнага часу ў дарослых.
— Такі фармат, дарэчы, засведчыла і Цэнтральная навуковая бібліятэка імя Я. Коласа НАН Беларусі падчас нядаўняга Форуму навукі ў Батанічным садзе.
— Гэта спроба большай сацыялізацыі моладзі, якая сёння жыве, утаропіўшыся ў гаджэт. Іншым разам назіраю нават у сям’і: на дачы, знаходзячыся на розных паверхах, лянуюцца спусціцца, таму строчаць адзін аднаму ў тэлефон. Але ж не будзеш глядзець у гаджэт бясконца — усё роўна патрэбны зносіны. Калі ты прыйшоў з кампаніяй да нас у бібліятэку, можна да таго ж з кімсьці пазнаёміцца, і тыя ж настольныя гульні — выдатная магчымасць. І яшчэ шмат цікавостак у шматфункцыянальнай зоне: гурткі, майстар-класы, канферэнцыі, лекцыі, квэсты, клубы выхаднога дня (у гэтым рэчышчы плённа працуе наш дзіцячы аддзел). Дома сядзець сумна — чаму б не прыйсці ў бібліятэку, не пагуляць разам з дзецьмі? Яшчэ — магчымасць прагляду кінафільмаў, і тут я маю на ўвазе не аналаг кіназалы, а менавіта прэзентацыю новых стужак.
— Ды якое ж месца застаецца кнізе пры безлічы забаў?
— Падкрэсліваю: традыцыйныя функцыі бібліятэкі максімальна захоўваюцца. Больш за тое, ёсць надзея: калі людзі будуць прыходзіць сюды з іншымі мэтамі, можа, з цікавасці зазірнуць на выдачу, у чытальную залу. Бо, калі шчыра, сапраўды, электронны фармат чытання з дапамогай гаджэтаў — вельмі зручна: у транспарце, вандроўках. Але, на мой погляд, магію дотыку да жывой кнігі замяніць немагчыма. А за старымі, пашарпанымі старонкамі стаіць жа цэлая гісторыя...
— Думаецца, менавіта такое трапяткое стаўленне да кнігі і здольна зрабіць бібліятэку лепшай...
— Наша кніжніца носіць цудоўнае імя — Пушкіна. Гэтая асоба, уласна кажучы, стаіць каля вытокаў сучаснай рускай мовы і славеснасці. Гэта абавязвае нас быць найлепшымі, захоўваць традыцыі і прымнажаць іх. Я люблю Пушкіна і чытаць, штосьці нават перачытваю.
У чым адметнасць аўтараў, якіх прызналі геніяльнымі? Яны актуальныя ў любы час у любым грамадстве. Бо пішуць не на злобу дня, нават калі так здаецца. На самай справе яны пішуць пра агульначалавечыя праблемы, якія нязменныя. Прырода людзей не мяняецца — мяняюцца звычкі, адзенне, мода, але сутнасць тая ж. А геніям, такім як Пушкін, удаецца перадаць тонкасць чалавечай душы.
— А хто з айчынных пісьменнікаў, на ваш погляд, здолеў гэтага дасягнуць?
— Думаю, Максім Багдановіч. Для мяне гэта неверагодная асоба. Ён пражыў вельмі кароткае жыццё, згарэў літаральна на ўзлёце, але ўжо ў свае юныя гады прадэманстраваў такую тонкасць успрымання свету, такую глыбінную філасофію... Здаецца, адкуль у маладога чалавека такі жыццёвы вопыт? Таму для мяне Максім Багдановіч стаіць асобна.
З празаікаў люблю Караткевіча. Зразумела, гэта хрэстаматыйныя рэчы. Мы выраслі на ваенных творах Васіля Быкава. Некаторыя з іх — на разрыў аорты, у катэгорыі такіх, якія другі раз перачытваць складана, таму што балюча.
— Вы настроены ўдасканаліць аблічча бібліятэкі. А як наконт таго, каб прыдумаць, напрыклад, адмысловую ўніформу бібліятэкару ці ўвесці своеасаблівыя атрыбуты, па якіх яго лепш пазнаюць, што стане пасля візітоўкай?
— Ведаеце, я стаўлюся да гэтага па-іншаму. Тое, пра што вы гаворыце, можа, і сапраўды, зробіць бібліятэкара ярчэйшым, сфарміруе брэнд. Маўляў, ідзе чалавек у пэўным адзенні — значыць, ён працуе ў бібліятэцы Пушкіна. Але гэта пэўная стандартызацыя і перавод установы ў сферу паслуг. А ў нас жа працуюць людзі вельмі творчыя, і нельга стандартызаваць індывідуальнасць. Таму ў бібліятэцы ўніформа — не тое, што неабходна.
— Вы, як нескладана заўважыць, таксама асоба творчая. А ў чым бераце натхненне?
— У жыцці. Яно рознае: салодкае, горкае. Пакуль жывы чалавек, спадзяецца і імкнецца да лепшага, намагаецца сам стаць лепшым. І самае галоўнае — трэба ўмець радавацца простым рэчам. Напрыклад, сёння сонца — гэта ж здорава! Натхненне — людзі, якія гараць ідэямі, як мае калегі. Я ўбачыла сярод іх столькі творчых асоб. Стан творчасці не залежыць ад узросту. Нашы карыфеі — наша багацце, яны нясуць культуру і самі па сабе пласт культуры, крыніца ведаў.
Зараджаешся ад іх энергіі.
— У некаторых замежных кніжніцах на выдачы ўжо працуюць робаты. Ці неабходна гэта бібліятэцы? Ці ёсць тады небяспека для будучай запатрабаванасці бібліятэкара?
— Пэўныя працэсы аўтаматызаваць было б вельмі добра, асабліва руцінныя абавязкі. Я не футуролаг, мне складана прагназаваць будучыню на 200 гадоў наперад, але з пункту гледжання сучаснасці, думаецца, бібліятэкара замяніць складана, бо гаворка ідзе пра жывыя зносіны. Разумею, што штучны інтэлект можа валодаць большым аб’ёмам інфармацыі, але зносіны чалавека з чалавекам замяніць складана. Бо важна параіць пачытаць, зыходзячы не з зададзеных параметраў, а з асабістай ацэнкі: «мне падабаецца, бо...». Таму на дадзеным этапе гаварыць пра тое, што бібліятэкар можа быць заменены лёгка, не даводзіцца. Ды грамадства становіцца больш тэхнагенным, можа, так і здарыцца. Але спадзяюся, што я да гэтага не дажыву.
Ды неразумна, лічу, адмаўляцца ад электроннай кнігі, бо яна ж пашырае магчымасці. Ёсць абставіны, калі чалавек не можа мець доступу да вялікай колькасці кніг або жыве ў глыбінцы. Я, напрыклад, чытаю вельмі хутка. Калі мне браць чытва на два тыдні адпачынку, патрэбны чамадан кніг. Але ж гэта нерэальна.
— Чытаеце штодзень?
— Безумоўна. Я не магу жыць, калі не чытаю. Той, хто не чытае, пазбаўляе сябе вельмі многага. Па-першае, зносіны з добрай кнігай — як размова з разумным чалавекам. Па-другое, гэта магчымасць падумаць, расслабіцца. І нават з практычнага пункту погляду: сёння ж паніжаны ўзровень пісьменнасці. Гэта звязана і з тым, што дзеці перасталі чытаць. Бо зрокавую памяць ніхто ж не адмяняў: калі чытаеш, запамінаеш арфаграфію, пунктуацыю. Перастаў чытаць — згубіў пісьменнасць, гэта ўзаемазвязана. Нельга пераставаць чытаць — інакш дэградацыя. Разумею, што абставіны бываюць розныя: людзі шмат працуюць, стамляюцца, няма сіл. Але я без кнігі не магу.
— А як наконт навінавых стужак? Гэта можна назваць чытаннем?
— Не, канечне. Навінавыя стужкі — толькі выгляд чытання. Там пэўны стыль — тэлеграфны — сціслае выкладанне. Я назіраю і ў сваёй сям’і, і сярод равеснікаў майго сына, маіх пляменнікаў: у свой час школа адышла ад сачынення. І многія дзеці страцілі здольнасць нармальна выкладаць свае думкі. Я, напрыклад, не любіла сачыненні, хаця пісала іх заўсёды добра. Але з узростам зразумела: гэта вельмі дысцыплінуе мозг, працэсы мыслення, прымушае правільна фармуляваць думкі. А паспрабуйце дзяцей сёння прымусіць пераказаць змест прачытанай кнігі. Будзе: «ну», «вось», «гэта». Чытанне кніг і чытанне навін носіць розную функцыянальную нагрузку. Навінавыя стужкі ў сацсетках — імгненны абмен інфармацыяй. Гэта здорава, бо ты знаходзішся ў трэндзе, ведаеш, хто ў топе... Але яны не даюць пажытку для розуму, як мастацкі твор. Калі чытаеш кнігу, заўсёды прапускаеш аўтарскі пасыл праз сябе, суперажываеш, даеш ацэнку героям. Я бы ўсім раіла чытаць. Калі трапляецца добрая кніга, па-першае, гэта проста цікава.
Па-другое, заўсёды хочацца пазнаёміцца з іншым поглядам на тыя ці іншыя праблемы. Але падчас чытання твораў шматлікіх заходніх аўтараў здаецца, што яны пакідаюць адчуванне некаторай другаснасці. Так, яны пішуць аб агульначалалавечых праблемах, але мы выхаваны на рускай класічнай літаратуры (беларуская ў гэтым жа кантэксце). Ловіш сябе на думцы, што пра гэтыя ж праблемы Дастаеўскі пісаў нашмат глыбей і разумней.
— А ці могуць Дастаеўскія з’явіцца ў нашу эпоху?
— Складана сказаць. Каб пісаць як Дастаеўскі, трэба глыбока асэнсоўваць жыццё. Мне, напрыклад, вельмі імпануе Пялевін. Бо часам ён бывае жорсткі ў некаторых ацэнках, але гэта яго бачанне сённяшняга дня, тое, што патрабуецца цяпер. У той жа час параўноўваць Дастаеўскага і Пялевіна няправільна. Яны розныя. Але гэта не адмяняе значнасці таго і другога. А ўвогуле, ці патрэбны Дастаеўскі сёння? Свет змяніўся, тэмп жыцця — таксама. Работа думкі пабудавана цяпер па-іншаму, яна «завострана» пад больш тэхнагенныя працэсы. Узрасла хуткасць, і ў сучаснага чалавека фізічна няма магчымасці ўдумліва і засяроджана чытаць вялізны раман, дзе два раздзелы — апісанне дуба, якое, на жаль, будзе прагортвацца. Цяпер іншыя формы. Сёння глыбіня ад памеру не залежыць. І кароткае апавяданне можа быць больш інфармацыйным, чым раман. Так і бібліятэка: вымушана быць іншай — інакш закансервуецца ў сваёй архаіцы і стане музеем. Такі зыход непазбежны, калі кніжніца не будзе развівацца, шукаць новыя формы ўзаемадзеяння са светам, з чытачамі, наведвальнікамі.
А мы ж у цэнтры горада — стратэгічна выгаднае месцазнаходжанне, што трэба выкарыстоўваць на 100 %. Тут віруюць студэнты, і мы пастараемся зрабіць усё для таго, каб яны да нас прыйшлі. Побач і цэнтр народнай творчасці — з ім можна рабіць праекты. Спадзяюся, нам удасца паказаць, што бібліятэка можа быць цікавай. У нас ёсць ідэя пры падтрымцы кіраўніцтва правесці рамонтныя работы, у тым ліку памяняць кардынальным чынам уваходную групу, каб бібліятэка загучала больш сучасна нават візуальна. Гэта карпатлівая праца, але, як кажуць кітайцы, самая доўгая дарога пачынаецца з першага кроку.
Гутарыла Наталля СВЯТЛОВА
Фота аўтара
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/natallya-svyatlova
[2] https://zviazda.by/be/kultura
[3] https://zviazda.by/be/tags/natallya-vashchyla
[4] https://zviazda.by/be/tags/dyrektar-minskay-ablasnoy-bibliyateki-imya-s-pushkina