Адкрыццём часовай экспазіцыі пад назвай «У той песні, шырокай, як свет…», прымеркаванай да 100-годдзя зборніка алегарычных апавяданняў «Казкі жыцця», адсвяткаваў дзень нараджэння народнага паэта Дзяржаўны літаратурна-мемарыяльны музей Якуба Коласа. На выстаўцы прадстаўлены выданні «Казак жыцця» розных часоў, пераклады асобных алегарычных апавяданняў на іншыя мовы свету, а таксама ілюстрацыі да казак з прыватнай калекцыі беларускай мастачкі Людмілы Пятруль.
«Если бы я дожил до 15 сентября текущего года, я отмечал бы пятидесятилетие литературной деятельности. На всякий случай собрал «Сказки жизни», написанные за годы 1908—1956.
А ведь их в России не знают, да и здесь, в Белоруссии, их знает лишь несколько человек. Они же, на мой взгляд, заслуживают большего», — так напісаў Якуб Колас свайму сябру і перакладчыку С. Гарадзецкаму 13 мая 1956 года.
У літаратурнай спадчыне Якуба Коласа «Казкі жыцця» займаюць асаблівае месца. Алегарычныя апавяданні Якуб Колас пісаў з 1906 года і да апошніх дзён свайго жыцця, аднак з вялікім перапынкам у 1930—1940-я гады. Гэта быў адзін з любімых жанраў паэта. Ён — вынік асэнсавання творцам гістарычных з’яў, спроба выявіць шматлікія філасофскія і этычныя праблемы. Першае апавяданне «Дудар» выйшла ў 1906 годзе ў газеце «Наша Ніва», апошняе — «Страказа» — было напісана ў 1956-м. Увесь цыкл алегарычных апавяданняў аб’ядноўвае 32 казкі. Паэт называў іх адзіным творам.
Спачатку казкі друкаваліся паасобку ў розных перыядычных выданнях — газетах «Наша Ніва», «Вольная Беларусь», зборніках «Родныя з’явы», «Беларускі каляндар». Першае выданне «Казак жыцця» Якуба Коласа асобнай кнігай з’явілася ў 1921 годзе, яно выйшла ў горадзе Коўне.
У прадмове да кнігі Якуба Коласа «Казкі жыцця», якую музей песняра падрыхтаваў да 100-годдзя першага выдання твора, унучка паэта Вера Даніілаўна Міцкевіч адзначыла: «Алегарычныя апавяданні, якія Якуб Колас пісаў на працягу паўстагоддзя і змясціў пад адной вокладкай, ёсць квінтэсэнцыя жыццёвай мудрасці, філасофскай думкі, вобразнасці, фантастычнасці і павучальнасці». Для паэта «Казкі жыцця» — не проста збор асобных казак, а адзіны твор, яго спроба асэнсаваць адвечныя філасофскія і этычныя праблемы. Так, казка «Зло — не заўсёды зло» ўзнімае праблемы дабра і зла, казка «Супраць вады» — пытанні волі, праўды і свабоды. У казцы «Дудар», якая доўгі час была забаронена, Якуб Колас адстойваў беларускую мову, апавяданне «Гусі» прысвечана вяртанню пісьменніка на Радзіму пасля доўгіх гадоў разлукі з роднай старонкай падчас Першай сусветнай вайны. Зборнік змяшчае і некалькі казак-прысвячэнняў. Так, казка «Ноч, калі папараць цвіце» прысвечана Янку Купалу, была напісана на дваццацігоддзе яго літаратурнай дзейнасці. У казцы «Кучаравае дрэва» Якуб Колас прадставіў «алегарычны партрэт пісьменніка» Змітрака Бядулі, з якім сябраваў з 1906 года, калі яны разам працавалі ў рэдакцыі газеты «Наша Ніва». Пісьменнікаў звязвалі доўгія гады сяброўства і сумеснай творчасці.
Алегарычнае апавяданне «Над прасторамі зямлі» прысвечана Цішку Гартнаму. Гэта апошні твор з цыкла, які быў напісаны Якубам Коласам у даваенны час. Казка прымяркоўвалася да дваццацігоддзя літаратурнай дзейнасці пісьменніка, якое адзначалася 15 снежня 1928 года. Пасля таго, як казка была апублікавана, яна трапіла ў лік твораў, якія доўга не друкаваліся. М. Мушынскі меркаваў, што прычына была ў тым, што Цішка Гартны, якому твор прысвечаны, у 1955 годзе быў толькі часткова рэабілітаваны. Поўная палітычная рэабілітацыя адбылася ў 1988 годзе. Вядома ж, Якуб Колас мог выратаваць твор, зняўшы прысвячэнне, але пайсці такім шляхам паэт не захацеў. У Збор твораў казка «Над прасторамі зямлі» ўпершыню ўвайшла толькі ў 1962 годзе.
У зборніку ёсць і яшчэ адна вельмі цікавая казка «Як птушкі дуб ратавалі». Малодшы сын Якуба Коласа Міхась Міцкевіч лічыў, што ў вобразе дуба — любімага дрэва паэта — Якуб Колас паказаў сябе. У вобразе птушак, якія так стараліся палепшыць стан здароўя дуба, зашыфраваны рэальныя асобы: крумкач і дзяцел — дактары Якуба Коласа Б. Трусевіч і Д. Маркаў, галубкі — сыны паэта, сарока і сойка — нявесткі песняра.
Напрыканцы жыцця Якуб Колас рыхтаваў «Казкі жыцця» да перавыдання. Асобнай кнігай пры жыцці паэта апошні раз яны выходзілі только ў 1928 годзе. Кніга 1928 года з праўкамі аўтара і да сённяшняга часу ляжыць у стале пісьменніка ў яго рабочым кабінеце.
Аўтар значна перапрацаваў твор — зрабіў новы змест кнігі, напісаў новыя казкі. Дзякуючы таму, што Якуб Колас працаваў над зборнікам у апошнія гады свайго жыцця, у фондах музея захаваліся рукапісы і машынапісы казак, якія прадстаўлены на часовай экспазіцыі.
У дзень смерці Якуб Колас чарговы раз пісаў С. Гарадзецкаму пра набалелае, з глубокім смуткам паведамляў аб пераносе выдання кнігі «Казак жыцця» на наступны год. На жаль, у наступным годзе зборнік алегарычных апавяданняў, над якім так старанна працаваў паэт, так і не выйшаў, ён пабачыў свет толькі ў 1960 годзе, праз чатыры гады пасля смерці паэта.
Шмат іншых звестак, што датычаць жыцця і творчасці народнага пісьменніка, можна знайсці ў матэрыялах выстаўкі, якая працуе да канца лістапада.
Васіліна МІЦКЕВІЧ, галоўны захавальнік фондаўДзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа
Фота Кастуся ДРОБАВА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/yakub-kolas
[2] https://zviazda.by/be/tags/nasha-niva-1
[3] https://zviazda.by/be/tags/strakaza