Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка пабываў у транспартна-лагістычны цэнтр каля пункта пропуска «Брузгі» беларуска-польскай граніцы. Некалькі тыдняў там месціцца больш за дзве тысячы бежанцаў, якія мяркуюць праз тэрыторыю Польшчы трапіць у Германію. Улады краіны, дабрачынныя арганізацыі і грамадскія супольнасці ладзяць быт мігрантаў. У пятніцу на ўласныя вочы паглядзець умовы жыцця бежанцаў прыехаў Прэзідэнт. Аляксандр Лукашэнка азнаёміўся з умовамі размяшчэння бежанцаў, агледзеў пункт раздачы харчавання, пацікавіўся, ці ўсім хапае прадуктаў і месца ў цэнтры. Праінфармавалі яго аб мерах супрацьпажарнай бяспекі. Кіраўнік дзяржавы таксама сустрэўся з прадстаўнікамі Чырвонага Крыжа і паразмаўляў з бежанцамі, якія не пакідаюць надзеі трапіць у краіны Еўрапейскага саюза. Мігранты сустрэлі Прэзідэнта апладысментамі.
На імправізаванай трыбуне з драўняных паддонаў Прэзідэнт пачаў размову з бежанцамі, адзначыўшы сваю ўпэўненасць у вырашэнні крызісу на граніцы. Ён расказаў, што яго задача — дапамагчы людзям, якія трапілі ў бяду. Па яго словах, палова інфармацыі, што прыходзіць да мігрантаў, — фэйкі, няпраўда. Таму яго парада: «Вам трэба, знаходзячыся тут, навучыцца адрозніваць праўду ад няпраўды».
Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што на яго сустрэчы з бежанцамі прысутнічаюць прадстаўнікі заходняй супольнасці, журналісты. «Няхай яны ведаюць, што мы, беларусы, і я ў тым ліку як Прэзідэнт Беларусі, будзем рабіць усё так, як вы пажадаеце, нават калі гэта будзе дрэнна для палякаў, латышоў і яшчэ кагосьці. Мы будзем рабіць так, як вы захочаце», — цытуе словы Прэзідэнта яго прэс-служба.
Аляксандр Лукашэнка растлумачыў, што дапамагчы бежанцам трапіць у Германію — па-за кампетэнцыяй нашай краіны. «Вы разумееце, што мы не можам зладзіць вайну, каб прабіць вам калідор праз Польшчу да Германіі. Вы бачыце, як яны рэагавалі, калі вы падышлі бліжэй да іх. Яны вас сустрэлі ядахімікатамі, святлошумавымі гранатамі, слёзатачывым газам і гэтак далей. Не дай Бог, пайшлі б далей да граніцы, пачалі б страляць. Людзі з таго боку ашалелі», — канстатаваў кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка расказаў пра сваё абяцанне еўрапейцам — рабіць усё, каб мігранты, тыя, хто жадае, маглі вярнуцца да сябе на радзіму. Таксама Прэзідэнт падкрэсліў, што Беларусь не будзе рабіць палітыку на лёсах бежанцаў і паабяцаў, што мігрантаў гвалтоўна не будуць эвакуіраваць дамоў. «Калі вы захочаце ісці ў заходнім напрамку, мы не будзем вас душыць, хапаць і збіваць. Гэта ваша воля. Пройдзеце — ідзіце. Вось і ўся філасофія. Я ведаю, што сказанае мной не ўсім спадабаецца, асабліва за мяжой, але гэта праўда, яны павінны ведаць праўду», — дадаў Аляксандр Лукашэнка.
Ён канстатаваў, што, па даных палякаў, на тэрыторыю Польшчы, Літвы, Латвіі штодня праходзяць да 200 чалавек. Прэзідэнт агучыў даныя і аб тым, што за апошнія суткі праз граніцу Беларусі на тэрыторыю Польшчы і Літвы пайшло прыкладна 200 чалавек. «Гэта людзі, якія знаходзіліся ў Мінску, Гродне, жылі на прыватных кватэрах. З вашага лагера, магчыма, 10 чалавек», — растлумачыў ён.
Па падліках беларускага боку, на тэрыторыі нашай краіны акрамя двухтысячнага лагера ў Гродзенскім раёне знаходзіцца яшчэ каля 2-3 тысяч бежанцаў з краін Блізкага Усходу. Але гэта, падкрэслівае Прэзідэнт, вельмі прыблізныя лічбы. Ён адзначыў, што бежанцы з Афганістана будуць спрабаваць трапіць у ЕС праз Украіну. Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, гэта пытанне зараз хвалюе беларускі бок. Каб супрацьстаяць мігрантам, украінцы нарошчваюць на граніцы пазіцыі сілавікоў.
Беларусь жа, паводле слоў Прэзідэнта, не будзе чыніць перашкод бежанцам на іх шляху ў Еўрасаюз. Аляксандр Лукашэнка заклікаў мігрантаў вырашыць для сябе, як ім лепш: або вярнуцца дадому, або цярпець нягоды і нязручнасці, каб паспрабаваць трапіць у ЕС.
«Падумайце. Адзінае, што скажу: лепш, на жаль, пакуль не будзе. Мы нічога не станем рабіць сілком. Я вам абяцаю: усё, што я і органы дзяржаўнай улады Беларусі можам зрабіць, мы зробім. Мы настойліва будзем прасіць заходнія дзяржавы вам дапамагчы. Гэта не толькі чалавечая праблема, я гляджу далей: калі мы зараз не вырашым у Беларусі праблему бежанцаў, яна будзе на парадак магутнейшая не толькі вясной, але і зімой. Мы разумеем, што сюды хлыне вялікая колькасць бежанцаў і стрымаць іх на мяжы будзе немагчыма», — цытуе словы кіраўніка дзяржавы яго прэс-служба.
Прэзідэнт звярнуў увагу на тое, што вырашаць мігранцкую праблему трэба зараз, пакуль яна не разраслася, і заклікаў польскі бок прапусціць бежанцаў у Германію. Аляксандр Лукашэнка сказаў народу Польшчы: «Паважаныя палякі, прывядзіце да розуму сваіх палітыкаў. Вы ж разумееце, што за кошт гэтых бяздольных людзей яны хочуць вырашыць свае ўнутраныя і знешнія праблемы». На яго думку, кіраўніцтва Польшчы разлічвае вытаргаваць мільярды еўра ў Еўрапейскага саюза, які заблакіраваў гэту дапамогу з-за рознагалоссяў з краінай.
«Палякі незадаволеныя палітыкай кіруючай кааліцыі, і яны ўсё больш прад'яўляюць патрабаванняў свайму ўраду. І каб адцягнуць увагу ад гэтых праблем, яны (улады Польшчы. — «Зв.») арганізавалі гэту бойню на граніцы», — сказаў Прэзідэнт.
Ён таксама заклікаў народ Германіі даць прытулак бежанцам з беларуска-польскай граніцы, якія хочуць уз'яднаць свае сем'і, знайсці сваіх родных і блізкіх, што знаходзяцца ў Германіі. «Гэта невялікая нагрузка, яны хочуць жыць у Германіі. Дзве тысячы чалавек — не вялікая праблема для Германіі. І канцлер Меркель з гэтым пагадзілася», — сцвярджае Аляксандр Лукашэнка.
У лагеры бежанцаў круглымі суткамі працуюць прадстаўнікі грамадскіх арганізацый, валанцёры гуманітарных місій, а таксама беларускія чыноўнікі і сілавікі. Аляксандр Лукашэнка заклікаў бежанцаў пры неабходнасці звяртацца да іх па дапамогу і не баяцца беларускіх ваенных, якім даручана гарантаваць бяспеку ў лагеры.
«Мы будзем старацца забяспечыць вас харчаваннем, апрануць. Мы будзем рабіць усё для таго, каб вы атрымалі пітную ваду, каб вы маглі адвесці ў лазню дзетак, каб жонкі вашы маглі схадзіць у лазню і вы. Мы будзем рабіць усё, каб зрабіць ваш часовы побыт крыху лягчэйшым», — запэўніў Прэзідэнт бежанцаў.
У час размовы з кіраўніком дзяржавы людзі выказалі падзяку беларускаму народу і кіраўніцтву краіны за аказаную падтрымку і аказаную дапамогу, асабліва за клопат аб іх дзецях.
Пасля размовы з бежанцамі Аляксандр Лукашэнка пагутарыў з журналістамі. Ён расказаў, што ў першай размове з в.а. канцлера Германіі Ангелай Меркель папрасіў забраць больш за дзве тысяч чалавек, якія знаходзяцца на граніцы з Польшчай. «Па размове з Меркель я зразумеў, што яна выдатна разумее гэта і яна не супраць. Натуральна, яна чалавек, які сыходзіць, яе паўнамоцтвы практычна скончыліся. І другое — еўрапейская салідарнасць. Яна мяне папрасіла, адпаведна, адправіць на радзіму тых, хто ў нас ёсць. Я сказаў, што мы будзем над гэтым працаваць. І двойчы ёй паўтарыў: мы пастараемся да новага года гэту праблему вырашыць. Мы не будзем іх рэпатрыіраваць. Мы папросім, каб з'ехалі тыя, хто хоча», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.
Паводле яго, абавязацельствы выконваюцца: ужо больш як 1 тысяча чалавек паехала, 400 яшчэ знаходзяцца ў аэрапорце. Падчас другой размовы Ангела Меркель сказала, што праблема бежанцаў на граніцы будзе вырашацца на ўзроўні ЕС, дамовіліся вызначыць кантактных асоб для гэтай работы. «Яна кажа: «Вось гэтыя людзі ўжо на ўзроўні ЕС вырашаць гэтую праблему». Я даручыў міністру замежных спраў, ён назаўтра патэлефанаваў. Адказ: «Ды нам зараз не да гэтага, у нас камандзіроўкі». Відаць, не жадаюць вырашаць гэтую праблему. Сутнасць у чым: не жадаеце вырашаць — скажыце, мы без вас будзем вырашаць гэтую праблему!» — заявіў Аляксандр Лукашэнка.
Па выніку ён канстатаваў, што з боку ЕС у вырашэнні праблемы бежанцаў воз і зараз там. Ён таксама падкрэсліў: «Яны не хочуць вырашаць гэту праблему нават па тых напрамках, дзе яе можна вырашыць. Ну што такое Чырвонаму Крыжу дапамагчы нейкімі грашыма або Міністэрству аховы здароўя дапамагчы пралячыць гэтых людзей... Тут жа хворых людзей шмат... А пачнецца зіма, а, не дай бог, пандэмія і іншае, іншае! Што, яны гэтага не разумеюць? Прыехалі, пакрасаваліся тут, з'ехалі — цішыня».
Ён таксама адзначыў, што Еўропе вайна і канфлікты не патрэбны, гэта трэба амерыканцам. «Ім трэба тут заварыць кашу чужымі рукамі», — сказаў Прэзідэнт.
Журналісты пацікавіліся меркаваннем кіраўніка дзяржавы, чаму некаторыя прадстаўнікі Захаду, міжнародных арганізацый практычна не ідуць на кантакт з журналістамі.
«Яны прыязджаюць для таго, каб вам тры словы ляпнуць, і для таго, каб прапіярыцца. Вы майце на ўвазе, што яны атрымліваюць месячную зарплату столькі, колькі мы ўсе з вамі, і я ў тым ліку, атрымліваем за месяц, — адзначыў Прэзідэнт. — Якія з імі могуць быць размовы і перагаворы? Гэта людзі пустыя. Тыя, хто плаціць ім зарплату, а ў асноўным там амерыканцы, еўрапейцы і іншыя, яны і музыку заказваюць».
Аляксандр Лукашэнка расказаў пра перахопленае паведамленне заходнім палітыкам: не размаўляць з журналістамі, асабліва беларускімі і расійскімі. «Таму што яны, калі сюды прыязджаюць, вы за імі бегаеце: «Скажыце гэта, скажыце тое...» Яны ў дзікую сітуацыю трапляюць, не ведаюць, што рабіць», — растлумачыў Аляксандр Лукашэнка.
Па словах кіраўніка краіны, выдаткавана на дапамогу бежанцам ужо $12,6 млн. «Яны Чырвонаму Крыжу нашаму пералічылі $260 тысяч, — заўважыў ён. — Разумееце, такія мярзотныя. Не хочуць — не трэба, мы разбяромся з гэтымі людзьмі. Але іх абараняць (Захад і Еўропу ў прыватнасці. — «Зв».) мы не будзем. Яны першымі парушылі нашы дагаворы аб рэадмісіі».
Аляксандру Лукашэнку таксама было зададзена пытанне адносна новага ўрада Германіі. «Мы ні на што не разлічваем, але мы робім усё як нармальныя людзі, цывілізаваныя суседзі. Мы не хочам ніякай вайны, супрацьстаяння тут, у цэнтры Еўропы. Калі яны прытрымліваюцца гэтай лініі, калі ласка, будзем заўтра сустракацца і дамаўляцца. Калі яны хочуць канфрантацыі, думаю, яны ад гэтага толькі страцяць», — рэзюмаваў Прэзідэнт.
Фота: БелТА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/palityka
[2] https://zviazda.by/be/prezident
[3] https://zviazda.by/be/tags/bezhancy
[4] https://zviazda.by/be/tags/prezident
[5] https://zviazda.by/be/tags/aliaksandr-luka%C5%A1enka
[6] https://zviazda.by/be/tags/tlc
[7] https://zviazda.by/be/tags/bruzgi-1