Канал «Культура» Беларускага радыё сумесна з Нацыянальным мастацкім музеем Рэспублікі Беларусь распачалі спецыяльны праект «Дыялогі пра культуру: Перадзвіжнікі», які знаёміць слухачоў з жыццём і творчасцю мастакоў-перадзвіжнікаў.
Сёлета 29 лістапада споўнілася 150 гадоў з моманту першай экспазіцыі рускага Таварыства перасоўных мастацкіх выставак. Пад знакам юбілею ў Нацыянальным мастацкім музеі адкрыўся праект «Перадзвіжнікі. Рэалізм. Асвета. Бізнес». У праграму ўключаны радыёсустрэчы з навуковымі супрацоўнікамі музея, куратарамі, экскурсаводамі. Кожная перадача будзе прысвечана асобнай тэме: партрэт, бытавы жывапіс, пейзаж, бізнес у дзейнасці перадзвіжнікаў, уплыў мастакоў таварыства на іншыя віды мастацтва.
— Супрацоўніцтва канала «Культура» з Нацыянальным мастацкім музеем пастаянна развіваецца. У эфіры мы асвятляем часовыя выставачныя праекты, запрашаем музейных работнікаў на перадачы, дзе гутарым пра фонды, шэдэўры з калекцыі ўстановы, асаблівасці нацыянальнага выяўленчага мастацтва, — адзначае дырэктар канала «Культура» Беларускага радыё Уладзімір Трапянок. — А праект-падкаст — гэта новая форма нашага ўзаемадзеяння з музеем, гібрыдны праект, закліканы прыцягнуць увагу сучаснікаў да сапраўднага мастацтва, здольнага натхняць і ўзвышаць чалавека.
Спецыяльны праект, які складаецца з шасці выпускаў, стартаваў у эфіры канала «Культура» 2 снежня ў 12.30, а працяг аўдыторыя зможа слухаць па чацвяргах. Падкасты радыёсустрэч будуць змешчаны і на YouTube-канале, у сацыяльных сетках «Культуры» і Нацыянальнага мастацкага музея. Адкрывайце мастацтва з новых ракурсаў!
Алена ДРАПКО
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/kanal-kultura-belaruskaga-radyyo
[2] https://zviazda.by/be/tags/nacyyanalny-mastacki-muzey
[3] https://zviazda.by/be/tags/peradzvizhniki