Генадзь Аўласенка — вядомы беларускі паэт і празаік, які шмат піша і для дзіцячага чытача. Творы літаратара пастаянна друкуюцца ў дзіцячых часопісах «Вясёлка», «Буся», Бярозка«, «Качели», «Весёлый зоопарк», у розных калектыўных зборніках. І таму не дзіўна, што кнігі Генадзя Аўласенкі хутка разыходзяцца з паліц кнігарняў і не залежваюцца ў выдавецтве. І часам перавыдаюцца. Як, напрыклад, зборнічак вясёлых і цікавых, пазнавальных вершаў «Зайка польку танцаваў», які толькі што пабачыў свет у Выдавецкім доме «Звязда». Першае выданне кнігі было здзейснена ў 2016 годзе.
«Зайка польку танцаваў:/ Чаравічкі сапсаваў./ Вось як Зайку не шанцуе!/ Зайка болей не танцуе./ Ён цяпер сядзіць, бядуе.../ Можа, хто і пашкадуе?/ Можа, купіць чаравічкі,/ Чаравічкі-невялічкі...» Вершы Генадзя Аўласенкі напоўнены фантазіяй, гумарам... «Я скажу вам без маны:/ У мяне жывуць сланы! / Я кармлю іх салам з хлебам.../ Што? Не верыце?/ Не трэба!» (Фантазёр«). «Табурэт да табурэта — / Атрымалася ... ракета!» («Касманаўт»).
Выдадзеная накладам 1000 асобнікаў, кніга дзіцячых вершаў і загадак «Зайка польку танцаваў» Генадзя Аўласенкі ўжо прыйшла ў кнігарні. Набыць зборнік можна і ў «Акадэмкнізе» у Мінску па адрасе: Мінск, праспект Незалежнасці, 82. Некаторыя з асобнікаў кнігі пісьменнік і падпісаў сваім юным чытачам. Чым не падарунак?!.
Мікола БЕРЛЕЖ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/mikola-berlezh
[2] https://zviazda.by/be/kultura
[3] https://zviazda.by/be/litaratura
[4] https://zviazda.by/be/tags/genadz-aulasenka-2
[5] https://zviazda.by/be/tags/vyasyolka-0
[6] https://zviazda.by/be/tags/busya-0
[7] https://zviazda.by/be/tags/byarozka-0
[8] https://zviazda.by/be/tags/zayka-polku-tancavau
[9] https://zviazda.by/be/tags/vydavecki-dom-zvyazda-2