На першую сёлета нараду з Саўмінам вынесены пытанні, якія патрабуюць абмеркавання ў шырокім складзе. Сярод іх праекты рашэнняў па ўдасканаленні сістэмы закупак, кіраванні маёмасцю сумеснага домаўладання, павышэнні ўзроўню фінансавай дасведчанасці насельніцтва і стварэнні новага дзяржаўнага органа — Міністэрства лічбавага развіцця і сувязі.
Па словах Прэзідэнта, на нарадзе неабходна ўсебакова разабрацца, ці дазволяць прапанаваныя на разгляд дакументы вырашыць наяўныя праблемы і якія наступствы можна чакаць.
Першае пытанне пасяджэння датычылася сістэмы закупак. Паводле слоў кіраўніка краіны, яна заўсёды была аб’ектам яго пільнай увагі, паколькі з’яўляецца адным са значных інструментаў эканамічнай палітыкі.
«Мной не раз даваліся даручэнні аб яе выкарыстанні для павышэння канкурэнтаздольнасці эканомікі, эфектыўнага расходавання грашовых сродкаў і недапушчэння рознага кшталту шэрых схем», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Урадам да абмеркавання падрыхтаваны праект указа, які дасць магчымасць выключыць нядобрасумленнае пасрэдніцтва і ўдасканаліць сістэму закупак за кошт бюджэтных і ўласных сродкаў арганізацый.
«Аднак пры любых навацыях павінна быць забяспечана бесперабойнасць працэсаў у гаспадарчай дзейнасці прадпрыемстваў з адначасовай эканоміяй грашовых сродкаў», — заўважыў кіраўнік краіны.
Другое пытанне — стварэнне на базе існуючага Міністэрства сувязі новага дзяржаўнага органа пад назвай Міністэрства лічбавага развіцця і сувязі. Прэзідэнт папярэджвае: пры абнаўленні ведамства не павінна быць гонкі за моднымі плынямі. «Калі нешта змяняем, змены павінны быць па сутнасці. І самае галоўнае — змяненні павінны быць запатрабаваны грамадствам, эканомікай», — дадаў кіраўнік краіны.
Як ён адзначае, дзякуючы імклівваму развіццю лічбавых тэхналогій свет сапраўды стаў мяняцца вельмі хутка і неабходна выкарыстоўваць усе перавагі гэтых працэсаў.
«З іншага боку варта памятаць і разумець, што дзяржава ў прыняцці рашэнняў па рэгуляванні гэтай сферы павінна дзейнічаць на апярэджанне. Таму сёння ўважліва разгледзім дадзенае пытанне. Мне паведамляюць, што ў Беларусі створана неабходная базавая інфраструктура, пабудавана развітая сетка перадачы даных, надзейныя цэнтры іх апрацоўкі і захоўвання, укаранёны сучасныя сродкі абароны інфармацыі», — падкрэслівае Прэзідэнт.
Але ён заўважае — гэтага недастаткова: лічбавая сфера павінна не толькі паляпшаць побыт людзей, але і праз высокаэфектыўныя вытворчасці павышаць іх дабрабыт. Больш увагі, на думку кіраўніка краіны, неабходна ўдзяляць лічбавізацыі рэальнага сектара эканомікі, забеспячэнню канкурэнтаздольнасці прадпрыемстваў.
Таму Прэзідэнт пры дакладзе папрасіў асаблівую ўвагу звярнуць на тое, як стварэнне новага міністэрства будзе садзейнічаць якасным змяненням у жыцці нашых грамадзян і развіццю краіны.
Да рашэння трэцяга пытання — кіраванне маёмасцю сумеснага домаўладання, сказаў Прэзідэнт, падвяло само жыццё. «Усе мы бачылі, якую шкоду нанеслі будынкам, збудаванням і грамадскай маёмасці ў выніку так званых пратэсных акцый. Дзякуй Богу, што не спалілі сталіцу, як гэта зрабілі з фінансавай сталіцай Казахстана», — зрабіў рэмарку кіраўнік краіны.
У пераважнай большасці выпадкаў шкода пабудовам у Мінску наносілася пры папушчальніцтве, а часам і па ініцыятыве кіраўнікоў арганізацый уласнікаў жылля, мяркуе Аляксандр Лукашэнка. А на ліквідацыю наступстваў і навядзенне парадку накіроўваліся велізарныя грошы.
«Мной даваліся даручэнні аб узмацненні жорсткасці адказнасці старшынь праўленняў таварыстваў уласнікаў і іншых арганізацый за незабеспячэнне захаванасці, належнай эксплуатацыі і ўтрымання агульнай маёмасці. Якую пазіцыю яны займалі, я ўжо не кажу. Але ўсе мы гэта выдатна памятаем. Асабліва вопыт Казахстана дазваляе нам рабіць жорсткія высновы і так жа жорстка дзейнічаць, не дапускаць падобныя выпадкі», — акцэнтаваў увагу Прэзідэнт.
Апошнім пытаннем на парадку дня стаў праект Указа «Аб фінансавым кансультаванні фізічных асоб».
«Тэмпы развіцця фінансавага рынку абумоўлены сучаснымі эканамічнымі тэндэнцыямі. Таму ў насельніцтва ўзнікаюць пэўныя праблемы з-за таго, што сярэдні ўзровень яго фінансавай дасведчанасці не заўсёды паспявае за працэсамі, якія адбываюцца», — сказаў кіраўнік краіны.
Атрыманне дапамогі ў выбары фінансавай установы, непасрэдна саміх інвестыцыйных ці крэдытных прадуктаў — гэта пытанні, з якімі сутыкаецца большасць грамадства, заўважыў Прэзідэнт.
У дадзеным выпадку задача дзяржавы — сфарміраваць дзейсны інстытут прафесійнай дапамогі людзям, якія маюць патрэбу ў кваліфікаванай падтрымцы для кіравання сваімі фінансамі.
«Баюся я, вывучаючы гэтую ідэю, каб мы зноў не прыцягнулі тое, што ў грамадстве не запатрабавана. Таму хацеў бы па сутнасці паслухаць даклад па праекце адпаведнага ўказу», — дадаў кіраўнік краіны.
Першым дакладчыкам па тэме сістэмы закупак быў новы міністр антыманапольнага рэгулявання і гандлю Аляксей Багданаў. Прэзідэнт яшчэ раз нагадаў яму просьбу — ведамства павінна набыць абсалютна іншае аблічча, знайсці сваё месца ў грамадскім жыцці, таму што яно вельмі запатрабаванае.
Аляксей Багданаў паведаміў, што абнаўленне па ўказе ў сістэме закупак дазволяць зэканоміць бюджэтныя сродкі і павялічыць долю айчынных тавараў пры дзяржзакупках.
«Першае, што прапаноўваецца, — забарона на ўдзел у дзяржзакупках афіліраваных асоб. Афіліраваныя змовы — адзін з карупцыйных складнікаў, што па даследванні міжнародных агенцтваў сведчыць: каля 20 працэнтаў наносяць шкоду закупкам тавараў. Змова дае завышэнне цэн. У праекце ўказу дадзена вызначэнне і паняцце, хто такія афіліраваныя асобы і як іх вызначыць», — расказаў міністр.
Другая навацыя — аперацыі па арэндзе і лізінгу будуць праводзіцца на конкурснай аснове, што дапаможа выключыць выпадкі набыцця імпартнага абсталявання ў абход конкурсу і беларускіх пастаўшчыкоў.
«Я маю на ўвазе, што з прыняццем таго ці іншага нарматыўна-прававога акта канстатаваць факт, што гэтым мы не дамагліся жаданага, — заўважыў Прэзідэнт. — Я папярэджваю, каб гэта не быў цяп-ляп-дакумент. А потым, калі смажаны певень клюне, вы прыбяжыце і пачнеце мне расказваць, што тут недаглядзелі і давайце ўнясём дапаўненні і змены».
Міністр сувязі і інфарматызацыі Канстанцін Шульган расказаў, што пытанне абнаўлення ведамства вельмі важнае для усіх сфер, бо лічбавізацыя закранае ўсе кірункі эканомікі і сацыяльнага жыцця.
«Таму кіраўніком краіны была ўдзелена асаблівая ўвага гэтаму указу, каб там былі закладзены нормы, што прынясуць значныя змяненні ў лепшы бок у жыцці грамадзян і галін эканомікі. У выніку абмеркавання былі вызначаны моманты, што неабходна будзе прапрацаваць ва ўрадзе. Пасля гэтага дадзены праект указа будзе ўнесены кіраўніку краіны», — паведаміў міністр.
Стварэнне Міністэрства лічбавага развіцця і сувязі абмяркоўваецца на высокім узроўні ўжо доўгі час, і журналісты цікавяцца, калі будуць канкрэтныя рашэнні на гэты конт. Канстанцін Шульган заявіў — чакаць засталося нядоўга.
«Я вельмі задаволены сённяшняй нарадай, таму што, лічу, па рэзалюцыі ад кіраўніка краіны дапрацоўка і ўнясенне ўказу блізкае да фінішнай рысы. Галоўнае не сам указ, а работа, што будзе ісці згодна яго палажэнняў», — дадаў кіраўнік ведамства.
Ён падкрэсліў, што ўсе дзейнасці па рэфармаванні накіравана на тое, каб вынікі адчулі ўсе сферы жыцця грамадства.
«За два гады прапрацоўкі гэтага ўказу наша міністэрства імкнецца жыць па новых правілах, хай яны яшчэ і не зацверджаныя. Яны прадыктаваны ўмовамі жыцця. Развіццё ідзе, яго не спыніць, але яно павінна быць кіруемым і куруемым дзяржаўнай сістэмай», — сказаў Канстанцін Шульган.
Старшыня Мінгарвыканкама Уладзімір Кухараў заўважыў: шмат грамадзян скардзяцца на работу таварыстваў уласнікаў, што тыя мала ўдзяляюць увагі абслугоўванню жылых дамоў і налічваюць дадатковыя ўнёскі.
«Сапраўды, нярэдкія выпадкі, калі адбываецца налічэнне дадатковых выплат за дадатковыя паслугі, якія не з’яўляюцца абавязковымі. Гэта вельмі непакоіць жыхароў гэтых дамоў. Таму мы сёння абмяркоўвалі гэта сур’ёзнае пытанне. У горадзе Мінску звыш 2000 таварыстваў уласнікаў», — сказаў мэр сталіцы.
Па яго словах, на нарадзе вырашылі працягнуць удасканальванне алгарытмаў, каб таварыствы працавалі ва ўстаноўленых рамках. І на гэты конт будуць унесены прапановы па зменах у заканадаўстве.
Мэр канстатаваў, што пасля пратэсных акцый гарадскім камунальным службам была нанесеная значная шкода, і на яе выдаленне пайшлі значныя грашовыя сродкі.
«Дарэчы, на сесіі Гарсавета было прынята рашэнне наконт выяўлення выпадкаў наўмыснага нанясення шкоды маёмасці. Калі такія факты будуць вызначаны, сродкі на аднаўленне будуць спаганяцца ў 100-кратным памеры. Гэты механізм мы ўжо выкарыстоўваем, ён даў эфект — паменшылася колькасць фактаў наўмыснай шкоды маёмасці», — расказаў Уладзімір Кухараў.
Марыя ДАДАЛКА
Фота БелТА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/maryya-dadalka
[2] https://zviazda.by/be/palityka
[3] https://zviazda.by/be/prezident
[4] https://zviazda.by/be/tags/prezident
[5] https://zviazda.by/be/tags/aliaksandr-luka%C5%A1enka
[6] https://zviazda.by/be/tags/narada
[7] https://zviazda.by/be/tags/savet-ministrau