Улады Малайзіі ратыфікавалі пагадненне аб Усебаковым рэгіянальным эканамічным партнёрстве (Regіonal Comprehensіve Economіc Partnershіp — RCEP). Пра гэта паведамілі ў Міністэрства міжнароднага гандлю і прамысловасці краіны. Паводле яго звестак, для Малайзіі пагадненне ўступіць у дзеянне 18 сакавіка. Паводле ацэнак міністэрства, экспарт каралеўства ў краіны — удзельніцы глабальнага пагаднення павялічыцца на 200 мільёнаў долараў. Такім чынам, цяпер дагавор ратыфікавалі 12 членаў з 15. Пагадненне аб Усебаковым рэгіянальным эканамічным партнёрстве ўступіла ў дзеянне для краін, якія яго ратыфікавалі, 1 студзеня. Яно прадугледжвае стварэнне найбуйнейшай у свеце зоны свабоднага гандлю. Пагадненне было падпісана ў Ханоі ў лістападзе 2020-га. Яго прынялі краіны Асацыяцыі дзяржаў Паўднёва-Усходняй Азіі, а таксама партнёры арганізацыі (Аўстралія, Кітай, Новая Зеландыя, Рэспубліка Карэя і Японія). Чаму з увядзеннем RCEP «перавярстаны» глабальны геапалітычны расклад?
Падпісанне пагаднення аб стварэнні найбуйнейшай зоны свабоднага гандлю ў гісторыі — Усёабдымнага рэгіянальнага эканамічнага партнёрства — пазіцыянуецца як урачыстасць рэгіяналізму і сімвал наступлення «стагоддзя Азіі», заўважыў globalaffaіrs.ru. «Гарачая эканоміка, халодная палітыка» — падобнае словазлучэнне можна нярэдка сустрэць пры апісанні сутнасці міжнародных сувязяў, калі пры наяўнасці праблемных і нават рызыкоўных палітычных адносін краіны Азіяцка-Ціхаакіянскага рэгіёна (АЦР) прымудраюцца заключаць эканамічныя мегаздзелкі. Мяркуйце самі, удзельнікамі Усёабдымнага рэгіянальнага эканамічнага партнёрства сталі Кітай, Бруней, Камбоджа, Інданезія, Малайзія, Лаос, М’янма, Філіпіны, Тайланд, В’етнам, Сінгапур, Японія, Паўднёвая Карэя, Новая Зеландыя і Аўстралія.
Неаднаразовыя пераносы тэрмінаў падпісання RCEP, публічнае незадавальненне ўмовамі, рознагалоссі паміж удзельнікамі і выхад Індыі са здзелкі, адцягненне ўвагі Кітая на «эканамічную вайну» з ЗША — усё гэта прымушала нават галоўных аптымістаў засумнявацца ў здольнасці дзяржаў давесці да ладу тэкст пагаднення. Сімвалічна, што заключэнне гістарычнай здзелкі прыйшлося на пік каранакрызісу, калі краіны ўсё больш закрываліся і пераключалі сваю ўвагу на пытанні аднаўлення нацыянальных эканомік. Больш за тое, па іроніі лёсу падпісанне RCEP супала па часе з завяршэннем палітычнай кар’еры прэзідэнта Дональда Трампа.
Паміж 15 краінамі-ўдзельніцамі было заключана 28 дагавораў аб зонах свабоднага гандлю. Таму мегаздзелка, якая была заключана ў Ханоі, выступае ўніфікатарам гэтых пагадненняў з дадатковым пашырэннем палажэнняў. Сярод іх — рэгуляванне электроннага гандлю, канкурэнтная палітыка, абарона інтэлектуальнай уласнасці і іншых актуальных пытанняў, якія раней не фігуравалі. RCEP не проста зробіць (вельмі паступова) амаль увесь гандаль у рэгіёне бяспошлінным. Там ёсць шмат іншых прывабных тонкасцяў, напрыклад адзіны сертыфікат паходжання тавара. Гэта спрашчае гандлёвыя працэдуры. У цэлым мытня становіцца архаікай, зараз мноства дробных прадпрыемстваў па ўсім рэгіёне змогуць без лішніх пакут выбудоўваць якія заўгодна лагістычныя ланцужкі. І шмат іншых прыемных і доўгачаканых момантаў там таксама закладзена, заўважыла rіa.ru. Напрыклад, стварэнне адзінага для ўсяго рэгіёна рынку анлайн-гандлю.
Для Кітая RCEP — першая шматбаковая гандлёвая здзелка. Яна відавочна выгадная краіне, якая на сёння з’яўляецца найбуйнейшым рэгіянальным рынкам з больш за 1,3 мільярда жыхароў. «Гэта дае магчымасць Пекіну заявіць пра сябе як пра лідара ў пытаннях глабалізацыі і шматбаковага супрацоўніцтва, што дае яму большы ўплыў на правілы рэгіянальнага гандлю», — лічыць старшы эканаміст лонданскага кансалтынгу Capіtal Economіcs Гарэт Кожа. Прэм’ер-міністр Кітая Лі Кэцян назваў RCEP «перамогай шматбаковасці і свабоднага гандлю» і, кажучы больш лірычна, «прамянём святла і надзеі сярод аблокаў».
Паднябесная апынулася ў цэнтры гэтай глабальнай сістэмы з прычыны і аб’ёму сваёй эканомікі, і таго факта, што лагістычныя і іншыя гандлёвыя ланцужкі гэтая краіна даўно выбудоўвае па ўсім свеце, напрыклад, сваім праектам «Пояс і шлях». І цяпер кітайскія эканамісты трыўмфальна назіраюць за тым, як нават сам факт хуткага запуску RCEP ажывіў і кітайскі, і рэгіянальны бізнес. За 11 месяцаў мінулага года аб’ём знешняга гандлю Кітая ўзрос на 22 працэнты і павялічваецца двухзначнымі лічбамі па ўсіх асноўных рынках краіны — з АСЕАН, Еўрасаюзам і ЗША. І з прычыны гэтага расце эканоміка па ўсім рэгіёне. Як адзначыла rіa.ru, рэгіён і Кітай чарговы раз становяцца маторам сусветнага росту.
Партнёрства дасць Пекіну магчымасць умацаваць адносіны з многімі сваімі суседзямі і пачаць выпраўленне цяперашніх супярэчнасцяў. Як адзначаюць эксперты, Паднябесная робіць сур’ёзную заяўку на тое, каб стаць лідарам шостага тэхналагічнага ўкладу, перамагчы ў гонцы за трансфармацыю ўсёй глабальнай эканамічнай сістэмы.
Як паведаміла газета «Хайнань жыбаа», у пачатку студзеня кітайская мытня выдала першы ў правінцыі Хайнань сертыфікат паходжання тавару для краін — удзельніц RCEP. Пры наяўнасці такога дакумента кітайскі вытворца зможа скарыстацца і тарыфнымі льготамі — паніжанымі ў адпаведнасці з пагадненнем, узроўнямі імпартных мытных пошлін. Аналагічную выгаду атрымліваюць і астатнія члены глабальнага дагавора.
Пэўная лібералізацыя закране шэраг сектараў паслуг, у прыватнасці тэлекамунікацыйных, фінансавых, прафесійных. Устанаўліваюцца новыя прасунутыя правілы ў электронным гандлі, інвеставанні, сферы рабочай міграцыі, што надае пагадненню сучасны мадэрнізаваны характар. Удасканалены і палажэнні ў стратэгічнай галіне аховы правоў інтэлектуальнай уласнасці.
Уступленне ў сілу RCEP можна разглядаць як праяву рашучасці краін Азіяцка-Ціхаакіянскага рэгіёна захоўваць рынкі адкрытымі, падтрымліваць свабодную і заснаваную на правілах гандлёвую сістэму, як канкрэтны крок на шляху рэгіянальнай эканамічнай інтэграцыі, заўважыў іmemo.ru. Дзякуючы новым абавязацельствам па доступе на рынкі і ўпарадкаваным, сучасным правілам, якія палягчаюць гандаль і інвестыцыі, пагадненне мяркуе новыя магчымасці для бізнесу і занятасці, пагадненне павінна ўмацаваць ланцужкі паставак у рэгіёне і садзейнічаць развіццю мікра-, малых і сярэдніх прадпрыемстваў.
RCEP па праве стала найбуйнейшым гандлёвым пагадненнем у свеце. Яно ахоплівае тэрыторыю, на якую прыпадае каля трэці насельніцтва планеты і амаль трэць (28 трлн долараў — каля 32 працэнтаў) сусветнага аб’ёму валавога ўнутранага прадукту. Для параўнання: на долю двух іншых буйных рэгіянальных гандлёвых пагадненняў — USMCA (пагадненне паміж ЗША, Мексікай і Канадай) і Еўрапейскага саюза — прыпадае адпаведна 28 і 17,9 працэнта сусветнага ВУП.
Паводле ацэнак Brookіngs Іnstіtutіon, RCEP можа прынесці дадаткова 209 мільярдаў долараў да агульнасусветных даходаў штогод і $500 млрд да аб’ёмаў сусветнага гандлю да 2030 года. Па прагнозах спецыялістаў, да 2050-га агульны ВУП краін УРЭП можа вырасці да 100 трыльёнаў долараў.
Эксперты, апытаныя The Wall Street Journal (WSJ), разглядаюць дагавор як буйную перамогу Кітая. Штуршком для пачатку перагавораў паслужыў выхад у 2017 годзе ЗША з Трансціхаакіянскага партнёрства, якое таксама прадугледжвала зону свабоднага гандлю.
Аб’яднанне было створана Злучанымі Штатамі і яшчэ 11 краінамі ў 2015 годзе. Яно стала найбуйнейшым для ЗША гандлёвым пагадненнем пасля Паўночнаамерыканскай зоны вольнага гандлю ад 1994-га. Аднак 45-ы прэзідэнт ЗША Дональд Трамп неаднаразова крытыкаваў Трансціхаакіянскае партнёрства і падпісаў указ аб выхадзе з дагавора ўжо ў першыя дні пасля свайго ўступлення на пасаду кіраўніка дзяржавы.
Аналітыкі WSJ лічаць, што RCEP можна прызнаць трывожным сігналам для ЗША, паколькі пагадненне стане значным штуршком для развіцця гандлю ў Азіяцка-Ціхаакіянскім рэгіёне. Калі так справы будуць ісці і далей, то Пекін пабудуе кітацэнтрычную сусветную эканоміку, а ЗША будуць зрынуты з цяперашніх пазіцый у міжнародных справах. Гэта галоўная думка ліста 15 рэспубліканскіх сенатараў прэзідэнту ЗША Джо Байдэну з панічным заклікам: тэрмінова пачынайце гандлёвыя перагаворы з нашымі партнёрамі ў Азіі, паведаміла rіa.ru. Байдэн заявіў, што мае намер вярнуць ЗША ў шматбаковыя ініцыятывы, якія не карысталіся папулярнасцю ў Трампа.
Краіны-ўдзельніцы па праве ацанілі перавагі пагаднення. Уступленне ў сілу Усеабдымнага рэгіянальнага эканамічнага партнёрства дасць штуршок развіццю гандлёвых і дзелавых сувязяў паміж Сінгапурам і краінамі-ўдзельніцамі. Пра гэта заявіў міністр гандлю і прамысловасці Сінгапура Гань Кім Юн, паведаміла інфармацыйнае агенцтва «Сіньхуа».
Сінгапурскія прадпрыемствы атрымаюць дадатковы льготны доступ на рынкі для канкрэтных таварных пазіцый, сярод якіх мінеральнае паліва, пластмасы, іншыя хімічныя прадукты, розныя прадукты харчавання і напоі на асобных рынках RCEP.
«Дзякуючы спарадкаваным правілам паходжання і палажэнням аб рэгіянальнай кумуляцыі, прадпрыемствы атрымаюць вялікую гнуткасць у выкарыстанні гэтых пераваг дадатковага льготнага доступу на рынкі і змогуць скарыстацца перавагамі рэгіянальных ланцужкоў паставак», — заўважыў Гань Кім Юн.
Пагадненне дае ўзаемавыгадныя і бяспройгрышныя магчымасці супрацоўніцтва ўсім удзельнікам. Аб гэтым заявіў «Сіньхуа» афіцыйны прадстаўнік урада Камбоджы Пхай Сіпхан. Паводле яго слоў, RCEP будзе забяспечваць больш шырокі доступ камбаджыйскай прадукцыі на рынкі. Паводле яго чаканняў, рэалізацыя пагаднення прывядзе да росту ВУП, што дапаможа краіне выйсці са статусу найменш развітой дзяржавы. Ён падкрэсліў, што RCEP уяўляе сабой перамогу свабоднага гандлю, будзе садзейнічаць рэгіянальнаму і глабальнаму росту ў постэпідэмічную эпоху, а таксама адыграе важную ролю ў скарачэнні разрыву ў развіцці паміж развітымі краінамі і дзяржавамі, якія развіваюцца.
Усебаковае рэгіянальнае эканамічнае партнёрства будзе садзейнічаць прасоўванню не толькі рэгіянальнай інтэграцыі, але і паскарэнню глабальнага эканамічнага аднаўлення, адзначыла «Сіньхуа». Пры такой колькасці насельніцтва краін-удзельніц і іх разнастайнасці, а таксама вялізным патэнцыяле, мяркуе агенцтва, выкананне пагаднення будзе эфектыўна стабілізаваць рэгіянальныя пастаўкі і вытворчыя ланцужкі, ажыўляць рынак і стымуляваць міжнародны гандаль і інвестыцыі, што стане «новым драйверам росту для млявага глабальнага эканамічнага аднаўлення».
«Унутрыазіяцкі гандаль, які ўжо перавышае аб’ёмы гандлю Азіі з Паўночнай Амерыкай і Еўропай разам узятымі, будзе працягваць стымуляваць глабальны эканамічны рост і перамяшчаць эканамічны цэнтр цяжару ў бок Азіі», — мяркуе рэгіянальны кіраўнік камерцыйнага банкаўскага абслугоўвання ў Азіяцка-Ціхаакіянскім рэгіёне ў HSBC Сцюарт Тэйт.
Нездарма прэм’ер-міністр Сінгапура Лі Сянь Лун заявіў, што RCEP — вялікі крок наперад для ўсяго свету. У адрозненне ад ЕС, члены пагаднення не ўстанаўліваюць адзіных стандартаў у адносінах да працы і навакольнага асяроддзя, а таксама не абавязваюць краіны-ўдзельніцы адкрываць уразлівыя галіны сваіх эканомік. Дзякуючы такім гнуткім правілам такі дагавор адначасова адпавядае інтарэсам самых розных краін рэгіёна — ад М’янмы і В’етнама да Сінгапура і Аўстраліі.
Захар БУРАК
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/zahar-burak
[2] https://zviazda.by/be/u-svece
[3] https://zviazda.by/be/kantynenty
[4] https://zviazda.by/be/tags/glabalny-geapalitychny-rasklad
[5] https://zviazda.by/be/tags/rcep
[6] https://zviazda.by/be/tags/malayziya