«Ноч музеяў-2022» пройдзе ў гомельскім палацы Румянцавых і Паскевічаў 21 мая. Лейтматывам адной з самых маштабных і любімых музейных падзей года стануць словы «тут і цяпер», паведамілі [1] БелТА ў Гомельскім палацава-паркавым ансамблі.
Арганізатары звярнулі ўвагу: час у музеі — асаблівая матэрыя. «Ён наш самы верны памочнік і адначасова злы вораг. Час ператварае ў прах людзей і створанае імі. Але ён жа ператварае простыя прадметы ў артэфакты. Напрыклад, зуб, нічым не знамянальны ў бытнасць сваю ў роце маманта, праз стагоддзі становіцца каштоўнай археалагічнай знаходкай. Чарнавік выдатнага літаратурнага твора, нічога не варты для аўтара і яго сучаснікаў, ператвараецца ў каштоўны музейны экспанат. Жывапіснае палатно не прызнанага пры жыцці генія, прайшоўшы выпрабаванне часам, вырасце ў шэдэўр», — аргументавалі ў палацы.
У «Ноч музеяў» наведвальнікам прапануюць быць у моманце, пасябраваць з часам. «Дастаткова ўсвядоміць адну простую ісціну: ёсць толькі сёння. „Цяпер“ — гэта адзіны момант, калі мы ідзём з часам поплеч, можам атрымліваць асалоду ад яго, прымаць яго шчодрыя дары», — звярнулі ўвагу ў палацава-паркавым ансамблі.
Толькі на некалькі гадзін у Калоннай зале праект «Тут і цяпер. Каралі ночы» прадэманструе бясцэнныя артэфакты, вельмі крохкія, каб экспанаваць іх у пастаянных экспазіцыях. Госці палаца ўбачаць арыгінал рукапісу А.С. Грыбаедава «Гора ад розуму», пісаныя на косці мініяцюрныя партрэты князёў Паскевічаў, Евангелле, надрукаванае Пятром Мсціслаўцам у 1575 годзе. Урачыстасць падзеі падкрэсліць жывая класічная музыка ў выкананні камернага аркестра Гомельскай абласной філармоніі і персанажы тэатра-студыі «Класік» і студыі сучаснага балета «Тандэм», якія саткуць з прасторы тэатралізаванае харэаграфічнае дзейства.
У Зале ўрачыстых прыёмаў чакае спаборніцтва з часам «Тут і цяпер. Паспець за мінуту». Кемлівасць і спрытнасць спатрэбяцца для рашэння галаваломак, загадак і лагічных пастак.
«Тут і цяпер. Раз у 240 гадоў» і толькі ў Белай гасцёўні і Паўднёвай галерэі палаца можна будзе ўлавіць новы погляд на яснавяльможнага князя Варшаўскага Івана Фёдаравіча Паскевіча. «Чалавек за гучнымі тытуламі, высокімі званнямі і ганаровымі ўзнагародамі ўпершыню паўстане ў пісьмах і мемуарах сучаснікаў напярэдадні 240-годдзя з дня свайго нараджэння», — удакладнілі арганізатары.
Вечар-успамін, прысвечаны ўладальніку гасціннага гомельскага палаца, плаўна пяройдзе ў чароўнае шоу мастака Юрыя Пташынскага «Тут і цяпер. Пяскі часу». З самага непастаяннага матэрыялу Зямлі — пяску будуць нараджацца і знікаць лікі, артэфакты і збудаванні, якія па волі лёсу засталіся ў часе і памяці людзей.
«Тут і цяпер. Убачыць час» запрашаюць на выставе гадзіннікаў, дзе ў раскошных літых, разных, інкруставаных корпусах з металу, шкла і каменю дрэмлюць, толькі часам адгукаючыся нягучным звонам, мінуты, гадзіны і стагоддзі. Каля століка гадзіншчыка госці змогуць зазірнуць унутр пад вытанчанае покрыва і ўбачыць, як б’ецца сэрца і пульсуюць дэталі гадзіннікавага механізма.
У экспазіцыі «Старажытная гісторыя Гомельшчыны» прапануюць разгадаць лікі ў старажытных сімвалах і знаках на новай выставе «Ад пачатку часоў», раскрыць творчы патэнцыял на выяўленчай пляцоўцы «У адну і тую ж раку...» і адправіцца ў археалагічнае падарожжа «Сёння ў мінулае».
Задаць пытанне Яго Вялікасці Часу будзе магчыма ў зале «Тут і цяпер. Аглядваючыся ў мінулае, зазіраючы ў будучае» з прыглушаным святлом, таямнічай музыкай, антыкварнай мэбляй і той, хто адзіным раскладам карт таро развее сумненні або пасее новыя.
Прымераць на сябе какетлівыя вобразы мінулых эпох, адчуць часткай былога, яго ладу жыцця, вытанчанай раскошы дасць магчымасць гульня «Тут і цяпер. Калі час спыніўся» ў інтэр’ерах эпохі Напалеона ІІ.
Сэнс выказвання Multum in parvo — «Многае ў малым» давядзецца ўспомніць і спасцігнуць яго глыбіню ў трохступеньчатым квесце на выставе «Сабор святых». «Колеры, жэсты, сімвалы, істоты, прадметы, адлюстраваныя выдатнымі іканапісцамі розных школ, атрымаюць новы сэнс, калі, уважліва ўгледзеўшыся ў абраз, вы прачытаеце іншасказальныя пасланні, якія перадаваліся з пакалення ў пакаленне», — заінтрыгавалі ў палацы. З сабой удзельнікі забяруць не толькі часцінку біблейскай мудрасці, але і створанага ўласнымі рукамі арла-арыгамі — сімвала евангеліста Іаана, дзень памяці якога прыпадае якраз на 21 мая.
Пачнецца «Ноч музеяў» у гомельскім палацы ў 19.00.
Прэв’ю: БелТА
Спасылкі
[1] https://www.belta.by/culture/view/evangelie-1575-goda-rukopis-griboedova-predstavit-gomelskij-dvorets-v-noch-muzeev-502451-2022/
[2] https://zviazda.by/be/tags/noch-muzeyau-2022
[3] https://zviazda.by/be/tags/palac-rumyancavyh-i-paskevichau
[4] https://zviazda.by/be/tags/gomelski-palacava-parkavy-ansambl