Нагода сустрэчы ў Палацы Незалежнасці — векавы юбілей піянерскага руху, аднаго з самых масавых дзіцячых аб'яднанняў краіны. Сёння Беларуская рэспубліканская піянерская арганізацыя налічвае амаль 625 тысяч чалавек. На размову з Аляксандрам Лукашэнкам запрошаны 70 найлепшых з іх — прадстаўнікі кіраўніцтва арганізацыі, фіналісты і пераможцы разнастайных піянерскіх конкурсаў і гульняў. Ім выпала рэдкая магчымасць задаць кіраўніку краіны пытанні і расказаць пра свае мары і планы.
«Вы стаіце каля вытокаў адраджэння піянерскай арганізацыі. У мяне пачуццё такое, што мінулы і гэты год у нас будуць вельмі актыўныя сярод нашай моладзі — «камсамольскай» арганізацыі (БРСМ) і ў вас, піянераў. Самымі актыўнымі будуць гэтыя гады. Вы каля вытокаў, у пачатку адраджэння», — сказаў Прэзідэнт.
Ён успомніў свае дзіцячыя і юнацкія гады, якія прыйшліся на росквіт піянерскага і камсамольскага руху, сваю дзейнасць у арганізацыях і назваў піянерскія гады самымі шчаслівымі ў дзяцінстве. «Я не сказаў бы, што мы вельмі весяліліся. Так, мы жылі бесклапотна. Спорт быў у жыцці з раніцы да вечара, калі ты быў свабодны ад працы, бо ў вёсцы яе было шмат, — расказаў кіраўнік краіны. — Я працаваў у сельскай гаспадарцы — не толькі маці дапамагаў, а працаваў самастойна, каб зарабіць нейкія грошы».
Па словах Прэзідэнта, належыць сур'ёзна адбудаваць работу піянерскай і маладзёжнай арганізацый у Беларусі. Ён адзначыў, што самы істотны недахоп у тым, што піянерская арганізацыя слаба прывязана да БРСМ. «З піянераў расцілі новае пакаленне моладзі. У нас яшчэ слаба з гэтай справай. Мы тут вінаватыя. Без БРСМ, камсамолу, проста кажучы, мы страцім піянерскую арганізацыю. Ні адна ўлада з гэтым не справіцца, — дадаў кіраўнік краіны. — Я думаю, мы адбудуем гэту сістэму. Яна павінна быць не горшай, чым у тыя часы. Тады ў нас будзе дастаткова патрыётаў і не будзе стаяць пытанне патрыятызму».
Аляксандр Лукашэнка папрасіў дзяцей зацікаўліваць піянерскім жыццём сваіх пагодкаў, бацькі якіх выступаюць супраць удзелу дзяцей у дзіцячым руху. «Неабходна гэтых дзяцей прыцягваць да сябе. Па прычыне таго, што бацькі ў іх такія, не трэба з іх кпіць, прыніжаць. Іх неабходна прыцягваць да сябе», — заклікае Прэзідэнт.
«Вельмі важна, што нідзе так, як у Беларусі, не захаваліся піянерскія традыцыі. Піянерскія і камсамольскія арганізацыі на постсавецкай прасторы поўнасцю разбураны. Яны замененыя іншымі формамі для рэкламы, для адчэпнага. Мы захавалі сваю піянерскую арганізацыю», — сказаў Прэзідэнт
Па яго словах, сустрэча з дзецьмі — яшчэ і сігнал для грамадства, што Прэзідэнт бачыць піянераў у жыцці грамадства.
Аляксандр Лукашэнка выказаў думку: для таго, каб моладзь імкнулася ўступіць у маладзёжны рух, неабходна яе загрузіць такой работай, якая будзе значная для жыцця маладых людзей па прыкладзе савецкіх часоў.
«Неабходна павялічваць значэнне камсамольскіх арганізацый. І над гэтым неабходна працаваць, — акцэнтаваў кіраўнік краіны. — Мы павінны адбудаваць структуру і, самае галоўнае, пазбавіцца фармалізму. Трэба ад гэтага сысці і зрабіць так, каб піянерская і камсамольская арганізацыі былі прыцягальныя для моладзі. Вось наша задача».
У размове з піянерамі Аляксандр Лукашэнка расказаў: быць лідарам — гэта мець аўтарытэт сярод пагодкаў, каб яны за табой пайшлі. «Чалавек павінен нарадзіцца са здольнасцямі лідара. Вы памятаеце маю крылатую фразу: «Прэзідэнтамі не становяцца, а прэзідэнтамі нараджаюцца». Прэзідэнцкія якасці павінны закладвацца пры нараджэнні. Калі іх у цябе няма, ты будзеш Прэзідэнтам адукаваным, пісьменным, але не будзеш лідарам», — падзяліўся ён. Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што, каб быць лідарам, неабходна развіваць гэтыя якасці і працаваць так, каб з'яўляцца прыкладам для іншых.
Дзеці запыталіся, якой была піянерская арганізацыя ў дзяцінстве Прэзідэнта. Ён асабліва адзначыў арганізаванасць і жаданне дапамагаць старэйшым у добраўпарадкаванні мясцовасцяў, высадцы дрэў. Прэзідэнт параіў і сучасным піянерам паўдзельнічаць у высадцы дрэў, стварыць піянерскую алею дзесьці побач з Палацам Незалежнасці ці на яго тэрыторыі.
«Я гатоў у гэтым удзельнічаць. Хай гэта будзе дзве паласы, калі ў Палацы Незалежнасці, — піянерская і камсамольская. Я знайду месца, дзе вам высадзіць гэту алею. Я прапанаваў, вы думайце», — параіў Аляксандр Лукашэнка.
Закранулі ў размове тэму Вялікай Айчыннай вайны, а менавіта подзвігаў маладых камсамольцаў. «Мы ведаем Зою Касмадзям'янскую, Мікалая Гастэлу і іншых герояў. Гэта на слыху, раскручаныя героі, а ёсць вялікая колькасць, тысяч людзей таго часу, які здзейснілі не меншыя подзвігі, чым яны. Калі вы гэтых людзей «падыміце» — гэта вельмі важна», — дадаў Прэзідэнт.
Піянерскі актыў працягнуў тэматыку гістарычнай памяці і запрасіў Аляксандра Лукашэнку паўдзельнічаць ва Уроку памяці для школьнікаў і студэнтаў у якасці настаўніка. Ён згадзіўся і папрасіў міністра адукацыі падрыхтаваць адмысловы, нефармальны план заняткаў, які будзе цікавы маладым людзям. Правесці яго мяркуецца 1 верасня ў Палацы Незалежнасці ці ў музеі Вялікай Айчыннай вайны.
Піянеры папрасілі Прэзідэнта пасадзейнічаць у стварэнні маладзёжнай тэлевізійнай перадачы «Памяць сэрца», куды будуць запрашаць нашчадкаў ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны.
«Давайце паспрабуем, пачнём з Другога канала», — згадзіўся Аляксандр Лукашэнка.
Па яго словах, гэта вельмі добрая ідэя, калі дзеці «выцягваюць на экран дарослых», людзей, якія зачапілі сваім дзяцінствам вайну. «Чамусьці заўсёды толькі пра вайну кажам. Але і пасля вайны было нялёгка. Мінск у руінах ляжаў, людзі гарбаціліся, аднаўлялі яго як маглі. І іх неабходна паказваць. Яны вельмі цікавыя людзі і цікава расказваюць. У жыцці заўсёды шмат тых, хто здзяйсняў подзвіг не толькі ў баі, але і на працоўным фронце. Паспрабуйце зрабіць гэту перадачу. Мяне папярэдзьце, я хачу паглядзець», — падтрымаў ініцыятыву кіраўнік краіны.
Дзеці папрасілі Прэзідэнта дапамагчы стварыць ім сваю камп'ютарную праграму, прысвечаную піянерыі Беларусі.
«Стварыць мы дапаможам, а наконт суправаджэння вы падумаеце самі. Можа, кожны па 10 капеек скінецца, можа, вам хопіць. Калі не хопіць — скажаце. Я — за, каб у вас была такая пляцоўка», — пагадзіўся Аляксандр Лукашэнка.
Цікаваліся юныя беларусы з лідарскімі задаткамі і міжнароднай палітыкай сваёй краіны. Так, запыталі пра вытокі адносін з Кітаем.
«Будучы дэпутатам парламента, я пабываў у Кітаі (гэта было больш чым 30 гадоў таму) і пазнаёміўся з краінай, як яны пачыналі развіццё. Вярнуўся ў Мінск і сказаў парламенту, што будучыня за гэтай краінай, давайце будзем вучыцца, як берагчы мінулае і глядзець у будучыню. Мяне крытыкавалі, асабліва мінчане, — успомніў Аляксандр Лукашэнка. — Думалі ўсе, што прыклад на Захадзе. А я прапанаваў вучыцца ў кітайцаў, бо за імі будучыня. Глядзіце, прайшло 30 гадоў, я не памыліўся».
Па словах Прэзідэнта, Кітай становіцца сусветным лідарам, таму і сутыкнуўся з ЗША, якія не хочуць, каб у свеце быў яшчэ адзін моцны цэнтр.
«Амерыканцы за кошт гэтага лідарства жывуць. Дзякуючы таму, што яны маюць валюту, долар, яны моцныя і моцная іх эканоміка. Тут з'явіўся Кітай са сваім юанем, са сваёй валютай, са сваім жаданнем быць лідарам. Вы не ведаеце, наколькі кітайцы любяць сваю краіну, наколькі яны адданыя, гатовыя памерці за сваю краіну», — расказаў кіраўнік краіны пра кітайскі народ.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што галоўнае ў адносінах з кітайцамі — заваяваць іх давер.
«Калі няма духоўнага, веры, будуць проста ветлівыя адносіны. Калі яны павераць — будуць моцнымі сябрамі. Яны не любяць шумець, заяўляць, выказвацца. Яны ўсё робяць спакойна. Старажытная, моцная цывілізацыя. Ніхто не сумняваецца, што за Кітаем — будучыня», — падкрэсліў Прэзідэнт.
Адзін з піянераў запытаў у Прэзідэнта пра яго дэвіз па жыцці. Аляксандр Лукашэнка заявіў: «Толькі наперад! Запомніце, дзеці, вы гэта ўжо разумееце: ні ў якім разе нельга спыняцца. Жыццё вельмі хуткае, бурлівае, кіпучае. Я і дарослым кажу: спыніўся — там за вамі такі натоўп, затопчуць ці вы адстанеце. Толькі наперад! Кожны дзень патроху, паціху, але толькі наперад. Ніколі не спыняйцеся», — матываваў падлеткаў Аляксандр Лукашэнка.
Дзеці цікавіліся і будучымі кар'ернымі перспектывамі для сябе. Напрыклад, запыталі, якія прафесіі будуць запатрабаваныя ў краіне. «Спецыялісты нам неабходныя ўсе, але, ведаеце, у нас няма карысных выкапняў, за кошт якіх можна жыць: нафта, газ, золата, металы. Мы гэта ўсё купляем. А жыць за што? За кошт мазгоў. Таму наша галава, мазгі — галоўныя прылады працы ў Беларусі. Таму ўсе прафесіі добрыя, але важныя прафесія, якія даюць развіццё нацыі», — сказаў Прэзідэнт.
Успомніў ён пра дасягненні ў ІТ-сферы, касмічныя праекты, біялагічны кірунак. «Самыя перадавыя кірункі, дзе без навукі не абысціся, — гэтыя прафесіі больш запатрабаваныя, бо гэта дапаможа нам быць у авангардзе, а не плесціся ў хвасце».
У памяць аб сустрэчы кіраўніку краіны піянеры ўручылі падарунак — талісман арганізацыі, рысяня «Агеньчык», зробленага ў тэхніцы сухога валяння з шэрсці.
«Памятайце, усё, што неабходна зрабіць зараз, — у вашых руках, зрабіце. Вы найлепшыя з моладзі. Вы — будучыня нашай краіны. Таму рабіце кожны дзень нешта новае, імкніцеся рухацца наперад. Не спыняйцеся — наперад. Калі ёсць магчымасць дапамагчы тым, хто адстае, дапамажыце. Гэта ў жыцці вам залічыцца. Рабіце дабро, і яно да вас вернецца», — даў наказ на развітанне Прэзідэнт юным беларусам.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/palityka
[2] https://zviazda.by/be/prezident
[3] https://zviazda.by/be/tags/aliaksandr-luka%C5%A1enka
[4] https://zviazda.by/be/tags/piyanerski-aktyu
[5] https://zviazda.by/be/tags/100-goddze-piyanerskaga-ruhu