Яго імя добра ведае больш дарослае пакаленне, а таксама ўсе, хто любяць фестываль «Славянскі базар у Віцебску», дзе народны артыст Расіі Уладзімір Бярэзін з самага пачатку з’яўляецца нязменным вядучым. На нядаўняй сустрэчы са студэнтамі ў Беларускім дзяржаўным эканамічным універсітэце дыктар, рэжысёр распавёў пра сваё бачанне і адчуванне развіцця тэлебачання, пра мудрасць і ўсведамленне каштоўнасці ўласнай біяграфіі і кожнага сказанага слова...
— Я з таго часу, калі нас вучылі абыходзіцца без вобразаў і з вялікім сумненнем ставіцца да слоў. Але я нядаўна ўсвядоміў, што паспеў пражыць вялікае, у тым ліку і творчае, жыццё. І ёсць ахвота яшчэ працягваць свой шлях. Пакуль аднойчы не скажу сабе: «Ужо хопіць, Валодзя, сядай і адпачывай. Як будуць пытацца — адказвай, а не будуць — маўчы!» Такі сённяшні прынцып жыцця, хаця ён мала адрозніваецца ад тых, якімі жыло маё пакаленне... Дзякую вам, што праявілі цікавасць і прыйшлі. Калі прыйшлі, дык назад дарогі няма. Беларусы, я ведаю, народ інтэлігентны, яны будуць сядзець і слухаць, бо прыехаў госць. Гэта тая ментальная рыса, якая мне блізкая і дарагая вось ужо трыццаць гадоў. Столькі я прыязджаю на «Славянскі базар» — фестываль, які ўсе ведаюць і любяць. Калі ў гэтым годзе не паклічуць, то сяду і буду ацэньваць, як зрабілі іншыя.
У маёй маладосці адной з галоўных прафесій на тэлебачанні лічылася «дыктар». Чалавек, які ад імя цэлай каманды размаўляе з тымі, хто знаходзіцца па іншы бок экрана. З канца 1970-х я тады пачаў працаваць у сістэме савецкага тэлебачання ў маленькім горадзе Арле. Пасля былі дзесяць плённых гадоў у Свярдлоўску. Даўно ужо няма некаторых месцаў і людзей, якія спрыялі майму прафесійнаму станаўленню, што мяне, чалавека дарослага, безумоўна, і засмучае, але і матывуе: не забываць, што называлася падмуркам жыцця і прафесіі...
Хаця вы гэта дакладна ведаеце, бо, нягледзячы на сваю маладосць, больш разумныя і прасунутыя. А мы былі людзьмі жорсткай сістэмы. Нам казалі, што вось так і толькі так. Мы гэта прымалі, а потым пачыналі глядзець, што ўсё ж такі знаходзіцца за рамкамі. Вы ж жывяце ў свеце, дзе дастаткова аднаго-двух клікаў, і ўсё — не трэба ні ў кога пытацца. Праўда, мы, дарослыя, думаем: а ці добра гэта? Бо там столькі ўсяго, што можа падмануць, дэзынфармаваць. І пойдзеш па, здавалася б, кароткай дарозе, а пасля ўсвядоміш, што прыйшоў зусім не туды.
Пераехаўшы ў пэўны перыяд свайго жыцця ў Маскву і пачаўшы працаваць на праграме «Время», я трапіў у часы, якія многія з вас не ведаюць. Тады горда гаварыў з экрана пра тое, што ў краіне перамаглі путчыстаў. І з прычыны сваёй маладосці я думаў і верыў, быццам усё важнае, галоўнае і сапраўднае — зусім не тое, што было і фарміравалася за дзесяцігоддзі існавання вялікай краіны з яе складанай гісторыяй (дзе ёсць чым ганарыцца), а тое, што пачнецца заўтра. І калі зараз вы, маладыя, так думаеце, то думайце, бо вам жыць. Але прашу: ніколі не адмаўляйце таго, што было, не думайце, быццам учарашняе — адназначна дрэнна. Бо з часам жыццё ўсё раскладае па-свойму. Проста назірайце і спакойна збірайце інфармацыю. Высновы з’явяцца пазней.
Я быў сведкам і ўдзельнікам ключавых момантаў, якія адбываліся ў жыцці маёй краіны. Быў перыяд, калі час, дзе мы з’яўляліся часткай сістэмы і жылі па правілах «табліцы множання», змяніўся на магчымасць думаць, як ты хочаш. Не трэба было нікога слухаць і ні з кім спрачацца, бо кожны, незалежна ад аргументаў, меў сваю праўду... І цяпер, калі ўжо патрабуюць сказаць «так» альбо «не», я разумею, што мне трэба падумаць і прааналізаваць. Бо імгненныя рэакцыі — гэта прыгожа і эмацыянальна, а з асэнсаваннем усё бачыцца іначай. Часам нават тое, што хочаш сказаць тут і зараз, праз пяць секунд маўчання ўжо альбо губляе сэнс, альбо набывае новае значэнне.
Апошнім часам зноў загаварылі пра ролю тэлебачання. Я лічу, што яно дае той самы кантэнт, якім карыстаецца інтэрнэт. Хаця там таксама сядзяць майстры, свабодныя, хто можа ўзяць і выказаць свой пункт гледжання адносна нейкіх падзей. А задумвалася ж тэлебачанне, каб ад імя і па даручэнні дзяржавы, людзей выяўляць аб’ектыўнае меркаванне ў розных жанрах. Там павінны былі інфармаваць (робіцца і да сёння), займацца асветай (і гэтага не адняць) і забаўляць (вось дзе сапраўды дасягнулі поспеху). Ёсць яшчэ адзін складнік, для мяне вельмі важны, — супакойваць (калі пасля прагляду на душы становіцца лёгка), але гэта сёння не заўсёды дзейнічае. Таму класічнае тэлебачанне сёння не адпавядае ўсім патрабаванням. Гэта сродак камунікацыі, але па-ранейшаму са сваімі задачамі. Ды галоўнае, каб глядач разумеў і адчуваў, што тыя, хто звяртаецца да яго з экрана, робяць гэта з павагай і лічацца з ім і яго меркаваннем. Бо калі суразмоўца не бачыць, не чуе і не адчувае сваю аўдыторыю, то з ім распраўляюцца хутка — адным націсканнем кнопкі на пульце.
Па маіх назіраннях, калі ты не ведаеш, што патрэбна аўдыторыі, то лепш перад ёй і не з’яўляцца. А тэлебачанне — школа жыцця, дзе адлюстроўваюцца падзеі і выбудоўваюцца адносіны. Прычым, у адрозненне ад тых жа кіно і тэатра, дзе з гледачом размаўляюць праз вобразы, гэта самы кароткі шлях пабудовы стасункаў, каб цябе зразумелі і ты нечаму мог навучыць.
Усё ў нас час можна памяняць: і знешнасць, і адзенне, а вось голас і розум не зменіш. І ў прафесіі, каб цябе паважалі, ты павінен быць не дурнем. Выходзіць на сцэну варта тады, калі табе там будзе камфортна, бо гэта і прысутнай аўдыторыі перадаецца. Неабходна жаданне выйсці да гледачоў, але яно не павінна перавышаць вашы фізічныя магчымасці. Трэба адпавядаць: пачынаючы ад знешняга выгляду і заканчваючы інфармацыяй, якую будзеце агучваць. Тут арыентавацца можна ці на запыт публікі альбо на ўласныя інтарэсы. Пачуццё гумару і самаіронія таксама часам выратоўваюць. Сёння, што датычыцца сцэнічнай прасторы, у любы момант могуць сказаць «хопіць». Таму нават у самога сябе трэба атрымаць права, каб цябе не памножылі на нуль.
Я ў тым узросце, калі трэба любіць усіх, а калі не атрымліваецца, то спрабаваць разумець. З Беларуссю звязана палова майго жыцця. Адна нітачка — «Славянскі базар». Іншая — сяброўства з маладымі беларусамі, якія працуюць у маёй камандзе. Ведаю, што такое беларускі менталітэт, і яго душэўна-духоўны складнік вельмі мне пасуе. Падабаецца беларускі характар і форма ўзаемаадносін, хоць я і іншых крывей, бо мама — руская, а бацька — чачэнец. У беларусах я бачу і адчуваю інтэлігентнасць, стрыманасць і годнасць. Так яны ставяцца да ўсяго: і да радасці, і да выпрабаванняў.
З узростам усё часцей згадваю свае эпізоды з дзяцінства, калі прыязджаў у госці да бабулі Агаф’і і дзеда Фёдара майго зводнага брата пад Гомелем. І памятаю беларускую вёску, з яе пахамі хаты, побытавымі прыгодамі. З кожным годам тыя ўспаміны становяцца больш дарагімі.
Я ў прынцыпе рос у вёсцы, праўда, рускай. Мяне выхоўвалі маміны бацькі і яе сястра, мая хросная. І там быў вельмі жорсткі асяродак, дзе мне даводзілася чуць, быццам маці мяне пакінула і я «безбацькоўшчына». Мабыць, тое спрацавала мне ў мінус з аднаго боку, бо я доўга адчуваў свайго роду комплекс, ад якога потым вельмі непроста пазбавіцца ўжо ў дарослым узросце. А проста мама (яна геолаг) вымушана была з’ехаць у казахстанскія стэпы. З бацькам яны разышліся яшчэ да майго нараджэння, і пасля я знайшоў яго толькі ў свае 35 гадоў. Таму бацькоў мне не хапала, але я вельмі ўдзячны маме, што яна адважылася мяне нарадзіць. І, магчыма, з улікам усіх перыпетый я навучыўся па-даросламу цаніць сям’ю. Цяпер я вельмі ўдзячны лёсу за такія старонкі ў маім жыцці.
Вядома, ёсць устойлівыя вобразы, быццам дзеля дзіцяці можна ахвяраваць сваёй прафесіяй. Аднак маё меркаванне, што ў кожнага свая місія на Зямлі. Адным выпадае быць героямі ў бацькоўстве, а іншым — пакінуць след у мастацтве, навуцы і гэтак далей. Таму, калі раней была дзіцячая крыўда на маму, то з часам засталіся толькі ўдзячнасць і ўсведамленне, што так было наканавана ўсім нам.
У першай палове жыцця я, як і мая мама, увесь свой час прысвячаў працы. І таму, калі б не мая жонка, то не зрабіў бы нічога, што сёння магу лічыць дасягненнямі. Ні ў прафесіі, ні ў побытавым плане, ні адносна ўласнай значнасці. Сваю дачку люблю, як і любы нармальны бацька. Але зараз яе яшчэ і глыбока паважаю, бо яна дасягнула пэўных вышынь як мама, жонка і таленавіты ў розных сферах чалавек. У ёй я бачу свой працяг. Сёння я нават баюся думаць, што мог не стаць бацькам, а займацца толькі прафесіяй. Таму што калі ў пэўны момант усё зменіцца, то сям’я застанецца. А ўнукі — гэта ўвогуле проста космас.
Сакрэту доўгага і шчаслівага сямейнага жыцця ніхто не ведае. Кожны проста спрабуе свае варыянты і прыдумвае адказы, якія падыходзяць дваім. Я ўдзячны Богу за сустрэчу менавіта з маёй жонкай, якая разгледзела ўва мне чалавека з перспектывай. А што да астатняга, то важна ўменне кожнага ў пары першым разумець, цярпець і прабачаць.
Алена ДРАПКО
Фота прэс-службы БДЭУ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/alena-drapko
[2] https://zviazda.by/be/kultura
[3] https://zviazda.by/be/tags/festyval
[4] https://zviazda.by/be/tags/slavyanski-bazar-u-vicebsku-1
[5] https://zviazda.by/be/tags/uladzimir-byarezin