Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка накіраваў спачуванне Старшыні Кітайскай Народнай Рэспублікі Сі Цзіньпіну ў сувязі са смерцю Цзян Цзэміня, паведамляе [1] БелТА са спасылкай на прэс-службу беларускага лідара.
«У Рэспубліцы Беларусь з глыбокім смуткам успрынялі вестку пра смерць мудрага дзяржаўнага дзеяча і выдатнага палітыка Кітайскай Народнай Рэспублікі Цзян Цзэміня. Ён быў сапраўдным лідэрам, які прысвяціў сваё жыццё нястомнаму служэнню Радзіме. Унёс вялікі ўклад у адраджэнне вялікай кітайскай нацыі, які дазволіў Кітаю стаць магутнай і эканамічна квітнеючай дзяржавай», — гаворыцца ў спачуванні.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што высокі прафесіяналізм адданага члена Камуністычнай партыі і асабістыя якасці набылі Цзян Цзэміню заслужаны аўтарытэт і шчырую павагу як у Кітайскай Народнай Рэспубліцы, так і ва ўсім свеце.
«Цзян Цзэмінь стаяў ля вытокаў станаўлення беларуска-кітайскіх адносін і на працягу многіх гадоў спрыяў іх няўхільнаму ўмацаванню. Ён быў першым з кіраўнікоў вашай краіны, якія наведалі Рэспубліку Беларусь. З цеплынёй успамінаю асабістыя сустрэчы з ім, якія дазволілі адкрыць зусім новую старонку ў гісторыі ўзаемадзеяння Мінска і Пекіна, заклаўшы трывалую аснову для сённяшняга „усепагоднага і ўсебаковага стратэгічнага партнёрства“», — падкрэсліў беларускі лідар.
Ад імя беларускага народа і сябе асабіста Аляксандр Лукашэнка выказаў глыбокія спачуванні Сі Цзіньпіну, родным і блізкім нябожчыка.
Прэв’ю: БелТА
Спасылкі
[1] https://www.belta.by/president/view/lukashenko-napravil-soboleznovanie-v-svjazi-so-smertjju-gosudarstvennogo-dejatelja-i-vydajuschegosja-537636-2022/
[2] https://zviazda.by/be/tags/aliaksandr-luka%C5%A1enka
[3] https://zviazda.by/be/tags/belarus
[4] https://zviazda.by/be/tags/kitay
[5] https://zviazda.by/be/tags/spachuvanni
[6] https://zviazda.by/be/tags/czyan-czemin