Сёлета спаўняецца 125 гадоў з дня нараджэння савецкага рэжысёра тэатра і кіно, мастака, сцэнарыста Сяргея Эйзенштэйна (1898—1948 гг.). «Рэжысёр-наватар» — такую характарыстыку ён атрымаў за свой «мантаж атракцыёнаў» (прыём, які прыдумаў, прымяніў і пасля абгрунтаваў у навуковым артыкуле) у пастаноўках на тэатральнай сцэне, а пасля стаў выкарыстоўваць і ў кінафільмах.
Яго кінастужка «Браняносец «Пацёмкін» у свой час стала сінонімам савецкага кіно 1920-х гадоў, а ў рамках Сусветнай выстаўкі ў Бруселі (1958 г.) кіназнаўцы прызналі яе «найлепшым фільмам усіх часоў і народаў». «Іван Грозны», «Аляксандр Неўскі» і іншыя работы рэжысёра па-свойму адметныя, маюць сваю аўдыторыю прыхільнікаў і ўласныя гісторыі з'яўлення. У эфіры сацыякультурнага ў нядзелю зможам пабачыць мастацкі фільм «Іван Грозны», які рэжысёр зняў у 1944 годзе. Вялікую трагічную гісторыю Эйзенштэйн ствараў у эвакуацыі ў Алма-Аце. Згадаць ці ўбачыць упершыню, што атрымалася, будзе магчымасць падчас кінасеанса.
А вось выпуск праграмы «Легенды кіно», прысвечаны асобе вялікага майстра, дазволіць гледачам скласці сваю мазаіку лёсу і творчага шляху вядомага кінамастака. Бо ў яго жыццёвай гісторыі было шмат перыпетый, выпрабаванняў і эпізодаў, без якіх, можа, і лёс Сяргея Міхайлавіча, і яго работы мелі б зусім іншыя фарбы.
Алена ДРАПКО
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/alena-drapko
[2] https://zviazda.by/be/kaleydaskop
[3] https://zviazda.by/be/teletydzen
[4] https://zviazda.by/be/tags/syargey-eyzenshteyn
[5] https://zviazda.by/be/tags/belarus-3-2
[6] https://zviazda.by/be/tags/kino