Маладосць і экспрэсія маюць такую сілу, што калі справа тычыцца творчасці, то і сталыя майстры не змогуць паўтарыць. Паэты на пачатку творчага шляху пішуць свае найлепшыя радкі часцей, чым у сталыя гады, танцоры выконваюць надзвычайныя партыі, а рэжысёры адкрываюць цэлыя кірункі ў тэатры ці кіно.
Сілай маладосці і запалам самых розных энергій было насычана новае тэатралізаванае абрадавае прадстаўленне «Вяселле», пастаўленае студэнтамі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў. Прэм’ерныя паказы адбыліся 25 і 26 студзеня на тэрыторыі Спартыўна-культурнага цэнтра ўніверсітэта.
Аўтары падкрэсліваюць: «Прадстаўленне — гэта рэжысёрская інтэрпрэтацыя традыцыйных абрадавых дзей беларусаў, прысвечаных адной з самых галоўных падзей у жыцці чалавека — шлюбу. Відовішча, якое вы пабачыце, з’яўляецца новым поглядам і пераасэнсаваннем моладдзю самых знакавых і адметных момантаў традыцыйнага беларускага вяселля».
Чым жа прываблівае маладых людзей ХХІ стагоддзя тэма традыцыйных абрадаў, якія, падавалася, ужо даўным-даўно сышлі ў нябыт? Вяселле, Купалле, Дзяды і іншыя. Адказ можа хавацца менавіта ў такіх пастаноўках, якія з’яўляюцца зваротам да перарванай традыцыі нашага краю.
Святы, мова, візуальная культура былі і застаюцца тым унікальным інструментам, які для любога народа служыць ключом да свету. Калі звярнуцца да навуковага абгрунтавання, то гэты аспект чалавечага жыцця яскрава тлумачыць гіпотэза Сепіра-Уорфа. Амерыканскія лінгвісты і даследчыкі кагнітыўных працэсаў паасобку прыйшлі да высновы, што мова і яе спецыфічнае выкарыстанне (дыялекты, розныя варыянты адной мовы ў мностве краін) непасрэдна ўплывае на светапогляд і іншыя разумовыя працэсы.
Таму натуральна, што сучасная моладзь цікавіцца велічнай і насычанай спадчынай беларускага народа. Маладыя людзі на стыку эпох, у часы моцных духоўных посткаранавірусных змен спрабуюць спрычыніцца да той асновы, на якой будавалася іх культура і нацыя. Стаць цвёрда на ногі.
Для беларусаў заўсёды характэрна было паважлівае і трапяткое стаўленне да фальклору і народных традыцый. Фестывалі традыцыйнай культуры нязменна працягваюць збіраць мноства неабыякавых беларусаў. Сучасныя рэміксы і перапрацоўкі народных спеваў, так званы неафолк, з’яўляюцца папулярным музычным кірункам у выканаўцаў. Вяртаюцца маладыя беларусы і да менавіта нацыянальных упрыгажэнняў і адзення.
Такім чынам, абрадавае прадстаўленне ад студэнтаў БДУКМ з’яўляецца натуральным і, больш за тое, неабходным этапам на шляху пошуку моладдзю сябе і месца свайго народа ў сусветнай парадыгме.
Тэатралізаваная пастаноўка была рэалізавана з самых розных мастацкіх бакоў: танцы, спевы, візуальныя элементы (святло, адзенне, сцэнаграфія). Удзельнікаў непасрэдна сцэнічнай дзеі — больш за 40 чалавек.
Разам са студэнтамі кафедр рэжысуры і харэаграфіі да стварэння свежай інтэрпрэтацыі традыцыйных шлюбных абрадаў далучыліся і выкладчыкі, мастацкія кіраўнікі Дзмітрый Сергейчук, Міхаіл Мотуз і Ірына Канавальчык.
На сцэне можна было пабачыць ансамбль «Беларуская песня» (мастацкі кіраўнік Ірына Грамовіч) і шоу-балет «DeliANCE» (мастацкі кіраўнік Ганна Швабовіч).
У праграме больш за 17 дзей, якія адпавядаюць пэўным этапам, звязаным з вяселлем: эпізоды да свята, падчас і пасля. Кожная з умоўных частак мае сваё адмысловае мастацкае рашэнне, спалучае ў сабе адразу некалькі вышэйабазначаных мастацкіх напрамкаў, якія адлюстраваны на звычайным беларускім свяце.
Як і для мноства еўрапейскіх народаў, для беларусаў вяселле — сапраўдны сакрамэнт, які з’яўляецца строгім і адназначным варыянтам пераходу і ініцыяцыі. Маладыя змяняюць свой статус, як сапраўдныя хрысціяне разам трымаюць адказ перад Богам. За стагоддзі ў беларускай культуры назапасіўся цэлы пласт традыцый, звычаяў і абрадаў.
Паколькі людзі даўней былі вельмі набожныя і разумелі важнасць стварэння новай сям’і, то і падыход да ўрачыстасці адпаведны. Кожны крок і кожная дэталь вяселля прадыктаваны традыцыяй, павінны супадаць з уяўленнем аб дагматычным. Тычылася гэта літаральна ўсяго: адзення маладых, колькасці гасцей, страў на святочным стале, падарункаў і мноства іншых дэталей.
Усё шчодрае багацце спеваў, жартаў, танцаў і гульняў, якімі суправаджаўся вясельны абрад, дэманструецца гледачам пастаноўкі. Аднак не ў «нафталінавым» варыянце этнографаў, распрацаваным яшчэ на пачатку мінулага стагоддзя, які час ад часу можна сустрэць дагэтуль. Моладзь падышла да справы сапраўды крэатыўна.
Неабходна адзначыць вобразнасць і відовішчнасць «Вяселля». Аўтары адназначна сур’ёзна паставіліся да рэканструкцыі пэўных вобразаў, якія могуць аказацца даспадобы гледачам. У сцэнах «Мужыцкая праца ў полі», калі выконвалася беларуская народная песня «Ехаў бацька па лучыну», і «Застолле», госці якога спявалі «Чарачка мая», звяртаюцца да казачных матываў.
Напаўказачнасць і бяскрыўдная карыкатурнасць дадаюць асаблівага шарму пастаноўцы. Стваральнікі бессаромна згадваюць вобразы, знаёмыя мноству людзей. У сцэне «Застолле», пакуль госці падымаюць чаркі і зычаць доўгіх гадоў і здаровых дзетак, жаніх і нявеста знямела стаяць у цэнтры сцэны. На тварах — непарушная засяроджанасць, разуменне адказнасці моманту і пэўны страх. Такімі менавіта і ствараліся вясельныя партрэты беларусаў у мінулым стагоддзі. Не ў адной сям’і да гэтага часу такія старыя фотаздымкі (часткова дафарбаваныя) усё яшчэ вісяць у бабулінай хаце на пачэсным месцы.
На працягу ўсёй тэатралізаванай дзеі аўтары вынаходзяць новыя, сучасныя сродкі аповеду пра добра вядомыя падзеі. Прызнацца, справа надзвычай складаная. Толькі вытанчаны густ дапаможа ўтрымаць баланс — не скапіраваць папярэднікаў, аднак і ў спробе эксперыментаваць не пераўтварыць падзеі ў фарс.
Шырокімі мазкамі акцёры ствараюць сваю карціну. Сцэна «Вясельны цягнік» уяўляе сабой пластычную замалёўку таго, як малады са сваёй дружынай выпраўляўся ў дарогу па маладую. На сцэне разгортваецца неаднаразова бачаная дзея з класічнымі скокамі і карагодамі.
Ужо наступная сцэна «Выкуп» канфліктуе з папярэдняй. Тут апавядаецца аб размове бацькоў нявесты і жаніха пра тое, што апошнія прывезлі і аддаюць, каб забраць чужую дачку ў свой дом. Ды пасля таго, як нарэшце будучыя сваты паразумеліся, сямейныя пары разам з гасцямі зноў вяртаюцца да танца. Толькі гэтым разам пад старадаўнія мелодыі выконваюцца сучасныя танцы, якія маладым людзям, безумоўна, бліжэй.
Стварэнне падобнага дысанансу падкрэслівае эмацыянальнасць і складанасць падзеі. У, падаецца, вясёлай і гарэзлівай сцэне «Застолле», пакуль гучаць тосты і смех гасцей, знаходзіцца месца і для плачу нявесты. Не спыняецца вясёлая гучная музыка і падчас прамовы спалоханай дзяўчыны, якая баіцца будучыні, што палохае яе.
З вялікай павагай і асцярожнасцю абыходзяцца маладыя людзі з няпростымі і інтымнымі тэмамі. Прыкладам, у сцэне пад назвай «Таямніца вянчання» аўтары адмаўляюцца ад выкарыстання прамых сімвалаў веры. Хрысціянскія крыжы пераўтвараюцца ў белыя палотны, на фоне якіх сужэнцы даюць клятвы адно аднаму і Богу.
Сцэна «Шлюбная ноч» таксама атрымала новае, свежае рашэнне. Мастацка-творчае асэнсаванне атрымалася вельмі чыстым і шчырым. У руках маладых людзей — яблык — сімвал спакусы ў хрысціянскай культуры. Зразумелы элемент, які не патрабуе дадатковых тлумачэнняў.
Нельга не адзначыць і надзвычайную натуральнасць рэквізіту. Ад асыпання гасцей-гледачоў сапраўдным зернем, што выклікала бурную рэакцыю публікі, да жывой курыцы, якую маладзёнам падарылі госці ў апошняй сцэне «Адорванне маладых».
Можна смела сказаць, што маладосць і жывасць не дазволілі засумаваць падчас прагляду, схавалі ўсе недахопы, якія маглі б сапсаваць уражанне, ды дазволілі публіцы эмацыянальна далучыцца да падзей на сцэне, дапамагаючы знайсці той самы ключ да свету, які, безумоўна, мелі нашы продкі.
Яна ЦЭГЛА
Фота Паўла СУШЧОНКА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/yana-cegla
[2] https://zviazda.by/be/kultura
[3] https://zviazda.by/be/teatr
[4] https://zviazda.by/be/tags/bdukim
[5] https://zviazda.by/be/tags/tradycyi
[6] https://zviazda.by/be/tags/falklor