Пасля мадэрнізацыі ў Брагіне адкрылася цэнтральная раённая паліклініка. Гэта стала магчымым дзякуючы Дзяржаўнай палітыцы ў галіне абароны насельніцтва, якое пацярпела ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС. На мадэрнізацыю, што пачалася ў 2011 годзе, з Гомельскага абласнога бюджэту было выдаткавана 6 млрд рублёў.
Цяпер пацыенты ў адным будынку могуць атрымаць не толькі медыцынскую, але і сацыяльную дапамогу — тут размешчаны і тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Хворым не прыйдзецца шукаць аптэку: набыць лекавыя сродкі можна на месцы. Дарэчы, паліклініка прыстасавана для людзей з абмежаванымі магчымасцямі — зроблены элементы безбар'ернага асяроддзя. Каб вяскоўцам, якія звяртаюцца да раённых урачоў па дапамогу, было больш зручна трапіць на прыём, расклад працы спецыялістаў адаптаваны да раскладу транспарту.
У межах мадэрнізацыі ў паліклініцы пачала дзейнічаць лакальная сетка паміж паліклінічнымі аддзяленнямі і стацыянарам. У рэгістратуры ўведзена электронная картатэка, а замовіць талон на прыём можна не толькі па тэлефоне, але і праз інтэрнэт, ёсць сістэма відэаназірання і аўдыязапісу. Акрамя таго, уведзена міні-АТС, што дазваляе кансультаваць асобных пацыентаў па тэлефоне. Аддзяленне стаматалогіі цалкам змяніла абсталяванне на новае, сучаснае. Усе кабінеты прыёму прыстасаваны як для пацыентаў, так і для супрацоўнікаў паліклінікі. Прадугледжаны спецыяльныя пакоі для работы памочнікаў урачоў.
Галоўны ўрач Брагінскай цэнтральнай раённай бальніцы Ігар Кірэня
расказаў, што на працягу апошніх пяці гадоў у Брагіне адзначаецца натуральны прырост насельніцтва. Узровень нараджальнасці перавышае агульнарэспубліканскі і абласны і складае 14,5 на 1000 жыхароў.
Ірына АСТАШКЕВІЧ.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/iryna-astashkevich
[2] https://zviazda.by/be/zdaroue
[3] https://zviazda.by/be/zdaroue-0
[4] https://zviazda.by/be/tags/bragin
[5] https://zviazda.by/be/tags/charnobylskaya-aes
[6] https://zviazda.by/be/tags/igar-kirenya