У раённым цэнтры адкрылася выстава "Музыка габелену". Работы мінскай мастачкі Марыі Барысенкі размешчаны ў дзвюх залах раённага музея імя Бялыніцкага-Бірулі.
Габелены Марыі Барысенкі — гэта не проста цікавыя ідэі і сюжэты, але таксама спалучэнне незвычайных тэхнік, калі ў палатно ўплятаюцца самыя розныя матэрыялы (напрыклад, кавалкі жалеза) і нават музычныя інструменты. Мяркуецца, што асаблівай увагай наведнікаў бялыніцкай выставы будзе карыстацца трыпціх "Жоўтая падводная лодка" з арыгінальнай падсветкай. Сама Марыя, дарэчы, расказвала, што працуе над сваімі творамі пад "Бітлз",
і ўпэўнена, што іх музыка ўвогуле змяніла свет.
Мастачка пакажа ў Бялынічах 15 работ. Білет на выставу каштуе сімвалічных грошай. Ідэя выставы належыць лідару бялыніцкага гурта Whіtе Nіght Bluеs Юрыю Несцярэнку. Гэты музычны калектыў і запрошаныя госці з групы "Балцкі субстрат" забяспечылі жывую музыку на адкрыцці выставы.
Увогуле такая выстава нетрадыцыйная для рэгіёна, бо публіцы на Магілёўшчыне звычайна прадстаўляюць акадэмічныя мастацкія плыні. Тым больш што выстава праходзіць у музеі, які носіць імя Вітольда Бялыніцкага-Бірулі. Славуты мастак, які нарадзіўся на Бялыніччыне ў 1872 годзе, пісаў няяркія, вытанчаныя і вельмі класічныя пейзажы.
— Усяму свой час, — пракаментаваў Юрый Несцярэнка. — Мне здаецца, што Бялыніцкі-Біруля быў для свайго часу прагрэсіўным чалавекам, і ён бы абавязкова зразумеў сучасныя новыя творчыя ідэі, якія не абавязкова павінны быць у звыклым рэчышчы.
На закрыцці выставы, напрыканцы жніўня, музыканты абяцаюць яшчэ адзін "жывы" канцэрт для бялыніцкіх аматараў джаза, блюза і "Бітлз".
Ілона Іванова
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/muzyka
[2] https://zviazda.by/be/kultura-0
[3] https://zviazda.by/be/tags/kultura
[4] https://zviazda.by/be/tags/magilyoushchyna
[5] https://zviazda.by/be/tags/ilona-ivanova
[6] https://zviazda.by/be/tags/bitlz
[7] https://zviazda.by/be/tags/vystava-muzyka-gabelenu
[8] https://zviazda.by/be/tags/maryya-barysenka
[9] https://zviazda.by/be/tags/muzey-imya-byalynickaga-biruli
[10] https://zviazda.by/be/tags/byalynichy
[11] https://zviazda.by/be/tags/lidar-byalynickaga-gurta-white-night-blues-yury-nescyarenka
[12] https://zviazda.by/be/tags/grupa-balcki-substrat